Сяргей Чыгрын: Боты

У адным заходнебеларускім старым календары прачытаў смяшынку. Яна гучыць так. Бацька падараваў сыну боты. Праз месяц яны парваліся. Бацька стаў крычаць на сына: «Я дваццаць гадоў насіў гэтыя боты, а ты іх, гад, за месяц зрэзаў».



Сапраўды, боты спакон вякоў былі і застаюцца да сённяшніх дзён самым надзейным абуткам. У поле звычайна абуваюць кірзавыя боты, на ферму — часцей за ўсё гумовыя, найперш жанчыны. Адну з іх нядаўна сустрэў каля вясковай крамы. Сустрэў у звычайных гумовых ботах. Ішла яна без настрою, задуменная і нейкая разгубленая. Павітаўся. Спытаў, што здарылася.

«Іду, — кажа, — проста з фермы да старшыні калгаса пісаць заяву на звальненне. Не магу болей цярпець загадчыцы фермы, не дае спакойна працаваць». «А кім вы працуеце на ферме? Даяркай? — пытаюся. «Ды не, я працую звычайнай прыбіральшчыцай. Цяжкая праца. Ледзьве іду, ногі баляць у гэтых ботах за ўвесь дзень. Ды яшчэ загадчыца нервы псуе, да ўсяго чапляецца. Да мяне на ферме нейкая п’яніца працавала, дык яе не чапала, а мне надакучыла так, што не магу цярпець ні яе, ні яе махінацый», — шчыра прызналася вясковая кабета. «А пра якія махінацыі вы кажаце?»— зноў пытаюся ў жанчыны. «О, каб я вам ўсё расказала, што там вычварае гэта загадчыца фермы, дык вы за галаву ўзяліся б», — прызнася кабета. «Усяго можа і не трэба распавядаць, але хоць штосьці раскажыце», — прашу жанчыну.

«Добра. Раскажу. Мне ўжо ўсе роўна. Найперш, што мяне здзіўляла штодня на ферме, дык гэта тое, калі малако малакавозы забіраюць на малаказавод, загадчыца фермы туды кілаграмамі сыпле цукар. Аказваецца, цукар павышае тлустасць малака. А калі вялікая тлустасць яго, то СВК атрымлівае ад завода большыя грошы. Гэта першае. Другое. Загадчыца фермы амаль кожны тыдзень прадае каровы ці цяляты прыватнікам. І піша, што карова, напрыклад заважыла 110-150 кілаграмаў, а насамрэч тая карова важыла 300-400 кілаграмаў. Рэштку кілаграмаў загадчыца фермы «кладзе» сабе ў кішэню. Ці на ферме зараз працуе 12 чалавек, а ў яе па спісе 18. 6 чалавек — гэта мёртвыя душы, а заробак ёй ад гэтых 6 чалавек таксама «плыве» ва ўласную кішэню. Вядома, што ўсе гэтыя махінацыі ведае кіраўнік СВК, таму што з такіх махінацый і яму перападае… І падобных прыкладаў толькі па нашай ферме, дзе я працавала, шмат. Але больш не буду казаць, бо сама вельмі хвалююся ад гэтага бязладдзя», — сказала вясковая жанчына.

Яна махнула рукой, нібы развітваючыся, і хуценька пайшла. Я толькі паспеў кінуць позірк на яе хуткую хаду і зграбныя ногі ў гумовых ботах. Але я паверыў кожнаму яе слову.

Толькі вось ці памяняецца штось да лепшага пасля гэтага на ферме, ці ў калгасе (СВК), ці ў калгаснай канторы? Ці памяняецца да лепшага ў раёне ці ў краіне пасля таго, як жанчына ў гумовых ботах напіша заяву аб звальненні па ўласнаму жаданню?.. Не, не памяняецца ніколі. Толькі вось боты гэтая жанчына абуваць болей не захоча, і не пойдзе яна ў іх на ферму, убачыўшы такую несправядлівасць і шкоду. Праўда, выкідваць боты яна не будзе, спатрэбяцца ў хатняй гаспадарцы: ці ў агарод схадзіць, ці бульбу пакапаць, ці гной з хлява выкінуць. Боты — рэч неабходная ў вёсцы.

У канцы 1950-х гадоў мая маці працавала ў калгасе даяркай. Па яе ўспамінах, у той час усім даяркам выдавалі гумовыя боты і халаты на ферме. А трактарыстам выдавалі кірзавыя боты, камбінзоны і фуфайкі. А што датычыць розных махінацый з боку загадчыцы фермы — то пра гэта ніхто нават падумаць не мог. «Малако ў нас заўсёды было вялікай тлустасці. Ніхто нічога не падсыпаў. Наадварот, кожныя чатыры дні прыязджалі на ферму праверкі і глядзелі, як мы доім кароў, ці чыстыя вёдры, бідоны, а таксама ці чыста доіцца малако. Каб каровы былі дагледжаныя і акуратныя. Праца на ферме была вельмі цяжкая, хаця плацілі нядрэнна…», — успамінае маці.

Яна, дарэчы, часта цяпер прыгадвае тую ферму, хаця адпрацавала там толькі пяць гадоў. І боты ўспамінае: гумовыя, чорныя, розных памераў. «Не ўсім гэтыя боты падыходзілі. У каго з дзяўчат ногі былі худзенькія — боты коўзаліся туды-сюды, а ў каго нага таўсцейшая — то добра боты клаліся да нагі. Але без іх на ферме прайсці было немагчыма, бо гною ляжала па калені. Гэта цяпер мусіць на фермах чыста і механізавана, а тады ўсё мы рабілі ўручную: і корм каровам вазілі, і даілі іх, і мылі вёдры, і чысцілі кароў, і білі масла, і ўсю-усю работу рабілі, а з фермы дамоў ішлі з песнямі, спявалі нават, чакаючы кароў з пашы…», — прыгадвае зноў маці.

Па словах матулі, гумовых ботаў хапала амаль на год. А потым даяркам выдавалі новыя… Вось чаму я прыгадаў смяшынку пра боты, якія бацька, пранасіўшы іх дваццаць гадоў, крычаў на сына, што ён іх зрэзаў за адзін месяц. Няўжо сёння нам прапануюць насіць боты па дваццаць гадоў, каб потым яны нечакана зрэзаліся і мы босыя пайшлі па гнаі?..

Каментаваць