Змаганне з «другасортнымі»

Тое, як паводзяць сябе «служкі народа» у дачыненні да таго самага народа, часам не паддаецца ні логіцы, ні здароваму сэнсу. Ад некаторых рашэнняў, прынятых тутэйшым чынавенствам, часам хочацца і смяяцца, але найчасцей — плакаць. Ці выць, нібы паранены сабака.

Чыноўнікі самых розных масцей робяць выгляд, што працуюць і нават са скуры вылузваюцца дзеля чалавека, дзеля народа. Але, найхутчэй, усё ж для канкрэтнага чалавека, імя якога вядома не толькі ў нашай краіне. Як інакш патлумачыць знішчэнне вёсачкі Паўлавічы непадалёк ад Віцебску? Прычым такім чынам, што гэта неяк нагадвае хатынскую трагедыю? Дзякуй Богу, абышлося без чалавечых ахвяраў, калі мясцовыя «геніі» з уладнае «вертыкалі» загадалі вёску папросту спаліць. І спалілі. Бо міма Паўлавічаў, верагодна, мог праехаць «адзіны і нязменны» на шляху ў абласны цэнтр, дзе ад яго чакаецца новы «сусветны разганяй» мясцовым «народным служкам».

У пацярпелых ад чарнобыльскае навалы рэгіёнах вёскі, дзе ад радыяцыі жыць немагчыма, «хаваюць» у літаральным сэнсе гэтага слова. Хату разбіраюць, выкопваюць глыбокую магілу — побач альбо на адлегласці — і на няхілую глыбіню закопваюць бярвенні і ўсё тое, што было ў хаце-пакутніцы. А тутака — у чыстым экалагічна рэгіёне — вось такая афігенная хуткацечная крэмацыя цэлага населенага пункту! Прычым, з выкідваннем людзей-месцічаў на мароз. Усе адгаворкі начальства, што, маўляў, усе былыя месцічы атрымалі кампенсацыі ці кватэры ў Віцебску, не каштуюць і яйкавага шалупіння — дзіцячы лепет, за якім непрыхаваная прага выслужыцца перад галоўным «маланкамятальнікам».

Іншы прыклад. Вельмі добра, што ў Мінску пабудавалі тры новыя станцыі метро — ажно да мікрараёну «Паўднёвы захад». І тут жа паадрубалі маршруты тралейбусаў ды аўтобусаў, да якіх мясцовыя жыхары прызвычайваліся цягам многіх гадоў, выпрацоўвалі спрыяльную для сябе лагістыку дабірання з ускраіны сталіцы да цэнтра гораду. Цяпер «дабрадзеі» ад транспарту да гарадскіх уладаў  зрабілі так, што без перасадак у цэнтр Мінску амаль не даехаць, і многія мусяць замест двух квіткоў (туды-назад) плаціць у два разы больш. Бо без перасадак у гэтай частцы сталіцы амаль нікуды не дабрацца.

Далей. Каля станцыі метро «Пятроўшчына» ужо шмат гадоў месціцца рэстаран «МакДональдс». Каля рэстарану ўплюшчылі прыпынак грамадскага транспарту, дзе спыняюцца два маршруты аўтобусаў і два — тралейбусаў. На першы погляд — някепска. Але ёсць такі від сервісу ў гэтых рэстаранах, як абслугоўванне аўтамабіляў без выхаду кіроўцаў з сродку аўтатранспарту (МакДрайв завецца). Бліжэй да вечара і да самай ночы ланцуг машын з нявыключанымі рухавікамі апаясвае гэты прыпынак транспарту з трох бакоў.

У выніку пасажыры, хто стаіць на прыпынку, змушаны заціскаць насы, каб не ўдыхаць выхлапны аўтасмурод, альбо шыбаваць некалькі соцень метраў да наступнага прыпынку. Бо вытрымаць гэтую «газуху» большасць людзей, асабліва сталага веку, проста не ў стане. Ды і хуткім крокам прайсці міма той рэстарацыі можна толькі заціснуўшы нос і спыніўшы дыханне. Дзякуй, паклапаціліся аб народзе, зрабілі прыпынак!

Дарэчы, на Захадзе нават на светлафорах кіроўцы выключаюць рухавікі, каб не паскудзіць паветра. Тутэйшых жа ўладароў «жалезных коней», якія шчыльна зачыняюць форткі сваіх аўто, каб не адчуваць уласна спрадукаванага смуроду, гэтае цывілізаванае правіла, відаць, не тычыцца. Што ж, якая ўлада, якая краіна, такі і люд паспаліты, такі і лад паводзінаў ды стаўлення да бліжняга свайго. Паняцце «экалогія» у дадзеным выпадку падаецца занадта складаным для зарумення аўтаспажыўцоў заакіянскага фастфуду.  

І такія прыклады можна прыводзіць штодня і з кожнага раёну не толькі сталіцы, але і ўсёй краіны. Калі ўлада не абцяжарвае сябе логікай паводзінаў і паважлівым стаўленнем да тых, хто яе абірае (альбо хаця б робіць выгляд, што абірае), то нічога іншага чакаць не даводзіцца. Не спалім, дык атруцім.

А ў выніку пачуваеш сябе істотаю «другога гатунку», асабліва калі бачыш свайго расфуфыранага «слугу» у шыкоўным аўто ды з гадзіннікам за дзясяткі тысяч небеларускіх грашовых адзінак на руцэ. Такое ўражанне, што ўлады вядуць сапраўдную вайну са сваім электаратам. Бо інакш як электарат ці насельніцтва беларуса яны не ўспрымаюць.
 

Каментаваць