Залі лыч і не бухці!

“Чарка ды шкварка!” — менавіта гэты лозунг для беларускіх працоўных лічаць галоўным тутэйшыя ўлады на самых розных узроўнях створанай і выпеставанай галоўным чыноўнікам кіроўнай вертыкалі. Асабліва ў дні дзяржаўных святаў. І асабліва калі гэтыя святы маюць хоць нейкае дачыненне да “трудзяшчыхся”. Але не для ўсіх.

Многія нашы суайчыннікі вырашылі скарыстаць чарговы выходны для таго, каб шыбануць на лецішчы ды да бацькоў, якія жывуць не ў гарадах, каб яшчэ паспець засадзіць гароды пасля занадта працяглай зімы. Але вялікая колькасць тых жа мінчукоў засталася ў сталіцы. 1 мая — Дзень працы, як яго абвясціла ў 1998 годзе ўлада маладой беларускай дзяржавы, прычым выходны дзень (пра логіку назвы і кантэнту — у наступны раз). І вось афіцыйны “працаабарончы” рупар дзяржавы ў выглядзе прытроннай Федэрацыі прафсаюўзаў Беларусі шчыраваў як мог. У сталіцы — разгуляева з кірмашамі, танцулькамі і таннай гарэлкай на разліў. Гуляй, душа працоўная! Залі фэйс і не думай аб праблемах.

А цяпер сур’ёзна. Улады Беларусі наўмысна замыльваюць сэнс самога існавання такой даты, як 1 траўня. Яшчэ нават за Саветамі гэты дзень зваўся Днём міжнароднай салідарнасці працоўных. Самае цікавае, што пра гэта памятаюць жыхары многіх краінаў Еўрапейскага Саюза. І ў гэты дзень адстойваюць свае правы. Менавіта 1 мая 2013 года ў некаторых еўрапейскіх дзяржавах прайшлі дэманстрацыі працоўных супраць пагаршэння ўзроўню жыцця ў выніку глабальнага крызісу, які, на жаль, пакуль яшчэ працягваецца. У некаторых еўрапейскіх краінах сёння адбываюцца агульнанацыянальныя страйкі. Людзі ведаюць свае правы і карыстаюцца імі, каб нагадаць уладам пра сваё існаванне. І ўлады, з большасці, да іх прыслухоўваюцца.

У Беларусі, якую, нягледзячы на заявы вышэйшага кіраўніцтва пра “спакой і стабільнасць”, апошнія гады штарміць, улады робяць выгляд, што ўсё добра. Галоўны чыноўнік ва ўсіх сэнсах месіць чыноўнікаў-карупцыянераў, паказвае дуліны галоўнаму саюзніку, адмаўляючыся аддаваць фамільане срэбра нахабнаму старэйшаму брату, а ў гэты час “піпл” гуляе. А вось насамрэч неабыякавым суграмадзянам улады адмовілі ў правядзенні адпаведных даце мерапрыемстваў. Незалежныя прафсаюзы, левыя партыі ды арганізацыі не атрымалі прынамсі ў Мінску ніводнага дазволу на правядзенне акцыяў, на якіх маглі б абмеркаваць сапраўдны стан працоўнага люду, праблемы градмадства, эканомікі, сацыяльнае становішча. Яшчэ не хапала! Лепш танная чарка ад улады, чым нягодныя роздумы ад апазіцыі!

Але ўвогуле мяне аж скаланула інфармацыя пра тое, як мясцовыя ўлады адзначылі гадавіну катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у Добрушы (Гомельская вобласць). 26 красавіка там зладзілі… канцэрт! З пляскамі, гаманлівымі спевамі і задаволеным плясканнем у ладкі. І сядзелі там на гэтай вакханаліі і тамтэйшыя “вертыкальшчыкі”, і сілавікі, і праваахоўнікі. Сядзелі і радаваліся. Смяяліся і апладыравалі. І гэта ў гадавіну НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ТРАГЕДЫІ !!!

Відаць, Чарнобыль насамрэч моцна шыбануў па мазгах гэтых істотаў, якія пераблыталі свята з жалобаю. Для гэтых істотаў пры ўладзе і паўнамоцтвах усё жыццё — свята. Свята на крыві і на касцях. Апафеоз амаральнасці і беззаконня. Трыумф цемрашальства.

Каментаваць