Жыццё не дае адпачыць

Многія мае сябры ды калегі думалі і верылі, што 2013 год — нягеглы і скрушны, жахлівы і пракляты, бо ўсё ж 13-ты, сыдзе, і разам з ім сыдуць дурныя прадчуванні, кепскія падзеі. То бок, чакалі на хоць нейкі дараваны лёсам ды Усявышнім адпачынак. Хоць на кароткі час. Ад негатыву. Не атрымалася.

Страшэнная навіна — увечары ў суботу, 13-га (ізноў тая ж клятая лічба) сышоў з жыцця Пётра Марцаў. Згарэў за два з паловай тыдні. Ад страшнае хваробы. Якая не прымусіла яго вельмі доўга пакутаваць. Магло быць горай. Востры лейкоз. Гэта не лекуецца.

Ад аналагічнае хваробы, толькі больш працяглае — лейкеміі (хоць і лейкоз і лейкемія — фактычна, адное і тое ж, гэта анкалогія крыві) 28 студзеня пакінуў гэты свет мой блізкі сябра Генадзь Грушавы. Генадзь Уладзіміравіч змагаўся з прысудам лёсу пяць гадоў.  

Пётр Марцаў вызначыўся як геній у плане менеджменту ў галіне стварэння СМІ і як вельмі якасны журналіст ды не менш як якасны бізнэсоўца.     

Генадзь Грушавы стаўся геніем у плане менеджменту, ідэяў і рэалізацыі  на практыцы самай буйной дабрачыннай “чарнобыльскай” арганізацыі ў Беларусі (і ў Еўропе) — фонду “Дзецям Чарнобыля”.

Абодва — вельмі разумныя, таленавітыя людзі. Адначасова складаныя і простыя. Са сваімі завіхрэннямі, не дагнанымі, бо не зразумелымі многімі, але, як потым высвятлялася, правільнымі ў далейшым сваім развіцці. Генадзю і Пятру будзе (ці ўжо ёсцяка), пра што пагаварыць і паспрачацца там, дзе яны ўжо знаходзяцца — ва ўлонні Божае Ласкі (хочацца ў гэтае верыць).    

І яшчэ. У тым, клятым 13-м, я яшчэ не ведаў, што гора не скончыцца толькі сыходам маіх сяброў і калегаў Валодзі Сакульскага і Юры Бушлякова. Вечная ім памяць. Я не ведаў, што на нашых абсягах пачнецца вайна. Я не ведаў, што буду чытаць інфармацыю з любімай Украіны нібы зводкі “Совинформбюро” пад час Другой Сусветнай. І гэта ўжо не “кляты” 2013-ты, але 2014-год, які робіцца не менш клятым. Так што не варта верыць у нейкія прыкметы. Гэта наконт лічбы “13”.

Жыццё не дае спачыну, не дае расслабляцца. Толькі вось заўважыў за сабою адну рэч — на кожнае тэлефанаванне на мабільнік  пачынаеш рэагаваць нервова. Бо пазітыву чакаеш усё менш ды менш. Ужо на падсвядомасці чакаеш нечага страшнага.

Вось такое наша жыццё. Сёння. Дзякуй, Божа, што даў прачнуцца і пражыць яшчэ дзень.   

Каментаваць