З юбілеем, «Маладзёжка»!

Пяцьдзясят год споўнілася 2 лютага легендарнай радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная». З гэтай, бадай, самай цікавай і неардынарнай рэдакцыі дзяржаўнага радыё выйшла некалькі пакаленняў выбітных журналістаў, многія з якіх і сёння працуюць у лепшых выданнях, як у беларускіх, гэтак і замежных. Амаль дваццаць гадоў таму, напярэдадні першых прэзідэнцкіх выбараў, тагачасныя ўлады, якія складаліся пераважна з прадстаўнікоў былой камуністычнай наменклатуры, пайшлі нават на рэарганізацыю Белтэлерадыё, каб знішчыць «свавольную і разбэшчаную дэмакратыяй» маладзёжную рэдакцыю. І ў іх гэта атрымалася, хоць дух «Маладзёжкі» жыве і сёння, у наш даволі няпросты для журналістаў і ўсяго грамадства час. 

Аўтар гэтых радкоў меў шчасце і гонар працаваць на «БМ» у апошнія гады яе існавання. Ніколі не забуду, як тагачасная кіраўніца «Беларускай маладзёжнай» Жанна Літвіна і яе намесніца Таццяна Мельнічук прывялі мяне па пачатку восені 1992 году ў пакой № 55 на другім паверсе Дома радыё па вуліцы Чырвоная, 4. У той час гэты адрас, мяркую, ведалі ўсе жыхары Беларусі. Бо тады не было яшчэ ніякіх FM-станцыяў, у краіне пераважала правадная сетка, і, як тады казалі, з кожнага прасу па тры гадзіны на суткі вяшчала «Бээмка».


Першымі, каго я ўбачыў у тым самым пакоі, дзе потым мне давялося працаваць да самага апошняга дня «Маладзёжкі», былі слынныя, хоць і маладыя, журналісты Віталь Сямашка, Алена Радкевіч, Алесь Дайнека, а таксама музыкі, якія таксама (штатна ці пазаштатна) працавалі на «БМ» і якіх ведала ўся краіна – лідэры гуртоў «Новае неба» Кася Камоцкая і «Мроя» Лявон Волькі (валасы ў яго тады, дарэчы, былі ажно да пояса ). Менавіта Алена Радкевіч праз некалькі месяцаў «вывела» мяне ў жывы эфір. Ніколі не забуду тыя хваляванні – прыемныя і шчаслівыя для кожнага, хто ведае, што такое «вяшчаць жыўцом». Потым пазнаёміўся з Уладзімірам Дзюбам, Анатолем Грушай, Валянцінай Стэльмах, Інай Студзінскай, Уладзем Давыдоўскім, Вольгай Бабак , Ірынай Курапаткінай, Змітром Лукашуком, Аксанай і Анатолем Вечарамі, з гукарэжысёрамі Уладзімірам Сакульскім, Зміцерам Новікавым, Анатолем Додзем ды многімі іншымі цудоўнымі людзьмі, якія «рабілі радыё».


«Маладзёжка» сапраўды вылучалася з шэрагу іншых рэдакцыяў беларускага радыё. Менавіта свабодаю думкі, адданасцю «беларускай справе», прафесіяналізмам. За гэта «Маладзёжку» любілі і ненавідзелі. Яе паважалі і баяліся. Менавіта «БМ» спрабавала ўжываць у сваіх матэр’ялах «тарашкевіцу», што даводзіла да «белага калення» слухачоў-пенсіянераў і кіраўніцтва не толькі Белтэлерадыё, але і краіны і што каштавала вялікіх нерваў галоўнай рэдактарцы Жанне Літвіной.

Злева направа (верхні шэраг): Аксана Вечар, Зміцер Лукашук, Генадзь Кеснер, Жанна Літвіна, Віталь Сямашка, Ірына Курапаткіна. Ніжні шэраг: Уладзімір Сакульскі, Зміцер Новікаў. 

Фота baj.by


Можна многае ўзгадваць з тых шчаслівых і цікавых часоў. Калі мы афіцыйна адзначалі трыццацігоддзе «БМ», то гэта было мерапрыемства «сусветнага маштабу» – арэндавалі цэлы рэстаран у Доме афіцэраў, запрашалі сяброў нашай радыёстанцыі – музыкаў, палітыкаў, навукоўцаў, дзеячаў культуры, нашых калегаў з Украіны, Польшчы і нават Далёкага Усходу. Былі шматлікія пажаданні «сто лят» «Маладзёжцы», творчых поспехаў і гэтак далей. І ніхто не мог нават падумаць, што працаваць нам заставалася крыху больш за год.

Памятаю, як мы звальняліся. А працавала на той час у «БМ», па-мойму, больш за трыццаць чалавек. Выклікалі да кіраўніка Дзяржрадыё па адным, прапаноўвалі перайсці ў іншыя рэдакцыі. Але абсалютная большасць калектыву прыняла рашэнне звольніцца. Паведаміць пра гэта Жанне Літвіной даручылі мне (чым і ганаруся), я ёй патэлефанаваў і распавёў пра вынікі ўсёй гэтай малапрыемнай працэдуры. Жанна была ў шоку, бо, відаць, не чакала такога адзінства ў калектыве, такога пачуцця салідарнасці. А мы, тыя, хто вырашыў сысці з дзяржаўнага радыё, ніколі пра гэта не пашкадавалі.


Потым ужо з’явілася газета «Беларуская маладзёжная», якую ўзначаліла Таццяна Мельнічук, прыватная «Студыя «БМ», а ў 1995 годзе ў эфір выйшла таксама прыватнае Радыё 101,2 FM, на якім працавалі многія журналісты «Бээмкі» і якую, на жаль, праз крыху больш як год напаткаў сумны лёс «БМ». Але тады да закрыцця нашага радыё спрычыніўся той, хто біў сябе ў грудзі і палымяна абяцаў па прыходзе да ўлады аднавіць «Беларускую маладзёжную». Што ён у выніку зрабіў са сродкамі масавай інфармацыі ў Беларусі – добра вядома ўсім і кожнаму.


Многіх маіх калегаў па «БМ» лёс раскідаў па свеце. Хтосьці застаўся ў журналістыцы, хтосьці змяніў род дзейнасці. Але ўпэўнены, што часы працы на «Беларускай маладзёжнай» на ўсё жыццё застануцца ў памяці. Бо гэта для мяне, напрыклад, былі, бадай, самыя цікавыя і шчаслівыя часы.


З паўстагадовым юбілеем, любая «Маладзёжка», са святам, дарагія мае калегі, былыя і цяперашнія! Будзьма!

Каментаваць