Хронікі культурнага шоку: частка першая

 

Напачатку сваёй паездкі ў Амерыку я абяцала шаноўным чытачам НЧ рэгулярна дзяліцца ўражаньнямі. Але абяцанкі сваёй не датрымалася. Прашу мяне прабачыць і зразумець: зьбіранне ўражаньняў таксама займае час і часам забірае натхненне. Але ж цяпер, калі рэчы для пералёту на радзіму амаль спакаваныя, і мне засталося прабавіць у горадзе Аява-сіці зусім няшмат часу, я вырашыла прывесці ў парадак некаторыя свае хаатычныя запісы, у якіх я сьведчыла рэгулярны культурны шок ад сутыкненьня з Новым Светам.

 

Напачатку сваёй паездкі ў Амерыку я абяцала шаноўным чытачам НЧ рэгулярна дзяліцца ўражаньнямі. Але абяцанкі сваёй не датрымалася. Прашу мяне прабачыць і зразумець: зьбіранне ўражаньняў таксама займае час і часам забірае натхненне. Але ж цяпер, калі рэчы для пералёту на радзіму амаль спакаваныя, і мне засталося прабавіць у горадзе Аява-сіці зусім няшмат часу, я вырашыла прывесці ў парадак некаторыя свае хаатычныя запісы, у якіх я сьведчыла рэгулярны культурны шок ад сутыкненьня з Новым Светам.

 

ЛІНГВІСТЫЧНАЕ

Увесь час пасля майго прыезду ў Аяву-горад я пераймалася тым, што ўпершыню чую некаторыя базавыя англійскія словы. Ну вось як, напрыклад, я магу не ведаць слова “скэджўэл – “графік, план на які тут усе спасылаюцца і наракаюць на кожным кроку? Усё праяснілася, калі я ўпершыню паспрабавала напісаць гэтае слова. Schedule апынуўся старым добрым "шэд'юлам", вывучаным яшчэ ў пятым класе.

Карацей, абсалютна няясна, як пасьля ўсяго, што гэтыя людзі зрабілі з англійскай мовай, яны могуць называць таксі – "кэбам".

Дарэчы, крыху нечаканага пра штат Iowa. Ні зь якім "***ва" ён рыфмавацца ня можа, бо мае націск на першы склад. І таму па-беларуску яго правільна пісаць Аява, прычым, па-мойму, абедзвюма граматыкамі.

 

 

 АКАДЭМІЧНАЕ

 Калі я толькі прыехала ў Аяву, на нейкім супольным мерапрыемстве пісьменьнікі завялі размову, хто як навучыўся гаварыць па-англійску. Хтосьці сказаў, што вывучыў інгліш з амерыканскага тэлебачання, гледзячы фільмы і сэрыялы без перакладу. У кагосьці бацькі былі дыпламаты і вазілі дзіця па свеце. Чыясьці краіна - былая брытанская калёнія, і англійская там другая мова, калі не першая. Хтосьці паціснуў плячыма і сказаў, што нават не ведае, як вывучыў, бо ў яго краіне гэта прыходзіць неяк само сабою, задусюль.

Карацей, я апынулася адзіным чалавекам у групе, хто вывучыў англійскую мову выключна ў сярэдняй школе. Пісьменьнікі адмовіліся верыць - і тады я сказала, што ў мяне быў неверагодна добры настаўнік. І тады пісьменьнікі ўзьнялі келіхі і сказалі тост: "За настаўніка Марыі". І я тады ў думках расьсмяялася, бо апошнія дзесяць гадоў я толькі і раблю, што згадваю яго добрым словам пры кожнымі міжнародным кантакце.

Мой настаўнік англійскай мовы Дзьмітры Леанідавіч Гулякевіч працаваў з намі ад 5-га да 11-га класу. А праз два гады пасля нашага выпускнога, атрымаўшы другую адукацыю, стаў дэканам факультэта ў адным з недзяржаўных унівэрсітэтаў. Гэтыя сем год яго працы былі самым шчодрым падарункам, які я калі-кольвек атрымлівала ад кагосьці ў жыцці. Нават пяць год філфаку ведання ангельскай забіць не змаглі. І, напрыклад, у Нямеччыне і Францыі, калі я на хвіліну ўяўляю, што сусветнымі мовамі маглі б быць нямецкая ці французская, да мяне часта прыходзіць разуменьне, ад якога пекла мяне насамрэч уратаваў усяго адзін-адзіны чалавек.

Я думаю, рэформа адукацыі ў бок павелічэння статуса і заробка настаўнікаў - гэта тое адзінае, дзеля чаго варта імкнуцца да ўлады ў Беларусі.

 

АРЫФМЕТЫЧНАЕ

 Цягам апошніх месяцаў маё жыцьцё ператварылася ў матэматычнае пекла: 10-12 разоў на дзень даводзіцца пераводзіць футы ў метры, цалі ўе, фунты ў кілі, унцыі ў грамы, галоны ў літры, мілі ў кіламэтры, і - самае страшнае - фарэнгейты ў цэльсіі. Апошні онлайн-піравоччык я нават паставіла ў мэню браўзера, якое так і называецца - "гарачы выклік".

