Бітва будзільнікаў

У кожным чалавеку, асабліва калі ён Сава паводле птушынага гараскопу, ужываюцца два розныя чалавекі: Чалавек Вечаровы і Чалавек Ранішні. Пры чым гэтыя двое люта адно аднога ненавідзяць.



У кожным чалавеку, асабліва калі ён Сава паводле птушынага гараскопу, ужываюцца два розныя чалавекі: Чалавек Вечаровы і Чалавек Ранішні. Пры чым гэтыя двое люта адно аднога ненавідзяць.

Перад тым, як легчы спаць, вечаровы чалавек засяроджана корпаецца ў мабільніку. На яго твары зьзяе садысцкая ўсьмешка. “Я яму пакажу, гэтай сволачы, гэтаму дармаеду, гэтаму абібоку, – кажа ён пра сябе ранішняга, выстаўляючы будзільнік на 5:50 ранку. Ён цудоўна ведае, што ранішняму чалавеку ўставаць а 7-й, але акурат сёння ранішні чалавек папсаваў яму шмат крыві, бо пасля званка будзільніка  больш за гадзіну нахабна валяўся ў ложку, дасыпаючы. Паводле разлікаў вечаровага чалавека, пачуўшы будзільнік а 5:50, ранішні чалавек мусіць падумаць, што ўжо сёмая, і таму пасьля гадзіны нахабнага валяння, роўна а 7:00, уздымецца і, чухаючы азадак, пацеляпаецца на кухню ставіць імбрык. Мелодыю для будзільніка вечаровы чалавек абірае самую назольную, самую непрыемную для чалавечага слыха. Зазвычай гэта і не мелодыя зусім, а гнюснае бібіканне, агіднае завыванне,  – такое, нібы праз ваш пакой імчыцца калона машынаў хуткай дапамогі з уключанымі сірэнамі.  Задаволены сабою, вечаровы чалавек выключае таршэр і адыходзіць да сну з чыстым сумленнем таго, хто не дарэмна пражыў дзень.

5:50 ранку. У пакоі ранішняга чалавека, які спіць сном немаўляці, пачынае дзіка завываць будзільнік, абачліва пакладзены вечаровым чалавекам у найаддаленейшы ад ложка кут. Ранішні чалавек на імгненне ўзнімае галаву і з працяглым стогнам зарывае яе назад у падушку. “Хвіліну… трэба пратрымацца ўсяго хвіліну, – кажа ён сабе, спрабуючы заціснуць вушы: у гэтай мадэлі тэлефона сігнал будзільніка аўтаматычна аціхае пасьля хвіліннага бібікання. Хвіліна праходзіць – і зноў шчасная цішыня. Але дзе там! А 5:55 азываецца іншае, яшчэ настырнейшае бібіканне. Вечаровы чалавек, перастрахаваўшыся, выставіў будзільнік і на другім сваім мабільніку.  “Садыст! Нелюдзь! – праклінаючы вечаровага чалавека ды спатыкаючыся аб таршэр, дыванкі, ды крэслы, ранішні чалавек у прыцемках прабіраецца да стала і навобмацак выключае будзільнік. Потым вяртаецца і зноў бухаецца ў ложак. Ён раскусіў падступны план вечаровага чалавека:  а 6-й яго не падняць і гарматамі.



Але гэта была адно перамога ў першай бітве. А 6-й абодва будзільнікі пачынаюць выць ва ўнісон. У гэтых мадэлях тэлефонаў закладзены паўтор сігнала праз 5-10 хвілінаў, калі не выключыць будзільнік ці выключыць яго няправільна. А сонны чалавек проста фізічна няздатны выключыць будзільнік правільна. Лепшая абарона – наступленне, вырашае ранішні чалавек і зноў цягнецца да стала. Адзін будзільнік ён, насілу разляпіўшы вочы, умудраецца выключыць правільна, другі пасля некалькіх няўдалых спробаў  перастаўляе на 7-ю. Забраўшы маленькага засранца з сабой у ложак, ён кладзе яго ля падушкі, залазіць пад коўдру і, утульна ўладкаваўшыся, шчасьліва засынае.

Біііііууууу-бііііуууу-бііііуууу!... – азываецца а 7-й.  Ааааааа! Ну навошта на вуха???? – падскоквае ранішні чалавек і з усёй злосці націскае на пімпачку выключэння сілкавання.

А 8:10 ранішні чалавек спалохана ўсхопліваецца без усялякага будзільніка  і, чухаючы азадак, вінавата целяпаецца на кухню ставіць імбрык. “Не, ну як прымусіць гэту падлу, гэтую вечаровую паскудзіну, класціся спаць хаця б апоўначы? – задаецца ранішні чалавек рытарычным пытаннем, адмакаючы ў душы.

Разам з кубкам ратавальнай кавы пачынаецца новы дзень.



Каментаваць