Серыял "Школа": Вяртанне ў звярынец

Сусед запісаў мне 6 серый новага рускага серыяла “Школа, які 11 студзеня пачалі паказваць у Расіі па канале ОРТ. У працэсе прагляду мы праз гугл даведаліся, што ў Расіі скандал: міністэрства адукацыі нібыта збіраецца забараніць серыял за чарнуху і аднабаковасць. Здымала Валерыя Гай Германіка — маладая рэжысёрка фільму “Усе памруць а я застануся.  (На здымку: гэта не акторка, гэта рэжысёрка)



Сусед запісаў мне 6 серый новага рускага серыяла “Школа, які 11 студзеня пачалі паказваць у Расіі па канале ОРТ. У працэсе прагляду мы праз гугл даведаліся, што ў Расіі скандал: міністэрства адукацыі нібыта збіраецца забараніць серыял за чарнуху і аднабаковасць. Здымала Валерыя Гай Германіка — маладая рэжысёрка фільму “Усе памруць а я застануся.  (На здымку: гэта не акторка, гэта рэжысёрка)

Я гэты фільм не глядзела, але мне апавялі, што серыял фактычна працягвае яго тэмы і вобразы.

Тут і далей - кадры з серыяла "Школа"

Тут і далей — кадры з серыяла "Школа"

Хто скраў партрэт

Што сказаць? Прынамсі, я пабачыла нешта іншае за ўбогі рускі серыял, якія кіламетрамі глядзяць мае маці і бабуля. Шмат “добрага ўжо прамоўлена пра рускія серыялы, каб не паўтарацца, скажу, што рускія серыялы “з жыцьця ў сваёй масе мяне выводзяць.  “Іріна, почему ты бросіла Александра? — Потому что он ізменіл мне с Анастасіей, — і так гадзіну з перапынкамі на рэкламу. Тое ж лацінскае мыла, але з меншымі эмоцыямі і без экзатычных краявідаў. Дзеянне зазвычай адбываецца ў безаблічнай правінцыі Расіі (якую здымаюць пераважна ў Менску, як вы разумееце), каб кожная хатняя гаспадыня на “8200 вёрст пустаты змагла Атаясаміць.

 У серыяле “Школа няправільна толькі адно: яго мэтавая аўдыторыя — падлеткі. На мой густ, ён зняты занадта “твінпіксава і “доктархаўзава як на цінэйджэрскую псіхіку. Самае галоўнае — дасягаецца поўны эфект прысутнасці, бо камеру падносяць упрытул да актораў, у некаторых выпадках мы бачым адно палову твару ці вусны. Гэта грузіць і цісне. Зрэшты, я, магчыма, дарма кажу за сучасных цінэйджэраў — я дзіця 1990-х, вяршыня майго тэхнічнага прагрэсу ў 13 год — чорна-жоўты тэтрыс на DOS-аўскім кампутары. 

А так паводле сюжэту — тое ж мыла, толькі з жыцця 9 “А класу. Праз апісаны вышэй эфект плюс асаблівасці сцэнарыя пачуваешся, нібы ты сядзіш там з імі. Размаўляюць на дзікім, канцэнтраваным маскоўскім дыялекце. Я такі раз на год чую, калі ў Ма-аскву выбіраюся, бо дыктары і іншыя персанажы на расійскім тэлебачанні размаўляюць збольшага літаратурна. Усё паказана ВЕЛЬМІ праўдападобна. У рускім інтэрнэце захлёбваюцца: ды што ж вы робіце, школа не такая, яна харошая — а я вось вам скажу: школа такая. У Беларусі, праўда, — з папраўкай на БРСМ ды іншую дзяржаўную ідэалогію.

