Верагоднасць з’яўлення “адзінага” меншая за верагоднасць існавання жыцця на Марсе

Самыя апошнія надзеі на тое, што падчас сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў у дзейнага кіраўніка дзяржавы з’явіцца прыстойны апанент з лагеру апанентаў улады, падаецца, сыходзяць у нябыт. Яшчэ не было рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты, а ў апазіцыі назіраецца яшчэ большы раздрай: ад сумеснай дзейнасці з іншымі так бы мовіць дэмакратычнымі прэтэндэнтамі на галоўную пасаду ў краіне адмовілася Партыя БНФ. 

Самыя апошнія надзеі на тое, што падчас сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў у дзейнага кіраўніка дзяржавы з’явіцца прыстойны апанент з лагеру апанентаў улады, падаецца, сыходзяць у нябыт. Яшчэ не было рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты, а ў апазіцыі назіраецца яшчэ большы раздрай: ад сумеснай дзейнасці з іншымі так бы мовіць дэмакратычнымі прэтэндэнтамі на галоўную пасаду ў краіне адмовілася Партыя БНФ. 

Прэтэндэнт на прэзідэнта ад Партыі БНФ Рыгор Костусеў не пажадаў браць удзел у панядзелкавай “тусоўцы па вызначэнню далейшых сумесных дзеянняў падчас прэзідэнцкай гонкі з іншымі патэнцыйнымі кандыдатамі. Як праігнаравалі яе і Алесь Міхалевіч ды Андрэй Саннікаў.

“Ад самага пачатку гэтага выбарчага цыкла мы абралі курс, у галаву якога пастаўлена абарона нацыянальных інтарэсаў. Задача-максімум для нас на гэтых выбарах – перамога Кастусёва, задача-мінімум – захаванне незалежнасці Беларусі – эканамічнай і палітычнай. А для вырашэння гэтых задач нам стратэгічна пакуль што не па шляху ні з кім іншым з кандыдатаў, – адзначае старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. – Мы, безумоўна, будзем удзельнічаць у каардынацыі назірання, у прапановах па змяненню ўмоў правядзення выбараў, гэта значыць, у тых абсалютна відавочных рэчах, якія маюць каштоўнасць для ўсіх апазіцыйных кандыдатаў… Але, што тычыцца больш важных, стратэгічных момантаў, то, хаця мы і разглядаем і прадумваем розныя магчымасці, варыянты, хто б мог стаць нашым стратэгічным партнёрам, але пакуль такіх сіл мы не бачым.  

Вось так. Яшчэ некалькі тыдняў таму тыя ж Рыгор Костусеў, Аляксей Янукевіч, Алесь Міхалевіч у прысутнасці лідэра Руху “За свабоду Аляксандра Мілінкевіча ў офісе апошняга перад журналістамі казалі акурат пра тое, што будуць партнёрамі падчас выбарчай кампаніі. Зараз, відаць, сітуацыя зноў змянілася.

Пра тое, што варыянт з адзіным кандыдатам у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года будзе малаверагодны, ужо даўно казалі практычна ўсе незалежныя эксперты, але надзея на здаровы сэнс беларускіх апазіцыйных палітыкаў усё ж заставалася. Цяпер, калі да галоўнай палітычнай падзеі пяцігодкі – да дня галасавання – засталося менш за паўтара месяца, яснасці ў гэтым пытанні не тое што не пабольшала, але становішча яшчэ больш заблыталася і ўскладнілася.

Улады, калі параўнаць сёлетнюю выбарчую гонку з усімі мінулымі выбарамі, што былі ў Беларусі пасля 1994 года, стварылі вялікія палёгкі падчас кампаніі па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты, чым і паспяшалі скарыстацца больш за паўтара дзесятка прагных да ўлады нашых суайчыннікаў. Адныя ўжо выпалі з выбарчае гонкі, але большасць працягвае ў ёй удзельнічаць. Яшчэ некаторыя прэтэндэнты “адваляцца з дапамогай Цэнтральнай камісіі па выбарам і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў пасля рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты, але ж хоць чалавек пяць застануцца.

Але і тут, калі ў “фінал выйдуць нават два-тры кандыдаты з кагорты апанентаў Аляксандра Лукашэнкі, амаль ніякіх шансаў, што яны змогуць аб’яднаць высілкі і вызначыцца з адзіным, пакуль не прадбачыцца, і, верагодна, так яно і застанецца. І гэта будзе азначаць, што беларуская апазіцыя яшчэ не дарасла да таго, каб прэтэндаваць на прэзідэнцкую пасаду, і не толькі дзейная ўлада ў гэтым вінаватая, хоць і яна ў вельмі і вельмі вялікай ступені таксама.   
 

Каментаваць