Залатая шкварка

У цывілізаваных краінах свету перад вялікімі святамі, прынамсі, гандляры імкнуцца зрабіць сваім суйчыннікам штосьці прыемнае ў выглядзе зніжак на тавары, у тым ліку спажывецкія. У нашай жа Беларусі усё наадварот, па-савецку.

Давялося заляцець у сераду на нашу любую “Камароўку”. Падаецца, самы сесоз на розныя там трускалкі з чарэшнямі, іншыя грыбы-ягады, калі кошты самі сабою павінныя зніжацца. Але не ў нашым выпадку.

Яшчэ колькі дзён таму назад клубніцы можна было набыць нават па 18 тысяч айчынных рублёў за кіло. Напярэдадні “Дня Незалежнасці” танней за 30 тысяч гэтай ягады прынамсі на Камароўскім рынку ўжо не знайсці. Чарэшня на днях каштавала таксама не вельмі дорага — пры жаданні можна было яе набыць і па 30, і нават па 25 тысяч за кіло. Цяперака ў лепшым выпадку за 35 тысяч— дробную і не вельмі прывабную для вачэй. Больш-менш прыстойная каштавала 45-80 тысяч за кіло.

Адносна дэмакратычнымі былі кошты на айчынныя агуркі — невялічкія грунтовыя прыгажунчыкі можна было набыць па 7500 і нават па 6800 рублёў за кілаграм. З’явілася ўжо і парэчка — па 20-25 тысяч за кіло. Не так і страшна. Бульба ніяк не зменшыцца ў кошце — ніжэй як па 10 тысяч за тое ж кіло яе не знайсці, зялёную цыбулю прапаноўваюць па 19500 (за кілаграм, што таксама не жах які-небудзь).

Рэкардсменам жа па коштах (па іх росце) застаецца ўсё ж такі стратэгічная для ўладаў шкварка. Дакладней, салёнае і вэнджанае сала. Проста салёнае, танкаватае і ўжо нават крыху з’ялчэлае, каштуе на Камароўцы ад 80 да 125 тысяч рублёў. А вось тонкае, не зусім прывабнае, але вэнджанае сала абыдзецца тым, хто без яго пражыць ну зусім не можа, у 195 (!) тысяч за кіло.

Ці варта здзіўляцца, што ўсё больш на буйных рынках, дзе гандлююць харчамі, пустых гандлёвых месцаў? Хто ж за такія цэны будзе браць тавар? Народ ходзіць, чухае патыліцу і альбо кіруецца да абменніка, каб памяняць валютную заначку і ўсё ж прыдбаць нешта для прыкусу. Альбо да выхаду, адпраўляючы праклёны тым, хто, з пункту гледжання няўдалага пакупніка, вінаваты ў тым, што той самы пакупнік сёння застаўся без шкваркі.

Калісьці беларускі правадыр казаў пра тутэйшую дэмакратыю, што ў нас, маўляў, сэнс яе ў тым, каб чалавек меў працу, атрымліваў заробак, мог пайсці ў краму ці на рынак і набыць там малачка, хлебушка, кавалачак мяска дзеткам. “Зараз лета, дык давайце ўжо не будзем шмат есці мяса”, — казаў у свой час яшчэ адносна малады  Лукашэнка.

Сёння парады афіцыйнага кіраўніка ўжо не патрэбныя. Не будзе беларус многа есці мяса. Бо не па кішэні яно яму. Нават напярэдадні “Дня Незалежнасці”. Вось такі ў нас атрымліваецца незалежны беларус — незалежны ад шкваркі. А хутка будзе незалежны і ад чаркі, бо кошты на гарэлку ад 1 ліпеня таксама выраслі.

Каментаваць