Зусім не веснавы настрой

Падавалася б, ужо красавік на носе, вясна ўваходзіць у абсягі свайго валадарства, але настрой зусім не сонечны. І не толькі таму, што зноўку на вуліцы церушыць снег, што па начах яшчэ прымаражвае. А таму, што ў Беларусі працягваецца палітычная і эканамічная зіма.

Падавалася б, ужо красавік на носе, вясна ўваходзіць у абсягі свайго валадарства, але настрой зусім не сонечны. І не толькі таму, што зноўку на вуліцы церушыць снег, што па начах яшчэ прымаражвае. А таму, што ў Беларусі працягваецца палітычная і эканамічная зіма.

Кожны дзень называюцца імёны новых людзей, якія праходзяць па крымінальнай справе аб падзеях 19 снежня 2010 году (гэты дзень ужо празвалі “крывавай нядзеляй) ці то як падазраваныя, ці то як абвінавачаныя. Ужо восем чалавек асуджаныя за ўдзел у масавых беспарадках, якія нібыта адбываліся ў Мінску ў той чорны вечар па заканчэнні прэзідэнцкіх выбараў. З іх пяцёра ўжо мусяць “матаць тэрмін, бо іх прыгаварылі да рэальнага пазбаўлення волі ў калоніях строгага і ўзмоцненага рэжыма.

Днямі таксама да рэальнага пазбаўлення волі, цяпер ужо за “хуліганства, прыгаварылі лідэраў зарэгістраванага ў Чэхіі “Маладога фронту Змітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава. Тут таксама справа далёкая ад “крыміналкі: тыя, хто хадзіў на суд, маглі пераканацца ў сфабрыкаванасці справы і яўнай правакацыі ў дачыненні да моладзевых актывістаў напярэдадні важных палітычных падзеяў (Дашкевіча і Лобава ўцягнулі ў правакацыйны інцыдэнт 19 снежня, за дзень да абвешчанай “Плошчы). Усё, што адбывалася на тым судовым працэсе, яскрава сведчыла, што так званыя пацярпелыя Малышаў і Савіцкі – далёка не шараговыя грамадзяне. Толькі чамусці суддзі і пракуроры ці то сляпыя ды глухія, ці то…

Кожны дзень растуць кошты. Учора ўвечары давялося выслухаць файны, але не магчымы для цытавання ў медыях маналог аднаго таксоўшчыка пра тое, што ён думае пра ўлады з нагоды чарговага падвышэння цаны на бензін і дызпаліва з 1 красавіка.

Давялося бачыць днямі, як на адным са сталічных рынкаў бабулі набывалі бульбу ПАШТУЧНА – і гэта ў той час, калі кіраўнік дзяржавы на поўным сур’ёзе ставіць перад урадам задачу да 2015 года павялічыць экспарт “беларускага брэнда – бульбы – у дзесяць разоў. Тут самім не хапае, у крамы завозяць французскія карняплоды па 5 800 за кілаграм, на Камароўца ўжо ёсць мараканская маладая бульпа па 12 (!) тысяч за кіло! Каму гэта па кішэні? Дзе сваё, айчыннае? Там дзе і золата-валютныя запасы, якія таюць з кожным днём.

Навідавоку хістанні ды няўпэўненасць і ўрада, і Нацбанка, якія проста не ведаюць, што рабіць, калі у краіне з валютай “поўны швах. То яны ўводзяць нейкія забароны на набыццё валюты суб’ектамі гаспадарання, на імпарт, то адмяняюць свае ж рашэнні, то прымаюць пастановы аб абмежаваннях і адразу пасля пратэстаў з боку партнёраў па Мытным саюзе і Адзінай эканамічнай прасторы тут жа іх скасоўваюць. Поўны хаос.

Ужо кажуць пра існаванне ў Беларусі некалькіх абменных курсаў, аб вяртанні ў эпоху сярэдзіны 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Чаму? А спытайцеся ў тых, хто кіруе беларускай эканомікай. Не выключана, што хутка мы зноў успомнім такія словы, як “мянялы, “кідалава і гэтак далей. Бо свабоднай валюты для пакупкі ў абменніках ужо няма, і нават зняць валюту з рублёвых картак ужо амаль немагчыма. І не толькі з рублёвых.

Ужо тыдень дылеры не прадаюць новыя аўтамабілі замежнай вытворчасці, бо не ведаюць, што будзе заўтра з беларускім рублём. А хто гэта ведае? Толькі той, хто ўжо прыпаднёс сюрпрыз беларусам 2 студзеня 2009 г., калі айчынны рубель “ляснуў адразу на 26 працэнтаў.

1 красавіка падаражэе грамадскі транспарт, а вучням і студэнтам ільготы на праезд вяртаць ніхто не збіраецца. Значыць, зноў паедуць “зайцамі, а страты транспартнікаў толькі павялічацца.

Пачаліся павальныя забароны ў Мінску і рэгіёнах краіны канцэртаў няўгодных уладам гуртоў. Хаця некаторыя высокапакстаўленыя чыноўнікі называюць бязгуздзіцай і хлуснёй інфармацыю пра існаванне так званых “чорных спісаў беларускіх і замежных выканаўцаў. Дарэчы, амаль усе квіткі на адмененыя канцэрты “Нейра Дзюбеля, “Крамбамбулі, “Ляпіса Трубяцкога, а таксама Змітра Вайцюшкевіча былі ўдала распраданыя, што сведчыць пра папулярнасць і запатрабаванасць у публікі гэтых выканаўцаў. Але нехта ва ўладзе тупа вырашыў, што праз забарону можна прымусіць музыкаў не займацца творчасцю, а іх фанатаў адшцурацца ад сваіх куміраў. Памылковы разлік.

Можна пісаць і далей пра тое, што навідавоку і што набалела. Але і гэтага пакуль хопіць. Нажаль, не толькі ў мяне аднаго, але, падаецца, ва ўсёй краіны настрой далёкі ад веснавога. Нават у тых, хто сёння трымае ў руках уладу. Бо і яны, як і большасць электарату, не ведаюць, што будзе заўтра. А так хочацца, каб заўтра была вясна. Сапраўдная.  

Каментаваць