І яшчэ раз пра Смаленск

Мінулы тыдзень прайшоў у Польшчы пад знакам новых акалічнасцяў смаленскай катастрофы. Была праведзена эксгумацыя двух цел, і Галоўная вайсковая пракуратура афіцыйна аб’явіла, што ў працэсе ідэнтыфікацыі рэшткаў ахвяр катастрофы былі дапушчаны істотныя памылкі.

Ужо пацверджана, што замест цела А. Валентыновіч у Гданьску была пахавана дзеяч катыньскай арганізацыі Т. Валеўска-Пшыялкоўска. Пакуль ідзе гаворка пра шэсць магчымых памылак, дапушчаных расійскімі дактарамі. Вядома, што ўсё целы былі эксгумаваны, але новых афіцыйных заяў пакуль не было.

Разабрацца хто ў гэтым вінаваты аказалася не так проста. Фармальна адказнасць за памылкі нясуць расійскія дактары, якія праводзілі генетычную ідэнтыфікацыю цел. Яны, у сваю чаргу, нібыта і не адмаўляюць сваёй віны, але тлумачаць такі вынік надзвычай кароткім часам для працы. Сапраўды, ужо 15 красавіка 2010 года, то бок праз пяць дзён пасля трагедыі, целы былі адпраўлены ў Варшаву. Згодна з дамовай паміж бакамі, труны не адкрываліся, акрамя прэзідэнта Л. Качыньскага. Да таго ж, калі было магчыма, апазнанне праводзілі яшчэ сем’і і блізкія. Таму памылак быць не павінна было.

Аднак абставіны апазнання, выклікалі пытанні ў некаторых сем’яў загінуўшых. Дакладна вядома, што годам раней былі эксгумаваны целы трох ахвяр, але новая генетычная экспертыза, ужо польская, пацвердзіла вынікі папярэдняга даследавання. Тады асаблівага шуму не паднімалі і паступова забыліся. А на мінулым тыдні, калі расійскі бок даслаў у Польшчу ўвесь комплекс дакументаў па смаленскай справе, узніклі новыя пытанні, якія і падаваралі грамадскасці топ-навіну тыдня.

Як ні дзіўна, у польскіх медыях віна была ўскладзена не столькі на маскоўскіх вайсковых дактароў, а на польскіх чыноўнікаў, якія непасрэдна прысутнічалі пры апазнанні і адпраўцы цел у Варшаву. У першую чаргу была атакавана спікер Сейма Э. Копач, тагачасны міністр аховы здароўя, якая і была адказнай за ідэнтыфікацыю ахвяр. У Сейме была створана адмысловая камісія для даследавання акалічнасцяў справы. З папярэдняга вопыта працы такіх камісій можна з упэўненасцю сказаць, што асаблівага плёну яе праца не прынясе. Аднак імідж самой Копач, як і кіруючай партыі – Грамадзянскай Платформы быў крыху сапсаваны.

Другім аб’ектам нападаў, у першую чаргу, з боку Я. Качыньскага, стаў сам прэм’ер-міністр Д. Туск, які асабіста прылятаў у Смаленск і нібыта сачыў за ходам справы. Трэба адзначыць, што галава ўраду хутка зарыентаваўся, і адразу прызнаў свае памылкі і доўга выбачаўся перад Сеймам, сем’ямі загінуўшых і ўсімі палякамі. Такая рэакцыя не раз ратавала яго рэпутацыю ў вачах грамадзкасці і, верагодна, спрацуе і зараз. А вось Э. Копач наўрад ці атрымаецца так лёгка ўратавацца.

Не зважаючы на яўную ненавізну “смаленскай тэмы, яе новыя акалічнасці выклікаюць у грамадстве велізарны інтарэс. І кожная згадка пра катастрофу звычайна звязана з нейкім скандалам. То стаянні пад прэзідэнцкім палацам з крыжом, то спрэчкі пра пахаванне на Вавелі, то ідэя пра расійскую змову. На гэты раз справа не менш супярэчлівая, надалей вядзецца следства. Відавочна, “Смаленск зацьміў “Катынь у польскім грамадстве, па раскручанасці, скандальнасці ды і агульнай “ахвярнасці.

Каментаваць