Сяргей Чыгрын: Пра паперу, лямпу і… Грынявіцкага

Жыць сёння ў правінцыі куды “весялей”, чым у абласным цэнтры ці ў сталіцы. Тут ты кожны дзень сустракаеш сяброў, знаёмых, сваякоў, якія з табой шчыра пагутараць, адкажуць на твае пытанні, выкажуць тое, што баліць, што трывожыць.

А балець сёння стала ўсім: ад простага вяскоўца да медработніка, ад вайскоўца да культработніка. І калі раней людзі неяк баяліся пра гэта “баліць” казаць каму і ўслых, то сёння нікога не баяцца, а, наадварот, калі каму і выкажуцца, то лягчэй ім становіцца на душы.

У адным са скверыкаў райцэнтра сустракаю маладую яшчэ па гадах і знаёмую дакторку. Ідзе без настрою, аб нечым думае, бо ад гэтых думак нават і не заўважае сваіх землякоў, якія праходзяць побач. Таму спыняю, пытаюся, чаго яна такая ўсхваляваная, задуменная.

“Ай, не пытайся, — спыняецца доктар, і працягвае распавядаць пра сваё незадавальненне. — Нясуць гэтыя людзі то цукеркі, то шакаладкі дактарам і медсёстрам. А я ім кажу: “Людцы добрыя, не нясіце нам гэтых ласункаў. Прынясіце нам лепш якой-небудзь паперы. У нас няма на чым выпісваць рэцэпты, зрабіць запісы, для прынтараў паперы няма. Мы ўжо не можам за свой заробак пастаянна гэта купляць”. “Няўжо так? — пытаюся. — Рэцэпты выпісваюць на спецыяльных бланках, надрукаваных у друкарні…”. “Раней выпісвалі, а цяпер з друкарнямі не можам разлічыцца, бо няма грошай, — кажа дакторка. — Таму для нас папера — самы лепшы падарунак”. “Затое лекаў, мусіць, хапае? — зноў пытаюся. “Калі пачынаеце хварэць — адразу едзьце ў Мінск ці за мяжу, інакш будзе вам кранты”, — сказала доктар і пайшла.

І я пайшоў па вузенькіх вуліцах свайго маленькага райцэнтра, абдумваючы тое, аб чым мне сказала знаёмая дакторка. Але доўга думаць не прыйшлося, бо сустрэў знаёмага сябра, які, нібы на крылах, выскачыў з памяшкання райвыканкама. Нават не прывітаўшыся, сябра пачаў усхвалявана распавядаць: “Жыве ў Баранавічах адзін дэбіл-пенсіянер. Яму няма чаго рабіць, бо жыве адзін усё жыццё, таму піша розную лухту на людзей у пракуратуру, у міліцыю, у ідэалагічныя аддзелы. І на мяне напісаў нейкі данос-кляўзу ў мясцовую пракуратуру. А там паглядзелі гэту пісаніну-маразм і перакінулі ў ідэалагічны аддзел, маўляў, разбірайцеся. І што ты думаеш, работнікі ідэалагічнага аддзелу ўжо два тыдні разбіраюцца з маразматычным даносам, бо ім трэба абавязкова аўтару пісьма даць адказ. І мяне выклікалі ў райвыканкам, нібы я нейкі злодзей, бандыт, ашуканец. Пасадзілі мяне ў кабінеце і вялі допыт, як пры Сталіне, чытаючы маразм пенсіянера з Баранавіч…” — не спыняецца, хвалюючыся распавядае сябра. “Дык што ён там напісаў? “ — пытаюся. “А напісаў, што я такі самы тэрарыст, як Грынявіцкі, што я — польскі шпіён, што я — праўнук Тадэвуша Касцюшкі, які знішчаў беларускіх сялян… Але самае цікавае і ашаламляльнае мяне чакала наперадзе. Чытаючы пісьмо, мясцовы ідэолаг спытала, а дзе ён цяпер жыве гэты Грынявіцкі? Я ад пытання не змог нічога сказаць, бо атрымаў шок, хапіла дыхання толькі прамовіць: “Жыў у 19 стагоддзі”. І пайшоў з кабінета…” — распавядаў знаёмы.

Я пачаў земляка супакойваць і нават парадаваўся за яго, што яму зрабіў выдатную рэкламу пенсіянер з Баранавіч. “Уяўляеш, які ты цяпер вялікі чалавек у нашым райцэнтры: цябе параўналі з рэвалюцыянерам-нарадавольцам Ігнатам Грынявіцкім, з нацыянальным героям Польшчы, Беларусі, ЗША, Францыі Тадэвушам Касцюшкам, ды яшчэ сваяком зрабілі… ну, гэта не кожнаму такое шанцуе. Дый і людзі ў райвыканкаме даведаліся, хто такі Грынявіцкі і калі ён жыў, хто такі Касцюшка… Пасля такіх асобаў цябе ўжо чапаць не будуць…” — супакоіў я сябра. Ён усміхнуўся і мы… развіталіся.

У гэты самы дзень я сеў у машыну і паехаў у вёску, каб паглядзець там старую хату, агарод, панадворак. Толькі спыніў каля веснічак аўто, як падыходзіць суседка, вітаецца і кажа: “Скажы мне, сусед, калі ты напішаш пра тое, як мы бульбу ў бульбасховішчы перабіраем”. “А што пра вас пісаць, перабірайце паціху, ды ўсё”, — адказваю ёй. Але жанчына стаіць на сваім: “Ты прыедзь, паглядзі, сфатаграфуй, як мы, вяскоўцы, перабіраем калгасную бульбу. Святла ў бульбасховішчы няма, яно адключана, бо няма калгасу чым плаціць, бульбу перабіраем пры керасінавай лямпе. Ты можаш такое ўявіць, каб у ХХI стагоддзі людзі перабіралі беларускую бульбу пры керасінавай лямпе?! А?!! А мы перабіраем кожны дзень пры лямпе. Толькі мышы і пацукі скачуць перад носам. За 17 дзён кожны з нас зарабіў па 200 рублёў. Як жыць?..”.

Мне нічога не заставалася рабіць, як паабяцаць суседцы, што я абавязкова прыеду ў наступны раз і зраблю рэпартаж пра тое, як мае аднавяскоўцы пры керасінавай лямпе перабіраюць бульбу.

А калі вяртаўся ў горад, то неяк страшна стала: ці сёння такі няўдалы дзень, ці то проста мне сёння не пашанцавала, ці то, падумалася, мы неяк непрыкметна дакаціліся да такога жыцця.

 

Каментаваць