Зноў паўзуць па Мінску «тыгры»

Ніколі яшчэ ў найноўшай гісторыі незалежнай Беларусі з нагоды нейкага свята на яе тэрыторыі не назіралася столькі вайсковай тэхнікі замежнае краіны, як гэта ёсцяка і будзе бліжэйшымі днямі. 70 гадоў таму па нашай тэрыторыі поўзалі гітлераўскія танкі «Тыгр». Цяперака асфальт сталічных магістраляў зноўку плюшчаць «тыгры» – гэтым разам пуцінскія.

Бразганне зброяй даўно ўжо ёсць ледзь не маветонам у многіх цывілізаваных краінах свету. Але не ў тых, якія, апроч мілітарызму, не могуць прапанаваць свету анічога іншага, вартага ўвагі. 
 
 
Сёлетні вайсковы парад у сталіцы Беларусі 3 ліпеня абяцае быць ледзь не самым відовішчным за ўсю нашу паваенную гісторыю. Ужо не першы раз многія мінчукі лаяцца матам, калі не могуць трапіць дахаты па вечарох з тае прычыны, што ідуць рэпетыцыі таго самага будучага параду. На вуліцах – коркі, у людзей – нервы, на дарогах – пашкоджанні. 
 
 
Танкі і бэтээры, сучасныя ракетныя комплексы літаральна плюшчаць  пакрыццё цэнтральных і не вельмі цэнтральных аўтамагістраляў, адрэстаўраваных ды падрамантаваных да апошняга чэмпіяната свету па хакеі. 
 
 
Прычым, па нашых дарогах паўзуць, атручваючы паветра, не толькі тутэйшыя абразчыкі “вайсковага гонару” галоўнакамандуючага. У паветры на рэпетыцыях шыбуюць расійскія знішчальнікі, па нашым асфальце грукочуць расійскія бронегаргары, якія пакідаюць па сабе жахлівыя сляды. 
 
 
Вось толькі ў мне асабіста ўзнікае некалькі пытанняў. 

Па-першае, на якую халеру шматкроць ганяць на рэпетыцыі такую колькасць тэхнікі ды людзей? Вельмі дарагія ва ўсіх сэнсах улады, вы можаце нам шчыра паведаміць, колькі чарговая паказуха і падрыхтоўка да яе будзе каштаваць бюджэту краіны, а гэта значыць, падаткаплатніку?     

Па-другое, якім чынам патлумачыць прысутнасць на будучым парадзе і падчас падрыхтоўкі да яго такой колькасці расейскай ваеншчыны? Што, без яе ўжо кішка ў беларускага ваенства сталася затонкай? 
 
 
Па-трэцяе. Зараз па беларускіх тэлеканалах ідзе збор сродкаў сярод простых грамадзянаў на пабудову новага дзіцячага хоспісу. Што, стварэнне больш-менш прыстойных умоваў для жыцця маленькіх беларусаў, якім не наканавана стаць дарослымі, менш важнае за тое, каб галоўнакамандуючы са сваім нашчадкам і падначаленымі каля гадзіны палюбаваліся “гонарам і годнасцю” “самай чалавечнай і сацыяльна арыентаванай дзяржавы”? Дарэчы, на новы “хоспіс” для маленькіх патрэбна 4 мільёны долараў. Скажыце, нешаноўныя чыноўнікі, колькі зжарэ парад і падрыхтоўка да яго і колькі хоспісаў можна было б пабудаваць за гэтыя сродкі?  
 
 
Па-чацвёртае. І гэта ўжо пытанне да мінчукоў. Даводзіцца назіраць, як тое месца, якое 3 ліпеня пустым дакладна не будзе (каля стэлы “Мінск – горад-герой”), па вечарох, калі адбываюцца рэпетыцыі параду, збіраюцца ледзь не тысячы людзей. Што вас туды цягне? Жаданне без перашкодаў убачыць тое, што вам не дадуць убачыць 3 ліпеня з прычыны прысутнасці у гэтым месцы “сливок общества”? Што цягне вас любавацца гэтай мілітэршчынай?
 
 
І яшчэ адна заўвага. Падчас Другой сусветнай вайны нашы палі і лясы плюшчылі гітлераўскія танкі пад назовам “Тыгр”. Гэтым разам на вуліцах сталіцы Беларусі мы бачым таксама “тыгры” – так называецца расейская браніраваная тэхніка (больш глыбока ў відаіх і падвідах не разбіраюся і не жадаю гэтага рабіць). Ці не забагата на беларускай тэрыторыі замежных “тыграў”? Нават псіхалагічна мяне асабіста гэта бянтэжыць. Думаю, і ў многіх ветэранаў слова “тыгр” у дачыненні да ваеннай тэхнікі не выкліча ніякіх станоўчых эмоцыяў. 
 
 
І, дарэчы, навошта зараз маскоўскае войска будзе граць сваімі мілітарысцкімі цягліцамі падчас свята (вельмі сумніўнага па даце) беларускае незалежнасці? Гэта такое вось прывітанне Украіне ад Пуціна і Лукашэнкі?      
 
 
І яшчэ. Уся гэтая маскоўская армада ўжо ў Беларусі. А ці ёсць упэўненасць ці гарантыя, што яна не застанецца тутака пасля ўрчыстасцяў 3-га ліпеня? І ці не страціць Беларусь, няхай ад пачатку можа і не зусім прыкметна для нас усіх, сваю незалежнасць у “Дзень Незалежнасці”?

Каментаваць