Animal guide

Праглядзела перадачу пра розныя пароды котак і задумалася аб прызначэнні хатніх жывёл. Усе яны маюць якія-небудзь асаблівасці і па-свойму файныя ці кепскія. Я не буду казаць пра іх важнасць для чалавека, прывязанасць да яго, нават сяброўскія адносіны. Падыду да гэтага пытання выключна утылітарна :) Разгледзім самыя папсовыя варыянты кватэрных любімцаў.



Праглядзела перадачу пра розныя пароды котак і задумалася аб прызначэнні хатніх жывёл. Усе яны маюць якія-небудзь асаблівасці і па-свойму файныя ці кепскія. Я не буду казаць пра іх важнасць для чалавека, прывязанасць да яго, нават сяброўскія адносіны. Падыду да гэтага пытання выключна утылітарна :) Разгледзім самыя папсовыя варыянты кватэрных любімцаў.

Сабака стаў ужо класічным прыкладам. Ён добры для тых, хто любіць ці не любіць, але вымушаны рана ўставаць, можа вытрымаць перманентны брэх, сліну і поўсць па ўсёй хаце. Плюс сабакі ў тым, што можа з’есці што заўгодна, аднак у гэтым жа і мінус. Асабліва неразборлівыя ў гэтым плане далмацінцы, якія ядуць аўсянку і рамяні ад гадзіннікаў, і спаніэлі, якія проста ядуць усё і ўвесь час. Сабака можа быць карысным дадаткам да праграмы зніжэння вагі цела, бо патрабуе вываду на вуліцу. Мінус у тым, што звычайна яму ўсё роўна, якое звонку надвор’е.

Праўда, ёсць выключэнні, напрыклад, мой сабака вырашаў пацярпець да раніцы, калі на вуліцы надта мокра ці холадна. Як гэта ні банальна, адчувальная карысць ёсць толькі ад сярэдніх ці буйных жывёл. Прызначэнне йорка дагэтуль для мяне загадка.

Можна яшчэ доўга разважаць пра гэтых жывёлін, тым больш, відаць, у паловы з нас хоць раз, але быў маленькі і файны такі шчанюк, які вырастаў у чатырохлапага хатняга тэрарыста. Падвяду толькі рэзюмэ: у сабакі шмат недахопаў, непрыемных і невырашальных, аднак ён карысны ў якасці трэнажора, гадзінніка, ахоўніка (з шэрагам выключэнняў), ну і, калі вы памерам з сярэдняе дзіця, можа адвезці ў ванну.

Котка ў маім разуменні менш карысная і больш свавольная жывёла. Яна ўжо не будзе есці ўсё запар, больш таго, ёсць два віды катоў: пераборлівыя і вельмі пераборлівыя. У іх добрая памяць, таму ў помслівасці гэтых стварэнняў можна не сумнявацца. Яны любяць нашкодзіць і схавацца, ды так, што будзеш два дні шукаць, нават ужо не для таго, каб аднавіць справядлівасць, а каб даведацца, што там з гэтай маленькай пушынкай.

Каты толькі і займаюцца, што спяць і шукаюць, на каго кінуцца ці што можна падраць: шпалеры, канапу ці туфлі (апошняе маё сэрца не змагло б вытрымаць). У іх няма пачуцця адказнасці і літасці, таму напужаць уначы сваімі вочкамі могуць з лёгкасцю. Выкарыстаць котку можна як грэлку ці ліхтарык-пужалку ад рабаўнікоў — больш не ведаю як.

Рыбкі… ну што тут сказаць. Каб вы мяне не абвінавацілі ў “жывёлавым расізме, скажу, што ў мяне былі рыбкі, і я іх імкнулася зразумець, аднак лёс склаўся інакш. Яны не размаўляюць і ніяк не паказваюць эмоцыі, якіх у іх і няма. Недахопы звязаны яшчэ і з бытавымі ўмовамі для гэтых стварэнняў: акварыум не заўсёды мае прыемны пах, а кампрэсар крыху гудзіць. Аднак самы галоўны з іх — у тым, што рыбак нельга ніяк выкарыстаць. Адзінае, што прыходзіць у галаву, то толькі для самасцвярджэння. Можна паглядзець на рыбак, на іх млявасць і абыякавасць, ды падумаць, што калі ты сам не такі, то ў жыцці яшчэ не ўсё згублена. Прыкладна такі ж эфект ад розных там хамячкоў і пацучкоў. Карысці ніякай, толькі неспакойныя рухі ў клетцы.

Можна яшчэ значна працягнуць гэты спіс, аднак справа не ў гэтым. Нягледзячы на ўсе перавагі і недахопы розных відаў гэтых калматых пушынак, калі мы выбіраем сабе сябра, не кіруемся логікай ці нейкім разлікам. Мы абіраем іх сэрцам, нейкім патаемным пачуццём. Гэта сапраўдны лёс, таму чалавек і вымушаны вытрымліваць усе хібы сваіх хатніх жывёл.
 

Каментаваць