Польская трагедыя 1939 года

Калі савецкія лідэры казалі, што “Польшча стала першым хаўруснікам Гітлера, а трагедыя ў Катыні была злачынствам нацыстаў, то сучасныя расійскія кіраўнікі нарэшце перагледзелі гэту пазіцыю. Праўда, Уладзімір Пуцін папрасіў прабачэння ў звычайнай для рускіх манеры.

Калі савецкія лідэры казалі, што “Польшча стала першым хаўруснікам Гітлера, а трагедыя ў Катыні была злачынствам нацыстаў, то сучасныя расійскія кіраўнікі нарэшце перагледзелі гэту пазіцыю. Праўда, Уладзімір Пуцін папрасіў прабачэння ў звычайнай для рускіх манеры.

Яшчэ перад сустрэчай еўрапейскіх лідэраў, прысвечанай 70 гадавіне пачатку другой сусветнай вайны, у “Газэце выборчай з’явіўся артыкул галавы расійскага ўраду. Трэба адзначыць, што сп. Пуцін даволі рэдка піша нешта для замежных СМІ, таму можна сказаць, што палякі атрымалі эксклюзіў. Гэты зварот быў прысвечаны гістарычным падзеям 30-х гадоў і хутка атрымаў назву “Ліст да палякаў.

Асноўны сэнс паслання ў тым, што зараз настаў час узаемнага прабачэння і супрацоўніцтва Польшчы і Расіі. Прэм’ер адзначыў, што без ваганняў прыняў запрашэнне Дональда Туска, бо гадавіна пачатку вайны, трагедыя якой тычыцца кожнай расійскай і польскай сям’і, вайны, у якой краіны змагаліся разам супраць фашызму, мае надзвычай вялікае значэнне.

Далей ішла гаворка пра пакт Молатава—Рыбентропа. Як вядома, дамова паміж СССР і Германіяй была падпісана 23 жніўня 1939 года і змяшчала сакрэтны пратакол. Згодна з ім паміж дзвюма краінамі былі падзелены сферы ўплыву па лініі рэк Нарэў—Вісла—Сан, з далейшымі некаторымі змяненнямі. Менавіта гэты дакумент дазволіў савецкім войскам перайсці польскую мяжу 17 верасня 1939 года, менавіта ён прывёў да “чацвёртага падзелу Рэчы Паспалітай, як называюць гэтыя падзеі ў Варшаве. Аднак сп. Пуцін зазначыў, што гэта толькі чарговая дамова ў міжваеннай гісторыі Еўропы, разам з аншлюсам Аўстрыі і забойствам Чэхаславакіі, у якім прыняла ўдзел і Польшча.

Усё гэта, канешне, так, але нельга параўноўваць апетыты. Польшча ў выніку падзелу Чэхаславакіі атрымала кавалак Цешынскай Сілезіі са значнай колькасцю польскага насельніцтва. Канешне, нельга казаць, што гэтыя землі былі неабходны Варшаве, але ва ўсялякім выпадку прэтэнзіі на іх мелі хоць нейкае абгрунтаванне. Што ж датычыцца апетытаў Савецкага Саюзу, то апраўдаць іх цяжка. Больш таго, да заключэння дамовы з фашысцкай Германіяй СССР ніхто не прымушаў. Вельмі сумніўна, што Масква заступілася б за Польшчу ў выпадку пачатку вайны, калі б не было пакта Молатава—Рыбентропа і дамовы аб сяброўстве і мяжы. Сталін здолеў адцяпаць значны кавалак для Саюзу, і на гэта не трэба забывацца, не варта гэта апраўдваць, бо зрабіць тое немагчыма.

Найбольш вострыя дыскусіі выклікала частка артыкула, у якой ідзе гаворка пра трагедыю ў Катыні і Медным. Сп. Пуцін прыгадаў, што падчас польска-савецкай вайны таксама загінула многа чырвонаармейцаў. Таму нельга абвінавачваць у злачынствах толькі адзін бок. Яно то, пэўна, так, але я вельмі сумняваюся, што ў 1920-м годзе бяззбройных бальшавікоў забівалі стрэлам у патыліцу.

Асноўны мэсэдж сп. Пуціна ў тым, што, як аднойчы Францыя і Германія забыліся на ўзаемныя крыўды і заклалі аснову Еўрапейскага Саюзу, так Расія і Польшча павінны пачаць шырокае супрацоўніцтва.

Скажу шчыра, мяне “Ліст да палякаў не толькі не пераканаў, але нават і не крануў. Яго манера нагадвае звычайную велікарускую саступку. Уладзімір Пуцін назваў пакт Молатава—Рыбентропа не адпаведным маральным нормам, але не асудзіў яго сакрэтны пратакол. Больш таго, ён не закрануў пытання пра лёс балтыйскіх краін, а таксама беларускіх і ўкраінскіх земляў, якія ў канцы верасня 1939 года патрапілі пад суцэльныя рэпрэсіі і прымусовую калектывізацыю. Пра Катынь ён казаў вельмі асцярожна, проста прызнаў факт, але не даў выразнай ацэнкі гэтай падзеі. Не думаю, што гэтае пасланне можа змяніць стаўленне палякаў да расейцаў ці карэнным чынам змяніць стасункі паміж краінамі.

 

Каментаваць