Мяркую я не па сваёй школе — я вырасла ў парніку. Школьная форма, профільныя класы і ўсе дзялы. Ячэйкі БРСМ намаганнямі дырэктара няма і дагэтуль. Пасля 9 класа дырэктар збіраў паралель у актавай залі і казаў: усе адкіды павінны самі забраць дакументы для ПТВ або суседніх школаў, або ён іх выкіне сілай. Гэты нацызм прыводзіў да таго, што ў нас не было кампаніі паўкрымінальных, але рамантычна-абаяльных кепскіх мальцаў, якія зводзілі б малодшых дзевак. То бок, яны былі, але не рабілі надвор’я і ўрэшце мімікравалі пад “харошых. Выдатнікаў і завучак ніхто не чапаў — іх вакол мяне была пераважная большасць. Быў гурток па “Што? Дзе Калі?, ёпта! Праз гэты гурток мяне нават снежкамі ні разу не закідалі, як скончаную завучку, бо з намі туды хадзіў адзін разумны і кемлівы, але прыблатнены дваровы пацанчык, якога вельмі паважала школьная шпана, колькі яе там было. І ў першы дзень, калі выпаў снег у 9-м клясе і шпана ладзіла Пэрл-Харбар завучкам, ён пабачыў, што я ўваходжу ўва двор, выйшаў насустрач і правёў па двары, узяўшы за плечы, як сэк’юрыці ў галівудзкіх фільмах. Пры гэтым гучна размаўляў пра нешта цікавае нам абодвум. З таго часу да канца школы мяне не чапалі. Прынамсі, адкрыта.

У маім класе было 19 медалістаў з 29 чалавек і толькі адзін чалавек скончыў школу з “троешным атэстатам. Усе 29 чалавек паступілі ў бэбібумны 1999 год у дзяржаўныя ВНУ або ЕГУ. Такі вось парнічок.

У верасні 2004 года ў мяне быў шанец “успомніць усё і на пару месяцаў стаць вучылкай. Педпрактыка. Калі размяркоўвалі студэнтаў па школах, я была ў бажэсцвенным паходзе па Браслаўскіх азёрах. Сяброўкі запісвалі мяне праз мабільнік, які тады ўжо ў нас усіх быў, прычым абірала я не школу, а імя куратара — каб было менш праблемаў з справаздачамі. Месцам маёй практыкі аказалася педагагічная гімназія. Працаваць-вучыцца я ішла туды, як у чарговы парнічок.

Дык вось, серыял рэжысёркі Германікі для мяне — як вяртанне на педпрактыку. Спачатку хаос і малалеткі ў калідоры, потым малаўпраўляемы 9 клас, да якога мяне прымацавалі, потым — настаўніцкая з шампанскім у кубках ад гарбаты. Хіба што ў расійскім серыяле завуч не ўлятае ў кадр у эпілептычным прыпадку: "ХТО СКРАЎ ГІМН, ГЕРБ І ПАРТРЭТ З 25-ГА КАБІНЕТА? СРОЧНА ПАВЕСІЦЬ НА МЕСЦА!!!"

У серыяле галоўная дзейная асоба — 9 “А клас. Туды прыходзіць разбітны новенькі, які, ледзь прайшоўшы вахту, атрымлівае па мордзе ад 10-класніка, а потым кіруецца ў хлапечую прыбіральню і наводзіць каля пісуараў даведкі, “які 9 клас самы нармальны. Яму кажуць, 9 “А самы нармальны, у 9 “Б адны ўроды. Ён ідзе ў 9 “А, хоць кажа, што ён сам урод, таму яго з іншай школы выгналі. У выніку нам паказваюць “нармальны 9 “А, і ўсё, пра што ты думаеш: “Божухна, а 9 “Б тады які?. У гэткім самым жаху была я, калі прышла на практыку. Два месяцы ў мяне пайшлі на тое, каб усведаміць: гэта не жывёлы, гэта нармальныя, адэкватныя беларускія падлеткі. Калі я ўжо адкрыла гэта для сябе напрыканцы педпрактыкі, я запрасіла аднакурсніц на пазакласнае мерапрыемства як асістэнтак. Аднакурсніцы скарысталіся з унікальнай магчымасці нашага года і засталіся на практыку ва ўніверы чытаць лекцыі першакурсьнікам, таму завітаць у школу ім было цікава. З мерапрыемcтва яны выпаўзалі:  “МАРТЫСЕВІЧ, ЭТА ЗЬВЯРЫНЕЦ!!!! — мармыталі яны. 

