Вільня. Воля. Вольскі

Афігенна! Гэта слова, якое шматкроць гучала ў мінулую суботу ўвечары ў віленскай “Тэатр-Арэне” і каля яе падчас і пасля трохгадзіннага канцэрта легенды беларускага року Лявона Вольскага. Дзякуючы арганізатарам і амбасадзе Літвы, якая ўжо якім разам пагадзілася выдаваць бясплатныя візы для беларусаў, што едуць глядзець на сваіх землякоў у гэтую краіну, доўгачаканую імпрэзу здолелі наведаць сотні і сотні нашых суайчыннікаў, учыніўшы сапраўдны аншлаг.

Да “Тэатр-Арэны” дабіраўся хто як: нехта на ўласным аўтамабілі, хтосьці на рэйсавых аўтобусах альбо цягніках, некаторыя арганізаваныя групы падрульвалі на шматмесных аўталайнерах наўпрост да ўваходу ў канцэртную залу. У холе ўжо ішоў шпаркі гандаль — беларускія майкі з прынт-аплікацыяй вышыванкі разляталіся нібы гарачыя піражкі, хоць былі і не танныя. Як і бясплатныя стужачкі з нацыянальным беларускім арнаментам. Як і дыскі беларускіх музыкаў, беларускія сувеніры, кніжкі і шмат чаго яшчэ.

Дарэчы, на тэрыторыі арэны можна было і перакусіць, і “сагрэцца”, хоць і асаблівай патрэбы ў гэтым не адчувалася. Тут можна было сустрэць сяброў і знаёмцаў, якіх не бачыў многімі гадамі, шмат калег-журналістаў, вядомых музыкаў, проста прыяцеляў, якім падабаецца тое, што ўжо некалькі дзесяцігоддзяў робіць Лявон.

Канцэрт складаўся з двух аддзяленняў. У першым, зусім непрацяглым,  Вольскі прадставіў свой новы альбом “Грамадазнаўства”.  Дакладней, некалькі кампазіцый з яго. А пасля антракту, як той казаў, “панеслася”.

Нейкі маладзён яшчэ да пачатку канцэрта енчыў перад сваёй другой паловай: “Божухна, я не перажыву, калі Лявон не спяе “Лёгкія-лёгкія”. Я выпадкова ўбачыў таго маладзёна і ягоную спадарожніцу ў момант, калі праз пэўны час Вольскі пачаў выконваць гэтую хітовую кампазіцыю. На хвілю падалося, што гэта самыя шчаслівыя людзі на зямлі.

Парадаваў Лявон і тых, хто быў і ёсць фанатам “Мроі” — першага гучнага калектыву, лідарам якога стаў гэты таленавіты кампазітар, паэт, мастак і цудоўны вакаліст. Адна толькі “28-я зорка” чаго вартая! А былі ж яшчэ і хіты НРМ, Zet. І гэта ўсе ў электрычным варыянце, сапраўдны гучны рок!  А яшчэ Лявон праспяваў адну з кампазіцый украінскага “Акіяна Эльзы”, што выклікала буру эмоцыяў у прысутных.

Бел-чырвона-белыя і жоўта-блакітныя сцягі, бел-чырвона-белыя светлавыя промні са сцэны, выява велізарнага гістарычнага сцяга за спінамі музыкаў, якая перыядычна з’яўлялася на вялікім экране.

Карацей, сапраўднае беларускае свята жыцця прайшло ў старажытнай літоўскай сталіцы. Так хочацца, каб такія беларускія святы праходзілі на нашай Радзіме, каб дзеля таго, каб паглядзець і паслухаць сваіх куміраў не трэба было адмыслова скіроўвацца туды, дзе ёсць сапраўдная свабода і дзе няма тых, хто складае нейкія “чорныя спісы” ці ўводзіць цэнзуру. І выканаўцы такога класа, як Лявон Вольскі, будуць і ў нас збіраць арэны. Чамусьці пасля выбітнага канцэрта Лявона ў гэта вельмі верыцца.

P.S.: І хто паверыць, што ў наступным годзе Лявону Вольскаму “стукне” палціннік?

Каментаваць