Як мы замянялі крышнаітаў

Учора я атрымала новы цікавы досьвед - чытаньне вершаў на вуліцы. Бо паўдзельнічала ў "Фэсьце вулічнага мастацтва", які арганізоўваў мой аднакурсьнік па Беларускім Калегіюме Кірыла Ільніцкі. Ён ходзіць у студыю пры "Свабодным тэатры", і ў сераду зранку ён патэлефанаваў і сказаў, "Марыйка, мне трэба здаць залік".

Учора я атрымала новы цікавы досьвед - чытаньне вершаў на вуліцы. Бо паўдзельнічала ў "Фэсьце вулічнага мастацтва", які арганізоўваў мой аднакурсьнік па Беларускім Калегіюме Кірыла Ільніцкі. Ён ходзіць у студыю пры "Свабодным тэатры", і ў сераду зранку ён патэлефанаваў і сказаў, "Марыйка, мне трэба здаць залік".


 


Ідэя, як мне яе апісалі, выглядала так: пяць паэтаў у пяці кропках у цэнтры гораду чытаць вершы ў суправаджэньні якога-небудзь выгляду карнавальнай (або падобнай да яе) актыўнасьці: вулічная музыка, пантаміма, фокусьнікі, фаер-шоў і нават крышнаіты... Месцы выступаў не абвяшчаюцца адкрыта, мэта - сабраўшы невялікую групу падтрымкі стварыць момант, атмасфэру, заахвоціць мінакоў далучацца і г.д. Трэба было цягам паўдня знайсьці пяць паэтаў, якім бы было цікава так выступаць, бо іх імёны трэба ўпісаць на афішы. Я пачала абзвон і да вечара гэтыя прозьвішчы ў мяне былі - хоць многія з знаёмых адмаўляліся: у апошнюю сераду траўня шмат хто ўжо дакладна ведае, чым ён будзе займацца на выходных.

Сьляпая піяністка

І вось прыйшла стрэмная нядзеля. Стрэмная, - таму што на момант пачатку лятучы фэст выглядаў зусім іначай, чым гэта плянавалася. Так, паэты, прыйшоўшы, выявілі, што ўдзельнічаюць у акцыі падтрымкі сьляпых музыкаў каля кансэрваторыі. На ходнік выцягнулі піяніна, і сапраўды: выступала сьляпая піяністка. Аказваецца, сьляпых у Беларусі не прымаюць у кансэрваторыю. Акцыя праходзіла пяшчотна і кранальна, калі не лічыць таго факту, што дзеці слухачоў, гуляючы ў кіча, знайшлі за рогам запаркаваны аўтобус са спэцназам, а ў разгар музыцыяваньня натоўп імкліва прарэзалі... так-так - мопс з Леанідам Васільевічам Дранько-Майсюком! Гэта адбываецца штодня, паміж сёмай і восьмай, пры любым надвор'і... Калі доўга-доўга сядзець на прыступках кансэрваторыі, міма абавязкова пройдуць Леанід Васільевіч і яго мопс...

Раз-пораз на ганак галоўнай музвучэльні краіны выбягала сівая вахцёрка і, заломваючы рукі, пыталася: "Гэта што - пратэст???"

- Гэта канцэрт, які пакліканы зьвярнуць увагу на праблемы сьляпых музыкантаў.

- Не, вы мне проста патлумачце: гэта пратэст ці не пратэст???

Пад гукі фано мы, паэты, вырушылі на выступ.

ХарЭ Крышна

Як выявілася непасрэдна перад фэстывалем, усе групы, якія запрашалі да ўдзелу, па розных прычынах выступаць адмовіліся. Музыкі - найперш таму, што іх запрасілі выступаць у іншыя гарады ў клюбы. Астатнія, трэба думаць, таму - што акцыя не была афіцыйна дазволеная Мінгарвыканкамам. Прынамсі, пераказваюць наступны дыялёг з групай менскіх крышнаітаў:

- Ці не маглі б вы паўдзельнічаць?..
- А мерапрыемства дазволенае Мігарвыканкамам?
-Не...
-Не, не маглі б! Усе нашыя ў нядзелю ў рэанімацыі!

У прынцыпе, я ведала, што жыву ў краіне, дзе нават крышнаітам на праход па вуліцы трэба атрымаць дазвол гарвыканкама, але не пісала пра гэта, бо ў мяне ў маім блогу негалосны мараторый на нюансы нашай жытухі. Але я думаю, што пра гэты выпадак з крышнаітамі можна, бо гэта мяжуе з абсурдам, а мяжа абсурду - галоўная тэма майго блогу.