Галоўнае, што я спасцігла з педпрактыкі: гэта проста выглядае, як звярынец. Калі сапраўды быць педагогам, то да кожнага з іх можна знайсці падыход, пабачыць індывідуальнасць і асобу. “Я лічнасть, я індівідуальнасть, — самазадаволена і нахабна паўтараюць героі серыялу “Школа, і гэта ляжыць блізка да ісціны... Клас, які падаўся маім сяброўкам звярынцам, быў з беларускай мовай навучання, ён складаўся пераважна з дзяцей журналістаў ды выкладчыкаў, некаторыя вучні ездзілі туды праз паўгораду. Сёння мама адной з вучаніц — мая начальніца ў “Новым часе, а сама дзяўчынка часам піша для газеты. Не збірала інфармацыі, але думаю, у іншых “звяркоў па чалавечых мерках таксама ўсё нармальна. І самае галоўнае, я такі пабывала ў 9 “Б. Дакладней, у “маёй гімназіі гэта быў 9 “В. Сапраўды, вось дзе ўроды...



Са сметніцай на галаве

Галоўны момант абурэння з нагоды серыялу палягае, відаць, у канвенцыі крывадушша, якую заключаюць міжсобку дзеці ў школе. Гэта здольнасць імгненна пераўвасабляцца ў прысутнасці дарослага працавала ў педгімназі без збояў. Я мела магчымасць заўважыць гэта, бо была не настаўніцай, не дырэктарам, не школьным псіхолагам, не “радзіцелем, а студэнткай-практыканткай. Вучні не прымалі мяне за “дарослую. Я бачыла іх, і калі ў класе былі настаўнікі, і калі настаўнікаў не было. Гэта былі палярна розныя дзеці. У малодшых класах мяне вельмі абурала гэтая настаўніцкая слепата. Тваёй суседцы па парце надзяваюць сметніцу на галаву. Яна сядзіць і плача. Той, хто “на стрэме, заўважае на калідоры настаўніцу. Сметніцу здымаюць і ставяць на месца. Настаўніца заходзіць у клас і выганяе дзяўчынку з уроку за тое, што прыйшла ў Храм Навукі брудная. Яе выганяюць, а ты маўчыш, бо калі нешта скажаш, на наступным перапынку сметніцу надзенуць на цябе. І крыўдуеш не на прыдуркаў-аднакласнікаў, а на настаўніцу, якая не дапёрла сваімі педунівераўскімі мазгамі, адкуль у Леначкі семкавае шалупінне ў валасах. 

У серыяле “Школа гэтыя “чароўныя пераўтварэнні паказаныя на “выдатна. Дарослыя маюць магчымасць бачыць, як паводзяцца сённяшнія дзеці ў школе сам-на-сам. Паўтаруся, нармальныя дзеці. Не падонкі, а нармальныя маленькія грамадзяне сваёй краіны. Гэта такія парнічкі, як мая школа, хутчэй ненармальна. Як пішуць у расійскім інтэрнэце ў адказ на абурэнні бацькоў і дзядоў з бабулямі нейкія напаўпісьменныя юзэры,  “ша, взрослые, сідіте і смотріте как есть на самом деле

Цалкам верагодна, я б абрала “звярынец як будучае месца працы, калі б не наглядчыкі гэтага звярынцу. Вось акурат тое, што рабілася ў настаўніцкай, прыводзіла мяне, у сапраўдны жах. Тое, што ўвесь малады педсклад гуляў у КВН, і ў настаўніцкай размаўляў толькі пра гэта, а школу скарыстоўваў, як месца, дзе ляжыць працоўная кніжка, было яшчэ паловай бяды. КВН-шчыкі былі там найчалавечнейшымі педагогамі. Іх старэйшыя калегі былі збольшага тупымі, абмежаванымі і жорсткімі жанчынамі і мужчынамі, якіх даводзіў да шалу стрэс і нізкія заробкі. На нашы студэнцкія пытанні, як трымаць дысцыпліну ў класе, яны адказвалі:  “Крычыце на іх. Забірайце і рвіце кнігі, часопісы і сшыткі не па вашым прадмеце. Стаўце двойкі артамантам у журнал. Гэта не дзеці, гэта жывёлы. І калі дзеці яшчэ спрабавалі здавацца настаўнікам лепшымі, чым ёсць насамрэч, то настаўнікі нават не спрабавалі хaваць ад вучняў сваёй злобы і агіды. 

