Практычны дапаможнік па танцах на стале

 

Нядаўна пераказалі беларускі пераднавагодні анекдот, які меў месца ў рэальнасьці. Адна літаратарка напісала ў сваім блогу, што ёй удалося — у абыход цэнзуры! — надрукаваць у дзяржаўнай газеце верш пра свабоду. Праўда, з цэнзурных меркаванняў давялося прыбраць з верша адно слова — “свабода.

 



Нядаўна пераказалі беларускі пераднавагодні анекдот, які меў месца ў рэальнасьці. Адна літаратарка напісала ў сваім блогу, што ёй удалося — у абыход цэнзуры! — надрукаваць у дзяржаўнай газеце верш пра свабоду. Праўда, з цэнзурных меркаванняў давялося прыбраць з верша адно слова — “свабода.

 

Увесь 2001 год у эфіры “Радыё Свабода гучаў праект “Верш на свабоду. Сёньня, у пачатку году 2011-га, калі я трымаю ў руках  выдадзеную 10 год таму кнігу “Верш на свабоду, мне бязмежна сумна — ад таго, што  сёлета гэты праект РС стартаваў паноўна. За 10 год так нічога і не змянілася і — як паказвае выпадак са згаданай літаратаркай — у такой трыбуне ёсць патрэба.

 

Умовы ўдзелу ў праекце  “Верш на свабоду-2 ў  артыкуле Евы Вайтоўскай.

 

Адсылаючы ў рэдакцыю РС свой “верш на свабоду, я чамусьці была перакананая, што яго не прымуць. Бо папярэдні праект быў вельмі пафасным, а ў маім вершы, як заўжды — “біццё вокнаў у бацькоўскай хаце. Аднак, нягледзячы на гэта,  мой верш прагучаў у эфіры 14 студзеня.

 

“Танец на стале  для мяне — гэта найперш метафара вар’яцтва, гора ад розуму. Філфакаўскі выкладчык на першым курсе папярэджваў: вучыцеся, але не завучвайцеся. Быў выпадак, калі нашу студэнтку забралі ў Навінкі, бо ў разгар зімовай сесіі тая пачала танчыць на стале ў Нацыянальнай бібліятэцы.

 

Але чым далей ад вучобы, тым больш метафара відазмянялася. У кантэксце клубна-багемнага жыцця “танцы на стале — сінонім бяздумнай весялосці — на мяжы з хуліганцтвам. Падчас вечарынак на стол я залазіла, здаецца, двойчы — на нізкі “журнальны столік на "Дударскім фэсце" ў мінскім “Рэактары і на магутны дубовы бяседны стол у кнайпе “Хмяльны дом у Львове, дзе мы разам з львоўскай паэткай Ксеняй Васькіў скокалі пад харкаўскі гурт “Сабакі ў космасе. Абодва разы ахоўнікі клубаў былі мной моцна незадаволеныя.

 

І вось гэтай восенню, у амерыканскім гей-клубе, куды мы патрапілі выпадкова — толькі таму, што рэшта насельнікаў штату акупавала іншыя бары і клубы, каб глядзець футбол, — я залезла на стол у трэці раз. Гэта адбылося пасля таго, як мы з ісландцам і сінгапурцам радасна паскокалі ў закратаванай частцы танцполу, на радасць усім уладальнікам лічбавых мыльніц — акурат праз хвіліну пасля таго, як з гэтай клеткі выйшлі стрыптызёры. Праўда, з таго стала я хутка злезла — ён апынуўся вельмі хісткім. Але, здавалася, з таго стала ў момант нестрыманай маёй весялосці зганяць мяне не збіраўся ніхто. Такім чынам, “танец на стале пакрысе развіўся для мяне ў складаную, супярэчлівую і хісткую, як і ўсё беларускае, метафару Свабоды.

 

ПРАКТЫЧНЫ ДАПАМОЖНІК ПА ТАНЦАХ НА СТАЛЕ

 

Аксане Васькіў

 

Галоўнае — хадзіць па танцполе, нібы носіш чырвоны сцяг, —

і тады эгаістычныя геі падпусьцяць да шоста.

Калі шост надакучыў, стол — заканамерны працяг.

Танчыць на стале вельмі проста.

 

Правер стол:

пераканайся,

што ён дастаткова хісткі для тваіх мэтаў.

(Бяспечней, канешне, каб стол быў трывалым, але

ты можаш танчыць толькі на хісткім стале,

 

бо хісткае — твая карма

твой стрэмны кон

няясная ніва,

хімерны Салярыс,

маргінальная ultima Thule).

 

Заплюшчы вочы,

ранняя восень,

ты на Браславах,

час збіраць журавіны,

пад нагамі дзёран,

пад дзёранам тонны вязі,

вікінгі ў драках

ляжаць у ёй штабялямі.

Хрыпы кнігаўкі.

Званы Іказні.

Посвіст катара рыбнагляду.

Ты дома.

Ты вольны.

Ты мусіш.

Расплюшчы вочы.

Расслаб калені.

Раскінь рукі.

Рассунь падэшвамі пілсы ды вайсы.

Адрывайся.

 

Танчы раз-два —

пад табой дрыгва.

 

Танчы нон-стоп —

гэта топь.

 

Калі душа прагне —

тусі на багне.

 

Не шкадуй мэблі

на хліпкай грэблі.

 

Скачы — опа-опа —

на лёгкіх Еўропы.

 

То брэйк, то марш —

shake the marsh.

 

Гуляй, галота, —

трасі балота.

 

Усе вочы клубу скіраваныя на цябе,

на гэтым этапе галоўнае — не здацца ахове...

А, зусім забылася: ты танчыш не ў межах РБ —

усё адбываецца ў кансерватыўным Львове.

Фацат у вышыванцы мкне на цябе са спіны,

іншы — з трызубам — падступна заходзіць справа

(Пароль: “Слава Україні!

Водгук: “Героям слава!).

 

Цябе выстаўляюць з клубу, але — гэта ж Львоў! —

нат не штрафуюць і не здаюць у кутузку.

Пад ліхтаром пара ўкураных галіцкіх львоў

вучыць нейкага каталонца мацюкацца па-руску.

Каталонцы даяжджаюць да Львова —

гэта клёва,

але

ім не зразумець беларускага танцу на хісткім стале.

Каментаваць