Я мусіла чытаць з плястычным тэатрам, і мы нават дамовіліся зь дзяўчынай на рэпэтыцыю, але яна тэлефанавала па тры разы ў дзень: то адмаўлялася, то пагаджалася, а зранку ў нядзелю саскочыла канчаткова, сказаўшы, што хворая.

Самае цікавае ў гэтай сытуацыі тое, што людзі ня хочуць прызнацца, што проста баяцца выходзіць на вуліцу.

А паэтам усё пофіг. Пяцёра маіх знаёмых пагадзіліся, за што ім вялікі дзякуй. Бо, па-мойму, атрымалася сымпатычна.


На Маскву!

Такім чынам, на трох кропках паэты чыталі з акустычным гуртом "Relikt".

- Я і Андрэй Адамовіч чыталі на "Люўры" ля ратушы.

- Вера Бурлак і Віця Жыбуль чыталі калі дому модаў на Нямізе.

Віталь Рыжкоў чытаў каля кінатэатру "Масква".

Падчас выступу Віталя Рыжкова на гукі гітары народу сабралося як найболей. Замест абяцаных крышнаітаў Віталю таварышаваў нарад АМАПу. Тры дужыя хлопцы падыйшлі і спыталіся ў гітарыстаў: "У вас усё нармальна?" - "Так," - адказалі гістарысты. - "А ён што... сьціхі чытает?" - "Ну так", - адказалі гістарысты.

На гэтым меркаваны канфлікт з уладамі быў вычарпаны.

Выступ каля "Масквы" залучыў у шэрагі аматараў мастацтва катыэгорыю грамадзянаў, якія прыйшлі "чыста культурна аддахнуць на юбілейке". Усе яны з энтузіязмам вырушылі на апошнюю стацыю гэтай альтэрнатыўнай пілігрымкі - да помніка Пушкіну.

Каля помніка Пушкіну зажыгаў Хадановіч.


Палымяны Бармаглот

Андрэй Хадановіч чытаў вершы ў суправаджэньні фаер-шоў ад гурта "Палымяны Бармаглот". Выглядала проста містычна - асабліва таму, што ў яго і круцільшчыкаў агня была магчымасьць рэпэтыцыі. Апісаць словамі гэты выступ не выпадае. Хадановіча выклікалі на "біс", прычым - тыя самыя кульурныя аддыхаюшчыя зь юбілейкі: "Андруха!!! Давай яшчо", "Андруха! А я тожэ - Андруха! А давай я ў цібя кнігу куплю". У гэтую хвіліну я на сэкунду паверыла пра нешта наклшталт карнавалу.

Художника обидеть каждый может

Калі падводзіць вынікі ўчорашняга, безумоўна, прыемнага дня, то цікавая адна дэталь. З усімі ўдзельнікамі фэстывалю, апроч паэтаў, было дамоўлена... за два тыдні. І перад самым пачаткам амаль усе творцы паадмаўляліся - хто з-за грошай, хто з-за "рэанімацыі". А паэтаў, як мне сказалі, "спачатку не хацелі браць увогуле" - але ў апошні момант "вырашылі падключыць". І ў выніку акцыя атрымалася паэтычная, бо толькі паэты не саскочылі, і толькі на паэзіі ўсё трымалася.

Сучасную беларускую літаратуру загналі ў комплексы. Літаратары ў нас пагаджаюцца на ўсё, і трываюць любое, парой вельмі няветлівае абыходжаньне. Крытыкі, замест таго, каб аналізаваць творы, абмяркоўваюць, хто з кім пераспаў і хто ў якіх шмотках выступаў. Рэцэнзій на кнігі няма, затое публічных асабістых абразаў  - процьма. Калі, крый божа, высокая арэнда залі - літаратары няспынна выбачаюцца за гэта перад публікай: даруйце, родненькія, але ўваход будзе платным, бо трэба адбіць арэнду... Паэт лічыць за лепшае падарыць кнігу зь вершамі, а грошы выдаўцу аддаць з уласнай кішэні, каб не абвінавацілі ў празе нажывы: ты ж ня можаш не пісаць, сука? Дык давай, а то хто цябе яшчэ чытаць будзе? Між тым, як паказаў учорашні вечар, паэзія ў нашай краіне - поўнавартасная замена іншым відам мастацтва. І, так напраўду, пакуль тутэйшыя творцы чыхнуць без дазволу баяцца, адзіная ім альтэрнатыва.

Думаю, выслаўлю думку і сваіх сяброў-літаратараў таксама, калі падзякую гурту "Relikt" і групе "Палымяны Бармаглот" за тое, што не адмовіліся ад удзелу ў імпрэзе и падтрымлівалі чытаньне вершаў. На маю думку, учора мы вельмі пазытыўна прабавілі вечар.
 

Каментаваць