I'm driving too fast, I'm driving too far

Дзяўчына за рулём – гэта сацыяльная з’ява, прыдуманая мужчынамі-кіроўцамі. Такі феномен пераважна звязаны з чалавечай неабходнасцю спіхнуць на кагосьці віну дарозе і з рэалізацыяй уласных комплексаў. У жанчын ён прыводзіць да стойкага ўспрымання сябе як “чайніка. Але ўсё гэта не больш, чым мужчынская змова.

 



Дзяўчына за рулём – гэта сацыяльная з’ява, прыдуманая мужчынамі-кіроўцамі. Такі феномен пераважна звязаны з чалавечай неабходнасцю спіхнуць на кагосьці віну дарозе і з рэалізацыяй уласных комплексаў. У жанчын ён прыводзіць да стойкага ўспрымання сябе як “чайніка. Але ўсё гэта не больш, чым мужчынская змова.

 

Дзяўчына і аўтамабіль ствараюць асаблівы тып міжасабовых адносінаў. Машына-“дзяўчынка з’яўляецца працягам сваёй уладальніцы. Яна заўсёды прыстойна выглядае, нават, калі і не зусім чыстая, а яе вочкі пяшчотна глядзяць (за выключэннем японскіх мадэляў). Машына-“хлопчык як уласнае дзіця. Ён слухаецца і чакае сваю гаспадыню і толькі самотна глядзіць на цябе ў дождж. Які б аўтамабіль у жанчыны ні быў, ён для яе як жывая істота, хатняя жавёла ці дзіця (залежыць ад ступені захаплення і індывідуальных асаблівасцей псіхікі).

 

Тое самае, дарэчы, тычыцца і мужчын, аднак яны хаваюць свае пачуцці за рознымі тэхнічнымі тэрмінамі і называюць машыну не “коцікам ці “буськай, а “ластаўкай. Мяне заўсёды здзіўляла, чаму яны так прыдумалі і няўжо не маглі ўзяць штосьці больш лагічнае. Як бы там ні было, пяшчотныя адносіны дзяўчыны да сваёй машыны – гэта пацверджаны факт.

 

Жанчына ніколі не нашкодзіць сваёй прыгажуні, будзе ехаць асцярожна, з сярэдняй хуткасцю і па правілах, прынамсі тых, што памятае. Ёй нікому не трэба даказваць, што яна можа першай паехаць са скрыжавання і першай заняць месца на паркінгу. Яна проста едзе, куды ёй трэба. Таму толькі мужчына, які звычайна толькі на дарозе можа рэалізаваць свае маскулінныя прэтэнзіі, будзе граць у супермэна. Яму ўсе вакол перашкаджаюць. Калі жанчына падпільвае пазногці, стоячы на светлафоры, ён гэта ўспрымае як злачынства супраць чалавецтва. Гэта звязана з тым, што яму няма чым заняцца ў корку ці ён проста не ведае да каго прычапіцца, але пагадзіцеся, крыўдна.

 

Усялякія нараканні на талент жанчыны-кіроўцы з’яўляюцца ні чым іншым, як дыскрымінацыяй па полавай прыкмеце. Вось чаму паводзіны на дарозе дзядзькаў у шапках абураюць усіх значна менш? Я ўжо не кажу пра асаблівы клас людзей – кіроўцаў “BMW, якія робяць што хочуць, аднак гэта лічыцца крутым. Дык не-е-е, трэба ўсім глядзець на “YouTube відэа пра тое, як паркуецца жанчына ці едзе з крайняга левага ў крайні правы шэраг перад светлафорам.

 

Калі дзесьці жанчына і пачынае “тармазіць, то гэта не яе віна, бо хто нас вучыць кіраваць? Майстры ў аўташколах складаюць асаблівы слой людзей. Ад працы і пастаяннага стрэсу яны развучыліся адэкватана ўспрымаць рэальнасць, размаўляць на іншай мове, адкрамя мацюкоў, і ездзіць на ўласным паліве. За ўвесь час я бачыла адну жанчыну-майстра і то, у сувязі з прафесійнай дэфармацыяй, па другасных полавых прыкметах, гэта было вызначыць немагчыма.

 

Таму ў мяне ўзнікла адчуванне, што мужчыны-майстры калісьці даўно заключылі тайную дамову пра навучанне курсантак. Яны пераўтвараюць тры месяцы ў аўташколе ў перманентны стрэс і пераконваюць ва ўласнай няздольнасці. Яны хваляць толькі хлопцаў, а перад выпускам кажуць, што калі ты здаш іспыт, то павераць у цуды ў гэтым свеце. За ўсім гэтым яны забываюцца нас навучыць больш-менш адэкватна ездзіць, каб пасля было на каго лаяцца на дарозе.

 

Таму ўсе гісторыі пра феномен жанчыны-кіроўцы – гэта міф, створаны мужчынамі, іх калектыўны псіхоз і спосаб рэалізацыі ўласных комплексаў. Яны яшчэ з аўташколы выхоўваюць у нас пачуццё непаўнавартаснасці, а пасля падпітваюць яго кожны дзень на дарозе. Пасля такога ў гэта сапраўды паверыш і пачнеш паводзіць сябе неадэкватна, каб легенда пра жанчыну як кіроўцу-забойцу і надалей жыла.

 

Каментаваць