“Како дэ Шанэль”: правілы карыстання рэвалюцыяй

На французскую кінастужку “Како дэ Шанэль я пайшла з мамай. Таму таго вечара ў кінатэатры мы рабілі ўсё так, як належыць рабіць, калі прыстойная публіка выбіраецца ў кінатэатар. Прыехалі ўчас. Купілі ў касе  найвыгоднейшыя месцы ў геаметрычнай сярэдзіне залі. Занялі менавіта іх, а не нейкія іншыя месцы. Зрабілі гэта да таго, як згасілі святло і пачаўся “кінажурнал – трэйлеры фільмаў, якія неўзабаве з’явяцца ў пракаце.



На французскую кінастужку “Како дэ Шанэль я пайшла з мамай. Таму таго вечара ў кінатэатры мы рабілі ўсё так, як належыць рабіць, калі прыстойная публіка выбіраецца ў кінатэатар. Прыехалі ўчас. Купілі ў касе  найвыгоднейшыя месцы ў геаметрычнай сярэдзіне залі. Занялі менавіта іх, а не нейкія іншыя месцы. Зрабілі гэта да таго, як згасілі святло і пачаўся “кінажурнал – трэйлеры фільмаў, якія неўзабаве з’явяцца ў пракаце. Апроч таго, мама здзейсніла адзін маленькі рытуал, самым непасрэдным чынам звязаны з фільмам, які мы збіраліся паглядзець: “Я надушылася “Шанэллю №5, – давяральна прашаптала яна мне па дарозе ў кіно. Але калі сеанс пачаўся і мама павяла шалікам у надзеі рассеяць вакол сябе канцэптуальны водар,  выявілася, што ў залі дамінуюць іншыя пахі. Злева і справа ад нас, спераду і за намі атабарыліся розныя дзявочыя кампаніі. Як толькі згасілі святло, усе 20 дзяўчат як па камандзе выцягнулі пляшкі і закуску. І таму ўсе дзьве гадзіны прагляду  ніякай “шанэллю і блізка не пахла: у насы нам няшчадна біў трывалы духан, букет якога складалі піўныя пары, рыба і араматызатары для чыпсаў.

Я ні ў якім разе не збіраюся маралізатарстваваць з нагоды культуры менскага студэнцтва ці іранізаваць наконт піўна-чыпсавых кінатэатральных завядзёнак, якія на нашых тэрыторыях замяняюць амерыканскія кольна-папкорныя (будзем шчырымі: 80% прадукцыі, закупанай нашым родным “Кінавідэапракатам, іншага глядацкага стаўлення проста не заслугоўваюць).  Тым больш што няясна, куды б мяне занеслі абставіны, калі б я пайшла ў кіно без мамы – у аналагічную дзявочую кампанію ці на “месцы для пацалункаў.  Але кантраст паміж творам рэжысёркі Анн Фантэн і тым, што адбывалася падчас яго дэманстрацыі ў залі, выразна ілюстраваў даўні афарызм Ота фон Бісмарка пра тое, хто рыхтуе рэвалюцыі, хто здзяйсняе іх і хто імі карыстаецца.

Како Шанэль (1883 – 1971) – жанчына, якая змяніла жанчын і якой за гэта нічога не было. Яшчэ за 200 год да таго за такія рэчы ў Францыі палілі на вогнічшы. Шанэль жа пражыла доўгае плённае жыццё, большую яго частку працуючы на ніве фэшану, ствараючы класічны стыль сучаснай вопраткі. Сюжэт фільма, дзе ў заканадаўцу модаў пераўвасобілася улюбёніца ўсіх  Амэлі-Одры Тату, паказаў маладосць Шанэль, засяродзіўшыся найперш на моманце “пстрычка, пералому, які зрабіў з Габрыелы Банёр Шанэль, гадаванкі каталіцкага сіроцкага прытулку, маладой спявачкі кабарэ, што славілася выкананнем “Песенькі пра Како найуплывовейшую (па версіі часопіса “Тайм) жанчыну ХХ стагоддзя.

