Агра-Ёга: Беларусы Саджаюць Бульбу

Канец красавіка – першая палова траўня, як заўсёды, выдаўся для мяне вельмі напружаным. З аднаго боку, краіна ўступіла ў паласу бясконцых сьвяткаваньняў (два Вялікдні, Радаўніца, Першамай – Дзень працоўных, Дзевятамай – Дзень Перамогі). Зь іншага – наяўнасьць безьлічы беспрацоўных дзён на тле больш-менш (хі-хі-хі) вясновага надвор’я, актывізавала адразу ўсе сфэры майго жыцьця: паэты згадалі, што вясна – сэзон фэстываляў і пачалі фэстываліць.



Канец красавіка – першая палова траўня, як заўсёды, выдаўся для мяне вельмі напружаным. З аднаго боку, краіна ўступіла ў паласу бясконцых сьвяткаваньняў (два Вялікдні, Радаўніца, Першамай – Дзень працоўных, Дзевятамай – Дзень Перамогі). Зь іншага – наяўнасьць безьлічы беспрацоўных дзён на тле больш-менш (хі-хі-хі) вясновага надвор’я, актывізавала адразу ўсе сфэры майго жыцьця: паэты згадалі, што вясна – сэзон фэстываляў і пачалі фэстываліць. Адзін за адным адбыліся слэм “Бітва паэтаў 30 красавіка, фінал конкурсу імені Карласа Шэрмана 1-3 траўня, фэстываль “Беларуская вясна ў Кіеве ў першай палове траўня і нарэшце, паэтычны фэстываль “Кіеўскія лаўры. Усё гэта мяне закруціла да запамарокі. Але ж галоўным уражаньнем месяца сталася актывізацыя маіх сваякоў напярэдадні беларускага Лос Муэртасу – Радаўніцы. Як і ўся Беларусь у тыя дні, мае палескія сваякі саджалі бульбу.

Прасунутыя сяброўкі даўно агітуюць мяне запісацца на ёгу. Маўляў, гэта паляпшае фізычны стан і ачышчае карму. Але ж першая ў маім жыцьці пасадка бульбы зрабіла на маё цела і душу ня меншае ўражаньне, чым заняткі ёгай – як іх апісваюць мае прасунутыя сяброўкі. Зранку наступнага дня дзіка балела ўсё цела, хоць, здавалася, я не рабіла ніякіх сур’ёзных целарухаў, – а ў стаўленьні да жыцьця адбылося істотнае прасьвятленьне. Я думаю, усё таму, што ў нашай краіне пасадка бульбы – гэта даўно ўжо не жыцьцёва важна. Значна прасьцей і эканомней купіць колькі мяхоў на восеньскім кірмашы – навошта губляць час і грошы на летняе дбаньне пра няшчасныя соткі? Але ж штовясны сем’і каапэруюцца і вырушаюць на поле. У нашай краіне пасадка бульбы – сакральны рытуал. Беларуская народная аграрная ёга. Агра-ёга.

Вазьміце насеньневай бульбы з разьліку 5-6  мяхоў на сотку.  Расстаўце мяхі ўздоўж разьметкі першае баразны, яна мусіць пралягаць прыкладна пасярэдзіне поля, – па тры з кожнага боку. Пакуль агра-ёга-гуру (самы фізычна дужы ваш сваяк) падводзіць да першай баразны каня (альбо матаблёк), прыміце асану 1 “стоячы, рукі ўрукавічках  убакі, ля нагрі поўны кош бульбы на сваёй частцы баразны. Стойце так увесь час, покуль ваш сваяк з канём/ матаблёкам робіць першы разор. Як толькі ён дадасьць да першага разору другі, прыміце асану 2 “нагнуўшыся, у адной руцэ кош, другая свабодная і свабоднай рукой  пачынайце мэтадычна ўкладваць у яго (не на самы дол, а крыху на край разору) паасобныя бульбінкі на адлегласьці 15-20 см. Потым перамясьціцеся да паралельнага разору па іншы бок першай баразны і паўтарыце асану 2. Потым зноў перамясьціцеся і прыміце асану 1 – покуль ваш сваяк заворвае пасаджаную вамі бульбу. Прысьвяціце гэты час мэдытацыі.

Адну палову поля ўгнаіце сьвіным або каровіным гноем. Другую – хімічнымі ўгнаеньнямі. Увосень будзе цікава ацаніць вынікі барацьбы хіміі і жыцьця.

Пакуль конь адпачывае (матаблёк дазапраўляецца) – адпачніце і вы. Галоўнае не пераблытаць плястыкавую бутэльку, поўную тэхнічнай вадкасьці для матаблёку, з такой жа бутэлькай, але поўднай цудоўнага бярозавага соку на апэльсінавыз корках, які прыгатавала для сэансу агра-ёгі ваша цётка. 

Тры-чатыры гадзіны – і сотка засаджаная! Здыміце брудныя пальчаткі, пыльныя гумачы, памацайце чакры – адчуйце, як шырока яны раскрыліся. Падчас наступных заняткаў агра-ёгай мы навучым вас новым асанам – асанам праполкі, акучваньня, збору калярадзкіх жукоў і нарэшце, асанам бульбакапаньня!

Усяго найлепшага! І памятайце – у здаровым целе здаровы дух, а  бульба – другі хлеб!


 

Каментаваць