Восень ва ўсім

У пятніцу, 30 жніўня, першае, што кідалася ў вочы, — гэта дзеткі, якія шпацыруюць у бок школак у новенькіх формах, з заплечнікамі, з кветкамі ў руках. Школьныя лінейкі — сімвал пачатку новага навучальнага году. І сімвал надыходзячай восені. У беларускіх варунках — восені ва ўсіх сэнсах.

Сяджу за кампом. Вакно прыадчыненае. Раптам на ўсю вуліцу пачынае раўсці расійская, прынамсі, рускамоўная папса. Думаў, нейкі чарговы фрык на шыкоўным аўто з адкрытымі вокнамі аздабляе наваколле сваім улюбёным «асабліва інтэлектуальным» рэпертуарам. Часта такое бывае, нічога дзіўнага, але раздражняе. 

Потым раптоўна музыка перарываецца, і пачынае гучаць «мікрафонны» голас. Разумею, што гэта не з выпяндрожнага аўто даносяцца гэтыя гукі. Пачынаю прыслухоўвацца. І праз колькі хвілінаў з нейкім дзіўным пачуццём разумею: гэта не абдалбашаны бандзюган на іншамарцы. Гэта… сярэдняя агульнаадукацыйная школа, якая знаходзіцца ў нейкіх дзвюх сотнях метраў ад майго прыстанішча, а дакладней, урачыстасці, прысвечаныя новаму навучальнаму году. 

Кінуў усё і слухаю. Бо працаваць немагчыма нават пры зачыненых вокнах: усё, што адбываецца на падворку навучальнай установы, чутно, відаць, за кіламетр. Пастараліся гаранты «элегантных перамогаў» на выбарах, якімі, па сутнасці і па факце ёсць дырэктары школаў ды настаўнікі! Не ўсе, канешне, але большасць з іх. І няхай хтосьці абвергне гэтае сцвярджэнне. Ну, не пра гэта гаворка. 
 
 
Адчуванне, што на вуліцы — год так 1982–1983, калі я сам ячшэ быў школьнікам. І калі мне таксама даводзілася праходзіць праз усе гэтыя «першавераснёўскія» фармальнасці. Думаеце, калі на вуліцы ХХІ стагоддзе, калі вы жывеце ў фармальна незалежнай Рэспубліцы Беларусь, гэта пра штосьці гаворыць? Не!!!
Ніводнага слова па-беларуску. Стаяць першакласнікі, іншакласнікі, а нейкія цёткі «таўкаюць прамовы» на мове суседняй (на ўсходзе) краіны настолькі пафасныя, што зрабілася ўражанне, нібыта адбываецца чарговы так званы «Усебеларускі народны сход». Калі б не словы «дорогие ученики и их родители», то так бы яно і было ўспрынята, прынамсі, мною. 
 
 
Потым яшчэ лепш. Чыноўніцка-бабскі, пардон, голас абвяшчае: «Право внести государственный флаг Республікі Беларусь предоставляется лучшей… (вось, каму «лушчей» — не разабраў, бо нешта там не заартачылася з гукаўзмацняльнай тэхнікай). Але праз колькі секундаў зайграў… вайсковы марш, які звычайна гучыць, калі праводзяцца парады з удзелам Пуціна на Краснай плошчы ў Маскве. А потым дурным голасам з калонак зараўла на ўвесь раён расійская Глюк’Оза ды іншыя аналагічныя «зоркі» — проста шык для выхавання мастацкага густу беларускіх першаклашак! 
 
 
Адразу згадалася кампазіцыя беларускага гурта «Крыві» з такімі словамі: «Ой, вір, вір-чувір, чувір навір — вір-вір-вір, ой ты, чуда — первачуда, чуда Родзіна мая».
 
 
Гэты сцёб нашых музыкаў (дарэчы, песня фальклорная) у сённяшніх варунках ужо не падаецца сцёбам. Усё адбыванае навеяла сумоту, якую навявае для многіх надыход восені. Восені ў душы. Восені ў палітыцы, калі сезоннае абвастрэнне ў некаторых пачалося раней за біялагічны тэрмін. Восені краіны, якая забылася на свае традыцыі і мову, культуру і гісторыю. Восені ўладнага «патрыярха», якому застаўся год да законнай пенсіі. Адчуванне восені — ва ўсім. 
 
 
А так хочацца зноў вясны, сапраўднай вясны ў шырокім сэнсе слова! Якой сёлета нават у прыродзе не было. А ці будзе? Хоць калісьці? 

Каментаваць