Высокапастаўлены летуценнік

Не перастае здзіўляць сваім неверагодным аптымізмам Пётр Пятровіч Пракаповіч — былы кіраўнік Нацыянальнага банку Беларусі, а цяпер віцэ-прем’ер, які з падачы галоўнага тутэйшага чыноўніка з’яўляецца “сматрашчым” ва ўрадзе і адначасова кіраўніком чатырнаццаці розных камісіяў, камітэтаў, рабочых груп і гэтак далей. Калі гэтая высокая службовая асоба з мілай усмешкаю адпускае чарговы вербальны перл, то не ведаеш, сур’ёзна ён гэта кажа ці здзекуецца.

Вось і падчас апошняй прэс-канферэнцыі ў пятніцу герой Беларусі нагаварыў “сорак бочак арыштантаў”, наабяцаўшы ледзьве не залатыя горы тутэйшаму электарату і прадказаўшы багата пазітыву ў рэалізацыі “ўнікальнай беларускай мадэлі”.

Сказана Пракаповічам было шмат, таму засяродзімся толькі на некаторых момантах. Па-першае, былы галоўны банкір заявіў, што інфляцыя ў 2013 годзе не перавысіць 12 працэнтаў. Маўляў, скачок інфляцыі на пачатку году быў звязаны з ростам камунальных плацяжоў, коштаў на некаторыя тавары і гэтак далей. Па словах спадара Пракаповіча, больш урад не прадугледжвае істотнага павышэння расцэнак на паслугі жыллёва-камунальнае гаспадаркі, таму, бач ты, і падстаў для росту інфляцыі няма. Да таго ж, аказваецца, мяса з малаком за першыя месяцы падаражала меней, чым гэта планаваў урад. Пытанне: з чым звязаны аптымізм аратара? Не ведаю. Таму што, як вядома, нават ад афіцыйнага Белстату, толькі за першыя два месяцы рост коштаў у Беларусі перавысіў 4 працэнты.

Ідзем далей. Вядома, што Пётр Пятровіч адказвае ва ўрадзе, зноў-такі з падачы галоўнага чыноўніка, за мадэрнізацыю прадпрыемстваў. У гэтай мадэрнізацыі, прычым, не толькі заводаў ды фабрык, але ўсёй Беларусі, “сматрашчы” віцэ-прэм’ер бачыць шмат пазітыўнага на ўжо вельмі недалёкую перспектыву. “Менавіта комплексная мадэрнізацыя краіны дазволіць нам вырашыць тыя задачы, якія прадугледжаны праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця на гэтую пяцігодку”, — заявіў Пракаповіч і дадаў, што для насельніцтва рэалізацыя мадэрнізацыйных планаў будзе азначаць выхад на “сярэднееўрапейскі ўзровень жыцця з сярэднім заробкам у тысячу долараў у 2015 годзе”. (Дарэчы, хто ведае, якім будзе гэты так званы “сарэднееўрапейскі ўзровень жыцця” ў 2015 годзе? Да таго ж, тысяча долараў праз два гады, па аб’ектыўных прычынах, будзе зусім не той тысячай долараў, якая ёсць сёння).

Ягонымі б вуснамі ды мядок сёрбаць!  Мяркую, усе памятаюць, як у 2011 годзе гэты чыноўнік з той жа сарданічнай усмешкай заяўляў, што пакуль ён застаецца на чале Нацыянальнага банку, ніякай разавай буйной дэвальвацыі нацыянальнай валюты не будзе. Праз кароткі час беларускі рубель абрынуўся ў тры разы, дэвальвацыя зжэрла накапленні большасці працоўнага люду, які, адпаведна, адразу збяднеў таксама ў тры разы. Галава Нацбанку апынуўся на бальнічным ложку, потым быў адстаўлены. Але нядоўга знаходзіўся Пётр Пятровіч незапатрабаваным, даволі хутка кіраўнік дзяржавы паклікаў яго сабе ў памочнікі. А потым зрабіў віцэ-прэм’ерам, прычым “сматрашчым” (брррр, слова ж якое!). Не магу зразумець, чым гэты пенсіянер так апантаў першую асобу дзяржавы?

Але вернемся да мадэрнізацыі. Па словах Пятра Пракаповіча, другая задача, якую вырашыць мадэрнізацыя, — гэта выхад на ўстойлівае станоўчае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі. І трэцяя задача — стварэнне базы для развіцця на 2016–2020 гады, што дазволіць Беларусі “ўвайсці ў сусветную эліту па ўзроўні развіцця чалавечага патэнцыялу”. “Пры здавальняючай працы рэальна ўвайсці ў сорак перадавых краінаў, пры добрай працы — у трыццатку”, — заявіў усмешлівы віцэ-прэм’ер.

Можна прыгадаць, што галоўны патрон Пракаповіча пад мадэрнізацыяй мае на ўвазе рамонт сцен існуючых прадпрыемстваў і набыццё новых станкоў ды абсталявання. І не болей за тое. А тое, што сапраўдная мадэрнізацыя ў сучасных варунках вымагае, перш за ўсё, кардынальную змену эканамічнай мадэлі, лібералізацыю, прыватызацыю, свабоду коштаўтварэння і гэтак далей, нават не ўкладваецца ў мазгі беларускай вярхоўкі, у тым ліку, відаць, і ў галаву Пракаповіча. Таму і выглядае гэтая высокая дзяржаўная асоба як хлопчык-летуценнік. З вечнаю ўсмешкаю на твары.

А вось ягонаму, ужо згаданаму патрону, відаць, не да смеху. Не проста ж так афіцыйны беларускі кіраўнік ніяк не вернецца на радзіму з далёкага паўночна-ўсходняга турнэ, галоўным сэнсам якога, і гэта ніякі не сакрэт, ёсць пошук грошай. Відаць, не проста ж так замест Мінску пасля Сінгапура першая асоба нашай краіны дала цягу ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Я не думаю, што кіраўнік Беларусі з малодшым сынам проста вырашылі там перачакаць айчынныя маразы, каб “прафілоніць” непазбежна-паказальны ўдзел у прыборцы сумётаў, у якой у суботу, па афіцыйных звестках, узялі ўдзел больш за 24 тысячы свядомых грамадзян. Хаця звяртае на сябе ўвагу такая цікавая акалічнасць: прэс-служба Лукашэнкі не ўдакладняе склад дэлегацыі, якая прызямлілася ў Дубаі. Так што не да канца зразумела, што насамрэч гэта было і ёсць. А Пётр Пятровіч, відаць, працягвае ўсміхацца.

Каментаваць