Дзённік памяці. Маё месца.

Пісаць пра дарагое вельмі цяжка. Пісаць пра Кавальцы для мяне складана ў двайной ступені. Па-першае, для тых, хто ніколі не быў на раскопках мае словы застануцца пустымі. А па-другое, гэты археалагічны сезон быў там апошнім. Таму мой артыкул будзе толькі нікчэмнай спробай адлюстраваць тыя пачуцці, якія былі ў нас на сэрцы перад ад’ездам.



Пісаць пра дарагое вельмі цяжка. Пісаць пра Кавальцы для мяне складана ў двайной ступені. Па-першае, для тых, хто ніколі не быў на раскопках мае словы застануцца пустымі. А па-другое, гэты археалагічны сезон быў там апошнім. Таму мой артыкул будзе толькі нікчэмнай спробай адлюстраваць тыя пачуцці, якія былі ў нас на сэрцы перад ад’ездам.

Кавальцы-IV — гэта археалагічны помнік фінальнага палеаліту, блізу Гродна на месцы ўпадзення ракі Горніца ў Нёман. Месца унікальнае ва ўсіх адносінах. Узрост помніка прыкладна 13–17 тысяч гадоў. Тут былі знойдзены косткі маманта, каня, аленя, унікальныя пацеркі і іншыя артэфакты. Але я не буду апісваць яго з пункту археалагічнага, тым больш я і не археолаг. Я апішу яго як паланіст, які штогод туды швэндаўся.


Кавальцы-адкрыццё

Зразумець і адчуць гэтае месца адразу проста немагчыма. За тры сезоны ў мяне склаўся свой вобраз Кавальцоў. Першы — Кавальцы рамантычныя ці Кавальцы-адкрыццё. Такое было ўражанне пасля першага году. Добра памятаю першы дзень на раскопе… Такое адчуванне, быццам прыкладаеш руку да нейкага вялікага адкрыцця. Капаеш з такім энтузіязмам, што нават страшна робіцца. Праўда, пасля другога працоўнага дня ад гэтага імпэту амаль нічога не засталося. Але тыя першыя ўражанні будуць ў памяці заўсёды, як і першае дзяжурства. Толькі Кавальцы навучылі мяне гатаваць, прычым адразу на пяцьдзесят чалавек.

Але самае галоўнае, дзеля чаго варта туды ехаць, гэта – атмасфера. Атмасфера, якую ствараюць валанцёры. Валанцёры — людзі, якія ледзь паднімаюцца раніцай на працу, але працуюць у дзве змены. Людзі, што ўвесь час знаходзяць з чаго смяяцца. Людзі, якія размаўляюць на “грыльскім нарэччы, “патрэбіцы ці “сайфулаеўцы. Людзі, якія не спяць у сваіх намётах і ведаюць, што такое трохтыднёвы трэш. Гэта тыя, хто пакажа вам сапраўдныя Кавальцы. Тыя, хто яднае лагер.


Трэшавыя Кавальцы

На наступны год мне адкрыліся трэшавыя Кавальцы ці Кавальцы-новае ўражанне. Тады я ўжо стала валанцёрам. Новым адчуваннем стала чаканне прыезду першага курса. Адчуваеш сябе старэйшай, у цябе менш абмежаванняў, чым год таму, ты ўсё тут ведаеш, кожную сасну, кожную сцяжынку, кожны каменьчык. Ты ўжо больш ведаеш пра знаходкі, у стане адрозніваць камень ад керамікі і крэмню.

Тады я адчула сябе сапраўды вольнай. Зорнае неба над галавой, цёплае вогнішча і гарачая кампанія пад старажытным дубам. Гэта тое, дзеля чаго варта ехаць у Кавальцы. У такія моманты адчуваеш сябе часткай нечага вялікага.


Філасофскія Кавальцы

А ўжо гэты год паказаў мне філасофскія Кавальцы ці Кавальцы-хто ёсць хто. Год быў вельмі дзіўным, супярэчлівым і не скажу, што вельмі прыемным. Але гэты ж год стаў самым важным, самым сапраўдным. Былі разлад і незвычайная еднасць, былі слёзы. Гэтыя Кавальцы прывязалі мяне да адных людзей і адвярнулі ад іншых.

Кавальцы падаравалі мне тры незвычайныя гады, яны падаравалі мне самыя яскравыя і дарагія ўспаміны. Назаўсёды ў сэрцы застануцца салодкае “Пад’ём! і “На працу, нянавісць да збору галля і зорнае неба над галавой. Я буду памятаць першую сустрэчу з валанцёрамі, дуб і ўцёкі з яго ад начальства, “чароўную сасну, Тумакоўку, першы ўражанні ад Нёмана і мыцця галавы ў ледзяной Горніцы. Для мяне стаў любімым цягнік “Унеча—Гродна, агульны вагон, ляжанне на спальніках у цэнтры Гародні і ўлётная нядзеля 2007 года. Я ўсміхаюся, калі прыгадваю лічбу 25, пяцілітровік, “архегеолагаў, ралі па полі і свае мянушкі ў Кавальцах. Я часам плачу, калі чую нашы песні.

“Экспедыцыя змяняе ваша ўяўленне аб археалогіі — так калісьці сказаў адзін вялікі археолаг, які пачынаў Кавальцы, які стварыў іх і які закахаў мяне ў іх, Віктар Сцяпанавіч Абухоўскі. Ён меў рацыю. Я не шкадую ні пра адну хвіліну, праведзеную у Кавальцах. Толькі там я магла казаць, што думаю, рабіць тое, што не дазваляю сабе ў горадзе. Там я магла дыхаць і бачыць. Там я ведала, што сапраўднае, а што ілюзія. Там станавілася зразумелым хто ёсць хто. Я прыкутая да Кавальцоў назаўсёды, гэта ўжо маё месца.



Памяці Віктара Сцяпанавіча Абухоўскага.

Каментаваць