Заткнуць гэтае чмо

Найбольш мяне абразіла сітуацыя, калі адна напаўпісьменная настаўніца (“А теперь, деті, рассмотрім с вамі поэзію Польверлена"), якая дамагалася добрага стаўлення ад вучняў тым, што “сябравала з дзеткамі: какетнічала з хлопцамі і абмяркоўвала з дзяўчаткамі рушачкі, каханне ды серыялы, — скарыстоўвала практыкантак, каб падняць свой аўтарытэт у класе:  “Вы, Катя, урок ведіте, а я тут на задней парте стіхотвореніе поспрашіваю. — “Оксана Сергеевна, заткніте это чмо, она мешает нам стіхотвореніе повторять! Настаўнікі ў серыяле школа паказаныя таксама, як яны ёсць. 

Мне бязмежна пашанцавала з выдатнай настаўніцай рускай мовы і псіхалогіі, якая мной апекавалася. Але гэта быў адзіны вынятак, які пацвярджаў правіла.

 І асабліва гэты беларускі момант з убіваннем дзецям у галовы асноваў Ідэалогіі. Мой “звярыны 9 “Г ладзіў негалосны сабатаж школьнаму БРСМу. І за гэта я гэтых “жывёлаў, як называлі іх у настаўніцкай, бязмежна паважала. Хоць, вядома, ж стаўленне да розных дзяцей было неадназначнае. І гэтая неадназначнасць таксама захоўваецца ў серыяле “Школа. 9-класнік сустракае на калідоры школы свайго бацьку-алкаголіка: да малодшага вЫклікалі. Сын пачынае прычэсваць бацьку, дае яму жуйку, каб зажаваў перагар: “Сначала меня позоріл, теперь Федьку позорішь. Нет, денег на похмел не дам, откуда у меня, у нас что, кто-то, кроме матері, работает? Потым ён здабывае ў сталоўцы лішнюю порцыю для малодшага брата, ідзе размова пра тое, што ў малога няма ранца, няма спартовай формы... “Не, не надо помогать, я сам малова одену, — кажа ён сябрам. А потым крадзе ў аднакласніцы грошы і ідзе прапіваць іх у стрып-бар. І штодня б’ецца з аднакласнікам-каўказцам, бо “этот хач надта ганарлівы: Оні дружіть не умеют, только воевать, оні это давно доказалі.  

Праз паўгода пасля педпрактыкі мы здавалі дзяржаўны іспыт па методыцы выкладання мовы і літаратуры. Выкладчыца, якая сама немавед калі ў апошні раз выбіралася ў школу, вяшчала з кафедры:  “Важно не только ставіть культуру речі во время уроков русской літературы, важно отводть для этого отдельные занятія за счёт часов по русской літературе! Я згадала, як адной суботай падрыхтавалася да двух урокаў у гімназіі, а мой клас знялі з заняткаў прыбіраць лісце вакол школы. Не вытрымала і разрагаталася. Яшчэ пяцьдзясят чалавек з патоку таксама рагатала. А шасцёра азіраліся і шыкалі:  “Замаўчыце, вы што, бальныя? Гэтыя шасцёра праходзілі педпрактыку ва універсітэце.

Цяпер я вярнулася на школьную педпрактыку. Гляджу серыял выпяндрожнай маскоўскай тусоўшчыцы Валерыі Гай Германікі. Але наглядчыцай у звярынец не пайду. НІКОЛІ.




 

Каментаваць