ГОД ГЕНАДЗЯ БУРАЎКІНА

Наступны год для мяне — гэта год Ніла Гілевіча і Анатоля Вярцінскага, чые 85-гадовыя юбілеі прыпадаюць якраз на 2016-ты. Разам з тым гэта і год Васіля Сёмухі, якому споўніцца 80. Адначасова гэта Уладзіміра Някляева і Сяргея Законнікава год, якім будзе па 70. І хоць 2016-ты абвешчаны дзяржавай Годам культуры, але ўжо сёння можна пэўна сказаць, што ніякіх урачыстасцей на афіцыйным узроўні ніводзін з названых юбіляраў, чые заслугі перад Беларуссю відавочныя, не дачакаецца, бо дзяржава і Беларусь — паняцці не заўсёды тоесныя.

 



Але асабіста для мяне — і хай велікадушна даруюць мне шаноўныя юбіляры — гэта найперш год Генадзя Бураўкіна, якому ў жніўні было б 80. Адмыслова да гэтай даты родныя Генадзя Мікалаевіча разам з Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына» выдалі каляндарык, дзе побач з восеньскім фотаздымкам паэта — верш з той самай кнігі «Нагаварыцца з зоркамі», чаканне якой і трымала Генадзя Мікалаевіча апошнія дні ў траўні 2014-га перад назаўсёдным сыходам. Той самай кнігі, якая пісалася з поўным разуменнем таго, што яна — апошняя прыжыццёвая.

Сяргей Шапран

Калі мы сыдзем з гэтага жыцця,

Сплывем за незабудкавыя далі,

Мы вам гукнём з прадонняў небыцця

Той самы кліч,

Што на зямлі гукалі.

 

Ён знойдзе вас на ўробленым надзеле,

Прытоены ў траве і сіняве,

Як запавет, як заклік і надзея,

І як апошні выдых наш:

— Жыве!

 

Каментаваць