Зноў звярэем. Дэжа вю

Апошнія дні зноў абвяргаюць пастулат, што беларусы – талерантныя, памяркоўныя, дабразычлівыя людзі. Калі ў класікаў савецкай літаратуры “грамадзянаў псавала кватэрнае пытанне”, то ў нашыя часы, і ўжо не першы раз, народ псуе пытанне валютнае. І каб здабыць жаданы “зялёны”, наш “піпл” забываецца на тое, что ён найперш чалавек, а потым жывёліна.

Каб упэўніцца ў тым, што мы дэградуем, апошнія пару дзён варта было завітаць у дзяржаўныя і недзяржаўныя банкі. Ці проста ў касы, дзе адбываецца абмен валют. Яшчэ колькі дзён таму ніякага ажыятажу там не было. Але “чорны аўторак” у Расіі, ад якой Беларусь залежыць да косных мазгоў, вярнуў нас у падзеі 2009 і 2011 гадоў, калі шалёны абвал айчыннага рубля ўводзіў электарат літаральна ў быдлячы стан.
 
 
Дагэтуль узгадваюцца мардабоі ў сталічнай “Кароне” (на Кальварыйскай), калі добра апранутыя і не самыя бедныя мужыкі, спрабуючы “ўратаваць” свае зберажэнні, крывавілі адзін адному пысы за айчынную мікрахвалёўку, хоць тая, відаць, ім і на халеру не была патрэбная. Але ж ратавалі свае грошы. Ці момант, калі спачатку панакуплялі лядоўняў ці тэлекаў (па некалькі штук), а потым не ведалі, што з імі рабіць. Потым, як той казаў, крызіс “рассасаўся”, і “піпл” пачаў лічыць страты ад сваёй гістэрычнай “прадпрымальнасці”.
 
 
Цяпер гісторыя паўтараецца. Эканамічны і фінансавы абвал, які апошнімі днямі назіраецца ў Расіі, адбіваецца і на беларусах. Нездарма эканамісты кажуць, што як толькі Расія чыхне, то Беларусь корчыцца ад ліхаманкі. Гэта насамрэч так.
 
 
Беларускія эканамічныя ўлады апошні год рабілі выгляд, што праводзяць незалежную фінансавую і эканамічную палітыку. Калі суседнія краіны (Казахстан, Украіна) дэвальвавалі, прычым сур’ёзна, свае нацыянальныя валюты, афіцыйны Мінск рабіў выгляд, што ўсіх нас гэта ніякім чынам не тычыцца. І толькі апошнім часам, калі ў самай нашай галоўнай “саюзніцы” адбыўся сапраўдны абвал, у першую чаргу, эканамічна-фінансавы, тутэйшыя ўладатрымцы пачалі чухаць патыліцу.
 
 
Нагадайма, што ў гэты аўторак эканоміка Расіі ледзь не ляснула поўнасцю, калі на “міжбанках” курс долара сягаў 80 расійскіх рублёў, а еўра – 110. За апошнія суткі курс расійскага рубля крыху ўмацаваўся. Як падаюць эксперты расійскага РБК, такое ўмацаванне магло быць звязана з вялікай міжнароднай прэс-канферэнцыяй Пуціна, якая адбылася акурат у чацвер, 18 снежня. Магчыма, каб не псаваць правадыру настрой ды аблегчыць яму адказы на непрыемныя пытанні, расійскі банкаўскі рэгулятар уваліў чарговыя мільёны ці нават мільярды ў доларах на ўмацаванне расійскага рубля. Таму і курс крыху знізіўся. Толькі што будзе заўтра ці пазааўтра?
 
 
Але беларусам – ім ні да ніякіх канспіралогіяў. Убачылі, што робіцца ў РФ, пару дзён патумкалі, больш-менш дашурупілі, што адбываецца ва ўсходняй суседцы, і ўцямілі, што гэтае “шчасце” хутка абрынецца і на нашу краіну. І панеслася. У абменніках – зноў чэргі, як у 2009 і 2011 гадах. Курс куплі і продажу валюты ў камерцыйных і прыватных банках зноў пачаў істотна адрознівацца ад прапанаваных курсаў Нацбанка. Напрыклад, афіцыйны курс долара складае 10890 рублёў, але банкі скупляюць яго значна даражэй: Беларусбанк 18 снежня гатовы быў заплаціць за долар 11200 рублёў, а прадаць – за 11290. Але гэта самая малая курсавая валатыльнасць у адным з банкаў. Вось “Абсалютбанк” у гэты дзень прымаў долар за 11000 рублёў, а прапаноўваў – за 11600. Розніцу адчуваеце?
 
 
Так, гэтую розніцу адчуў і электарат. І шыбануў у абменнікі. Ужо апоўдні ў чацвер у многіх касах не было наяўнай валюты. І грамадзяне - мажліва, і міжволі - выкрылі ўсё сваё псіхічна-псіхалагічнае нутро. Аўтару гэтых радкоў давялося назіраць, як у адным з абменнікаў ледзь не пабіліся з-за чаргі (дэжа вю 1), у другім зноўку ўзгадалі, што трэба складаць спісы з нумарамі чаргоўцаў (дэжа вю 2).
 
 
А ў трэцім адна добра апранутая, але сталага веку кабета, як раней сказалі б, “генеральша”, калі згубілася ў чарзе, пачала літаральна раўсці, што “пражыла 50 шчаслівых гадоў у СССР, калі ўсе былі годныя, чэсныя, сумленныя” і гэтак адлей. А цяпер бабулю да касы не пушчаюць! А потым дачапілася да інтэлігентнага маладога чалавека гадоў 30-35, які хацеў памяняць пару дзясяткаў долараў на беларускія рублі (а не купіць валюту), прычым, сціпла стаяў у агульнай чарзе, з заявамі, што “до таких, как ты, Лукашенко уже добрался, и с 1 января ты будешь работать, тунеядец проклятый”.
 
 
Логіка “генеральшы” можа быць прадметам для даследванняў спецыялістаў “Навінак”. Але такіх “генеральш” падчас валютных крызісаў – процьма.
 
 
У банкаўскіх чэргах людзі забываюцца на тое, што яны людзі. А чаму так адбываецца? Хто ператварае беларусаў у быдла, хоць і не безмазговае і добра апранутае? Ад каго залежыць, будзе валюта ў абменніках ці не? І ці не з’явяцца наноў як некалькі курсаў абмену, гэтак і валютчыкаў, на якіх толькі паспелі забыцца? Рытарычныя пытанні. Адказы на якія, відаць, добра ведацюць як “нізы”, гэтак і “вярхі”. Апошнія, аднак, ужо, відаць, не ў стане што-небудзь зрабіць. Бо, магчыма, ужо занадта позна. Страшна сур’ёзна задумвацца над тым, што будзе далей. Вось табе і Каляды з Новым годам.

Каментаваць