ВлаПучатай адкрыла “личико”

Апошнімі днямі расійскі правадыр усё часцей дэманструе свой сапраўдны твар. Днямі на Селігеры, дзе ён сустракаўся са сваім югендам, ляпнуў, што Казахстан ніколі не меў сваёй дзржаўнасці і не быў самастойнаю краінаю. На што Нурсултан Назарбаеў адказаў пагрозаю выйсці з яшчэ не зусім створанага Еўразійскага эканамічнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі — галоўнага геапалітычнага праекта Пуціна апошніх гадоў. А 31-га жніўня Пуцін заклікаў пачаць перамовы аб дзяржаўнасці паўднёвага ўсходу Украіны. Пра гэта ўладар Крамля заявіў у інтэрв'ю праграме “Воскресное время” на “Первом канале”.

Па словах Пуціна, “трэба неадкладна прыступіць да субстантыўных, змястоўных перамоваў, і не па тэхнічных пытаннях, а па пытаннях палітычнай арганізацыі грамадства і дзяржаўнасці на паўднёвым усходзе Украіны з мэтаю безумоўнага забеспячэння законных інтарэсаў людзей, якія там пражываюць”. Апроч таго, ён заявіў, што “на паўднёвым усходзе Украіны трэба спыніць баявыя дзеянні неадкладна і пачаць аднаўляць інфраструктуру”. І дадаў: “Калі хтосьці разлічвае, што сітуацыя, пры якой прамой наводкай будуць расстрэльваць гарады і пасёлкі Паўднёвага Усхода Украіны, і што самі апалчэнцы на гэта ніяк не будуць рэагаваць, а толькі будуць чакаць абяцаных перамоваў, то гэтыя людзі знаходзяцца ў палоне нейкіх ілюзіяў”.

Такім чынам, расійскі правадыр даў зразумець, што ўсе перамовы і сустрэчы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне (маюцца на ўвазе мінскія мерапрыемствы з удзелам найвышэйшых асобаў Мытнага саюза, Украіны і Еўрасаюза) былі для яго проста тусоўкаю дзеля захавання твару і з мэтаю прыніжэння астатніх удзельнікаў. Пуцін ужо і не спрабуе вельмі хаваць той факт, што на тэрыторыі Украіны ваююць расійскія жаўнеры, хоць і адмаўляе гэта, праўда, неяк кульгава.

Заява пра набходнасць дзяржаўнасці Паўднёвага Усходу Украіны ёсць адлюстраваннем сапраўднае мэты крамлёўскага кіраўніцтва: дэстабілізаваць частку Украіны, потым адарваць, як гэта было зроблена з Крымам, і, як след, зрабіць яе сваім пратэктаратам. Тут зусім і не ёсць неабходнасцю наўпроставае далучэнне гэтай тэрыторыі да Расійскай Федэрацыі. Галоўнае — мець лаяльнае і адданае “падбрушша” на поўдні.

Вось толькі ці не падавіцца Крэмль такой сваёй геапалітыкай? Нягледзячы на ўсе непаразуменні ўнутры Еўрапейскага Саюза, на заявы асобных краінаў пра нежаданне новых санкцыяў у дачыненні Масквы (як заяўляюць тыя ж Славакія, Грэцыя ці Вугоршчына), усё большая колькасць еўрапейскіх дзяржаваў пачынае  зарумець небяспеку таго, што робіць Расія. Падаецца, што да канчатковага разумення гэтага факту далучаецца і Германія, канцлер якой Ангела Меркель да апошняга мела спадзеў абразуміць Пуціна. Аказалася, што справа гэта няўдзячная, а расійская хвароба — не вылечная амбулаторна.  

Сваімі паводзінамі Пуцін стаў на вельмі небяспечны шлях. Нерваваць амаль увесь свет, ствараць новы парадк і перакройваць межы ў Еўропе — гэта маветон ХХІ стагоддзя. Але не толькі гэта. Пуцін, хоча ён таго ці не, ужо пачаў разбураць нават Еўразійскі эканамічны саюз, які павінен запусціцца з 1-га студзеня 2015 года. Нурсултан Абішэвіч ужо заявіў, што галоўнае для Казахстана — захаванне незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці. Таму калі небяспека ўзнікне, Казахстан выйдзе з ЕАЭС. Амаль тое ж самае раней заяўляў і Аляксандр Рыгоравіч.

Дык навошта абодвум дзеля нейкай сумнеўнай эканамічнай выгоды рызыкаваць суверэнітэтам сваіх краінаў і сваёй уласнай уладай? Падаецца, што і згаданыя аўтарытарныя дзеячы задаюцца аналагічным пытаннем. Бо нават недасведчанаму абывацелю, відаць,  ужо ясна, што звязвацца з нашчадкамі Візантыі ў сённяшніх умовах сабе даражэй. Бо ў ХХІ-е стагоддзе Расія так і не ўступіла, застаўшыся ў кагорце краінаў-агрэсараў “без цара ў галаве”.

Каментаваць