Любімая саджалка Пятра Пракаповіча

Зьехаўшы з аранжавай горкі, К. дараваў Пракаповічу валютны крызыс.

Як вядома, Пётр Пятровіч паходзіць з Пружаншчыны. Ён — ганаровы грамадзянін Пружаны, і ў Пружанскім палацыку, мэцэнатам якога ён таксама, здаецца, зьяўляецца, яму прысьвечаная асобная экспазыцыя. Таксама вядома, што, атрымаўшы доступ да скарбніцы РБ, заслужаны будаўнік СССР першай справай залез на дах Нацбанку і, пабачыўшы, што сталінка працякае, незадаволена зацокаў языком і замовіў пару рулонаў рубероіду.

Трапляючы ў Пружану, як нідзе болей у Беларусі разумееш жыцьцёвае крэда заходнебеларускага селяніна: «усё ў дом, усё ў сям'ю». Шырока вядома, што Пружанскі лядовы палацыу — самы лядовы ў Беларусі, бо яго пабудову кантраляваў асабіста Пятровіч. Праўда, на каток мы не пайшлі, а пайшлі ў аквапарк, які таксама збудаваў Пракаповіч.

У Менску, як вядома, аквапаркаў пакуль няма ўвогуле. У Пружанах за 15 тысячаў вас на гадзіну пускаюць у аквапарк і басэйн з саўнай.

Пружанскі аквапарк — наглядная ілюстрацыя беларускага эканамічнага цуда: перадавыя тэхналёгіі на службе камандна-адміністратыўнага рэсурсу.

Пружанскі аквапарк — адзін з самых наварочаных і зручных аквапаркаў, якія я наведала ў жыцьці, і адзіны аквапарк дзе мне спадабаліся ўвогуле ўсе водныя прымочкі. Адзіны мінус — надта цёплая, для сьпякотнага лета, вада ў басэйне. Едучы, я чакала штосьці накшталт аквапарку ў Тэрнопалі: очынна крутая турэцкая саўна, але пры зьезьдзе з горкі чалавек зазвычай зносіць нагамі галовы ўсяму басэйну: дзеля эканоміі плошчы горка збудаваная з парушэньнем правілаў бясьпекі. Але дзе там! У Пружанах ня проста прасторна — з аквапарку пры жаданьні можна выйсьці ў шырокі басэйн, у якім ніхто ня плавае! Тое, чаго мне бракуе ў аквапарках як зьяве.

Пружанскі аквапарк — адзіны аквапарк у сьвеце, дзе ў мяне папрасілі пашпарт і дзе мяне спрабавалі прымусіць надзець шапачку. Дзіўна, што даведку ад урача не запатрабавалі… Канцылярская мова шыльдаў і гербы на сьценах не дазваляюць расслабіцца і забыць, што ты — на Радзіме.

Пружанскі аквапарк пабудаваны для народа. Любы заходні аквапарк — бізнэс, і яго ўладальнік будзе ашчадна ставіцца да тэхнікі, за якую выклаў шмат бабла. І таму, напрыклад, у Кракаве, розныя гейзеры і мінеральныя ванны спыняюцца хвілінаў на 10 кожную гадзіну. Усё пружанскія гейзэры фігачаць, што дурныя, яны не спыняюцца ніколі. Магчыма, гэты фантан затыкаюць адно на ноч.

Пружанскі аквапарк — не бізнэс. Гэта сымбаль. Ён усё адно не акупаецца, і таму бруіць напоўніцу. 15 тысячаў за гадзіну — вялікія грошы для наведнікаў. Калі перабярэш свой час, трэба даплаціць на выхадзе. Я даплаціла 5 тысячаў і не засмуцілася. А вось многія мясцовыя жанчынкі ў шатні сьпехам апраналі дзетак, каб праляцець вахту ў час і не даплачваць ані тысячкі. Адключыць на 5 хвілінаў фантанчык было б абразай для наведнікаў, што заплацілі грошы… Так і паплавалі.

Каментаваць