Што цікава, пры кожнай спробе скарыстацца гэтым сайтам, спам-сістэма аўтаматычна выкідвае цябе на старонку “Латэрэі грын-кард.

 

РЭЛІГІЙНАЕ

 

У Амерыцы апошні піск - драўляныя бранзалецікі з прэрафаэліцкімі абразкамі. Ну, вы бачылі такія... У буціках іх прадаюць за 5 баксаў, у кітайцаў у прыстойным Чайнатаўне можна старгаваць за бакс.

І ведаеце, што мяне, невылечную шопніцу, спыняе ад пакупкі?

Не цана.

І не тое, што я ўжо купіла адзін такі ў Бялградзе па дарозе ў Чарнагорыю, проста К. нахабна забраў і носіць, як свой.

А тое, што

ІКОНКІ НЕ ПРАВАСЛАЎНЫЯ!!!!

 

 

ВАДЗІЦЕЛЬСКАЕ

kurt_bielarus цытуе расійскія аўтамабільныя форумы, дзе абмяркоўваюцца беларускія дарогі:

 

В городах, особенно больших, будьте предельно осторожны в плане переходящих проезжую часть. Белорусы-пешеходы - "притча во языцех"!

Они привыкли, что, как только ступил на проезжую часть, все машины должны остановиться, и не обращают на вас внимания. Наглости их нет предела...

У ЗША, як чалавек без пашпарта латэнтны кіроўца, я спыталася ў Кўіні, шафёркі, якая возіць нас на экскурсіі, які этыкет пераходу дарогі на скрыжаванні, калі няма ані зебры, ані светлафораў у гарадской рысе - там, дзе такі характэрны амэрыканскі прыватны сектар. Нагодай для размовы сталі яе скаргі на студэнтаў, якія ў цэнтры гораду нахабна пераходзяць дарогу дзе ім уздумаецца і калі.

Кўіні сказала, што па амэрыканскіх кіравецкіх паняціях, першым праходзіць/ праяжджае той, хто першым прыбыў на скрыжаваньне (узаемапавага пешахода і аўтамабіля і выключэньне дыскрымінацыі па адсутнасьці транспартнага сродку). Калі я правільна зразумела, блізкую машыну ты мусіш прапусьціць, а вось тая, што крыху далей, павінна спыніцца ці хаця б загальмаваць. Што амаль заўжды актуальна, бо неабазначаных скрыжаваньняў у такім маленькім гарадку, як Аява-сіці, багата, рух інтэнсіўны, а многія ходзяць на заняткі пешкі.

Хоць стрэмна, канешне. Пераходжу па-беларуску, маленькімі перабежкамі, убядзіўшыся, што у прэдзелах відзімасьці адсутнічаюць транспартныя срэдзтва.

Дарэчы, а вось і Кўіні:


САНІТАРНА-ЛІТАРАТУРНАЕ

 

Даруйце эстэты, але ўражаньні бываюць і такія.

Ва ўнітазе амэрыканскай сыстэмы вада стаіць амаль да паловы ўнітазнай вазы. Прычым, мяркуючы па суаднесеньні ўзроўня вады і крутасьці месцаў, дзе мне даводзілася бываць, чым вышэй стаіць вада, тым амэрыканец больш давярае туалету. У свой першы заход у заакіянскі басрум, я роспачна пачала клікаць гаспадароў дома, пераконваючы іх, што туалет забіўся. Гаспадары зьдзіўлена зьвялі бровы і нават не пайшлі глядзець. Кажуць, немагчыма.

Першую прыбіральню, больш-менш падобную да "савецкай" я пабачыла ў Чыкага, у музэі Эрнэста Хэмінгуэя. Вада стаяла роўна настолькі, наколькі мы ў СССР да гэтага прызвычаіліся. А на сьценцы вісела паперка з такім надпісам, што я ледзь не расплакалася:

"Шаноўныя наведнікі музэю! Унітазы не зламаныя, проста яны вельмі старэнькія і паволі пампуюць ваду. Прабачце за гэтую нязручнасьць і дзякуй за разуменьне".

 У прынцыпе, тое ж можна сказаць і пра сам музэй: старэнькі, даўно не абнаўлялі, але працуе. Наведнікаў там вобмаль, і цётачкі ды дзядзечкі - яго супрацоўнікі - нечым нагадалі нашых музэйшчыкаў, якія туляцца сярод застарэлых стэндаў у чаканьні рэдкага наведніка.

Амэрыканцы, што, зрэшты, агульнавядома, вельмі далёкія ад культа старога Хэма. Калі пісьменьнік з Расіі, які тут з намі ў групе, захоплена пачынае ім расказваць пра сілу яго творчасьці, амэрыканцы паціскаюць плячыма і хмыкаюць так, што гэта здольна на доўгі час выбіць з каляіны ісьціннага савецкага шасьцідзясятніка.

Музей старога Хэма ў Чыкага:

Усяго ў пары кварталаў - і дом, дзе нарадзіўся пісьменьнік:

Унутры - раскошныя віктарыянскія інтэр'еры і экскурсавод з замашкамі вайскоўца ў адстаўцы:

 

Працяг будзе.

 

 

Каментаваць