Одры Тату паказала нам няпростую па характары,  валявую паненку з глыбокімі дзіцячымі комплексамі (сірата пры жывым бацьку), прагай знакамітасці і незалежнасці ад мужа (мужчын) і – абсалютным пачуцьцём стылю. Яе ўнікальнасць і непадобнасць да 100% суайчынніц прыцягвае да яе прыгожых і ўплывовых мужын – французскага афіцэра-арыстакрата  Эцьена Бальсана і ангельскага прамыслоўца Артура “Боя Кейпла (яскравыя акторскія працы Бенуа Польвардзьё і Алясандра Нівола). Першы каханак дапамагае ёй зацвердзіцца ў вышэйшым свеце ў ролі дзевачкі-арыгіналкі, якая мае права насіць мужчынскую вопратку дома і чорныя сукенкі на баль, другі дае грошай на адкрыццё ўласнага бізнэсу – салону дамскіх капелюшыкаў, з якога пакрысе ўтвараецца вядомы нам цяпер дом модаў Шанэль. 

Як і любая іншая рэвалюцыя, гэтая таксама не адбылася б без сацыяльна-гістарычных  перадумоваў: першая сусветная вайна і разруха ў Еўропе спрычынілася да таго, што жанчыны сталі эканоміць метры тканіны на спадніцу і былі змушаныя да сацыяльнай ды працоўнай актыўнасці: авангард ад Како, якая прапанавала ўжываць для жаночай вопраткі зручныя “мужчынскія тканіны і перакраіла традыцыйна мужчынскія гарнітуры пад жаночыя формы, былі як ніколі дарэчнымі. Гэта быў неверагодны прагрэс светапогляду: яшчэ ў пачатку стагоддзя дама без цяжкіх залатых падвесак, натуральных дыямантаў, пер’я і штучных кветак на яскравым багатым строі пачувалася голай: у шэрым ды чорным у Францыі хадзілі адно манашкі, гувернанткі ды прыжывалкі. Шанэль зрабіла ўсё гэта ультрамодным у найвышэйшых слаях грамадства.

Але сацыяльнае ў фільме – адно фонам. Фільм “Како дэ Шанэль найперш паказвае нам прыгожую і трагічную мілосную гісторыю, што завяршаецца жудаснай аварыяй, якая ў 1919 годзе забрала жыццё Артура Кейпла – кахання ўсяго жыцця Шанэль. Да роспачы шмат каго з глядачак, прафесійныя дасягненні Како  вынаходніцтва “маленькай чорнай сукні  ці водару парфумы “Шанэль №5  – засталіся тут па-за кадрам.

“Рэвалюцыі рыхтуюць геніі, здзяйсняюць фанатыкі, а карыстаюцца імі мярзотнікі, – гаварыў Ота фон Бісмарк. Дзякуючы Шанэль, жанчыны ХХ стагоддзя атрымалі права на мужчынскія фасоны а разам з тым – на мужчынскія заняткі. Ды толькі вось небажыхарка Како дбала не адно пра выклік патрыярхальнаму грамадству і зручнасць ды адпаведнасць моды  эпосе, але і пра густоўнасць вопраткі і яе падрэсленую класічнасць, гарманічнасць і адпаведнасць яе маралі свайго часу. Універсальная “маленькая чорная сукня па-пурытанску закрывала локці і калені жанчыны; рэвалюцыйнасць “Шанэль №5 палягала ў выкарыстанні найноўшых дасягненняў хіміі: цяпер можна было не аблівацца парфумай з ног да галавы, дастаткова было капнуць на руку кропельку, каб прыемна пахнуць увесь дзень… Мне здаецца, разам з ПРАВАМ насіць нагавіцы ды марынаркі, выходзіць у людзі без суправаджэння бацькі/брата/жаніха/мужа, прылюдна піць алькаголь ды паліць мы, жанчыны, успадчынілі ад непаўторнай Како і АБАВЯЗКІ: адчуваць стыль і ведаць меру. Гледзячы на кічаватую вопратку многіх суайчынніц мне здаецца, што часы ў Беларусі ўсё яшчэ дарэвалюцыйныя – “дашанэлеўскія.

-------------------------------------------------

Здымак: http://www.cheap-perfume.co.uk/wp-content/uploads/2008/02/chanel-no-5.jpg
 

Каментаваць