Альбо ўрад, альбо Нацбанк: ад чагосці трэба пазбавіцца

Нацбанк Беларусі дазволіў банкам у абменных пунктах ажыццяўляць толькі аднабаковыя аперацыі па продажы ўкраінскай грыўны. Банкі зараз маюць права грыўну не набываць. Паводле ліста № 31-12/275 ад 10 ліпеня такі дазвол дзейнічае да 1 студзеня 2015 года.

Кажуць, што тут ніякай палітыкі. У Нацбанку дазвол на пераход на аднабаковыя аперацыі з грыўнай патлумачылі тым, што ў банкаў назапасіліся вялікія аб’ёмы ўкраінскай наяўнасці.

Узнікае пытанне: адкуль грыўна ў Беларусі?

Па-першае, трэба разабрацца з палітыкай беларускіх банкаў у дачыненні да гэтай валюты. Я ўвогуле не ўяўляю, каб грамадзяне з Украіны везлі грыўны і здавалі іх у беларускія банкі. Трэба быць поўным «стукнутым на галаву», альбо проста загнаным у кут і не мець ніякага выйсця, каб так рабіць.

У сярэднім беларускія банкі пакупаюць грыўну па 500 рублёў. Курс грыўны за долар — 11.7. Ну, акруглім да 12-ці. Такім чынам, 12 грывень у беларускіх банках пакупаюць за 6.000 рублёў. Дзе вы ў Беларусі бачылі долар па 6.000? Прадаюць жа грыўну банкі па ад 800 да 900 рублёў. Возьмем у сярэднім 850. 850 Х 12 = 10.200. Оп-ля! Гэта ж сённяшні курс пакупкі долара ў абменніку, які знаходзіцца побач з маёй працай!

У такіх варунках Нацбанк павінен быў не забараняць набыццё банкамі грыўны, а наадварот, як мага больш стымуляваць яе. Бо на розніцы курсаў куплі-продажу банк зарабляе 70%! Ніфіговы сабе заробачак, ці не так? Маліцца беларускім банкам трэба на грыўну, вось што.

Дык чаму ж Нацбанк дазваляе спыніць аперацыі з грыўнай? Чаму яе ў Беларусі так шмат, што спатрэбілася такое рашэнне?

Банкаўскаму сектару падгадзіў наш родны ўрад. Гэта ягоныя дзеянні спрабуе «разгрэсці» Нацбанк.

Апошнім часам з мэтай «купляць беларускае» родны ўрад забараніў шэраг асартыменту ўкраінскай прадукцыі. Напрыклад, было ўведзенае ліцэнзаванне на імпарт піва. У выніку чаго асартымент украінскага піва значна пагораў. Зараз у крамах не знойдзеш так любай мне безалкагольнай «Абалоні».

Дарэчы, цяжка знайсці і іншае безалкагольнае, у тым ліку «Лідскую нулевачку». Перабоі з безалкагольнай «Балтыкай» і «Златым базантам». Справа ў тым, што беларускія піўзаводы з попытам не спраўляюцца, бо айчыннай «нулёўкі» у нас толькі дзьве — «Лідскае» і «Базант». Такім чынам, ліцэнзаваннем на ўвоз піва наш родны Саўмін стварыў штучны дэфіцыт у гэтым сегменце рынка. А рынак тут, аказваецца, надзіва вялікі, што створаны дэфіцыт ўяўна прадэманстраваў.

Але наконт дэфіцыту — гэта так, лірычнае адступленне. Працягнем сачыць за дзеяннямі ўрада.

Той жа самы родны Саўмін з 16 мая ўвёў і ліцэнзаванне імпарту кандытарскіх вырабаў, што прывяло, па словах кіраўніка асацыяцыі «Укркандпрам» Аляксандра Балдзінюка, да поўнага прыпынення ўвозу ўкраінскіх прысмакаў ў Беларусь. Беларускія чыноўнікі ў якасці ўмовы атрымання імпартных ліцэнзій патрабуюць ад украінскіх вытворцаў значнага завышэння цэн на свае прысмакі — у дыяпазоне ад 30% да 500% ад коштаў вытворцы, што практычна цалкам выключае іх рэалізацыю. То бок, не хочуць даць беларусам танных цукерак.

Між тым, Беларусь з’яўляецца чацвёртым найбуйнейшым замежным рынкам збыту ўкраінскіх кандытарскіх вырабаў. Па дадзеных Міністэрства даходаў і збораў Украіны, у 2013 годзе экспарт кандытарскіх вырабаў з Украіны ў Беларусь склаў 24,4 тыс тон на суму $70 млн.

І з 10 ліпеня Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі па просьбе Расійскай Федэрацыі ўвяло абмежаванне на імпарт бульбы з Украіны. Размова ідзе пра раннія гатункі бульбы. Канешне, гэта кропля ў моры — паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, Украіна ў 2013 годзе заняла трэцяе месца па імпарту бульбы ў Беларусь, паставіўшы нам усяго 1.839 тонаў «нацыянальнага прадукту». Бульба ў нас свая, але тым не менш, дзеянні Мінісельгасу паказальныя.

А тут яшчэ і патрабаванне ІПшнікам, мець суправаджальныя дакуманты на тавар з 1 ліпеня. Раней яны маглі вывезці гэтую «лішнюю» грыўну на аптовыя рынкі Хмельніцкага, Адэсы альбо Чарнігава. Зараз — фігушкі.

Атрымліваецца, што тая грыўна, якой зараз вельмі шмат у беларускіх банках, мелася забяспечваць украінскі імпарт. З-за дзеянняў беларускага ўрада мы атрымалі не толькі дэфіцыт, прынамсі, у адным сегменце рынку (па цукеркавых шэрагах я яшчэ абавязкова пройдуся), але і праблемы з грыўнай у банкаўскім сектары. Замест таго, каб напаўняць беларускія паліцы таннай і якаснай прадукцыяй, шмат грыўны проста «асела» у нашых банках. І банкі ўжо не ведаюць, што рабіць. Украінскія тавары на іх не купіш — урад забараніў. І Нацбанк прымае «абмежавальныя захады», каб гэтую валюту хацяб прадаць, каб яна не ляжала «мертвым грузам» у банкаўскіх сховішчах.

Такім чынам, праблемы банкаўскаму сектару стварыў родны беларускі Саўмін. І што ж рабіць, каб такіх праблемаў не было.

Трэба альбо «зліць» Нацбанк з Саўмінам, каб Нацбанк не кампраметаваў урад сваімі рашэннямі. Каб ён не дэманстраваў так уяўна, што Саўмін ані на паўкроку не пралічвае свае «забараняльныя» рашэнні, якія потым выклікаюць галаўны боль у фінансавым і банкаўскім сектары. Каб хаця б «на паперы» у нас ўсё выглядала добра. Але з такой сістэмай мы доўга не працягнем.

Альбо трэба перападчыніць Саўмін Нацбанку. Каб спецыялісты Нацбанку пралічвалі, якім чынам на валютна-фінансавым рынку адгукнецца тое альбо іншае рашэнне ўрада, і маглі б заблакаваць яго.

А тое фігня поўная атрымліваецца. Саўмін стварае праблемы, Нацбанк іх «разрульвае», і гэта ўжо не ў першы раз, і цягнецца так да бясконцасці. Адна рука не ведае, што робіць другая, а церпіць ад гэтага, як звычайна, галава. Улічваючы, што па беларускай Канстытуцыі, «адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ», то гэтая «галава» — народ, — і церпіць.

Каментаваць