Апазіцыя ў парламенце? Ненавуковая фантастыка!

Чым бліжэй дзень галасавання на выбарах, тым больш у вузкім асяроддзі спрэчак, каго «прапусцяць» у «палатку», а каго не. Нейкія «галоўныя праўладныя кандыдаты» здымаюцца з выбараў, што нібыта дадае шанцам «апазіцыянерам». Цытуюць Лукашэнку, які сказаў, што зацікаўлены ў тым, каб на выбарах у беларускі парламент прайшлі сапраўдныя прафесіяналы незалежна ад іх палітычных перакананняў. І гэтак далей.


Ну, а што яшчэ мог сказаць Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі місіі АБСЕ па назіранні за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі? Што ён пад час свайго паслання народу і парламенту ўжо азначыў квоту ў 30% мінулых парламентароў, якія павінны працягнуць сваю кадэнцыю? Смех у роце.

Не пераймайцеся, спадарства. У парламент з апазіцыянераў не прапусцяць нікога. Дакладна вам кажу.

Гэтаму ёсць шмат чыннікаў і тлумачэнняў.

Ужо неаднаразова дэмакраты да істэрыкі турбаваліся, што «ў парламент прапусцяць некалькі кішэнных апазіцыянераў, якія дамогуцца легітымацыі рэжыму ў Еўропе». Так меркавалі ў 2008-м, пад уздзеяннем пацяплення адносінаў «рэжыму» з Захадам і еўрапейскай Realpolitik у дачыненні да сінявокай. «Можна было зрабіць выснову, што існуе нейкая дамоўленасць паміж дзеючым палітычным рэжымам і Захадам пра тое, што некаторыя апазіцыйныя кандыдаты могуць патрапіць у парламент», — казаў тады, напрыклад, Аляксандр Адамянц, галоўны рэдактар сайта «Новая Еўропа».

Больш за тое, называлася нават канкрэтная лічба: 20 апазіцыянераў. «Еўрасаюз гатовы змякчыць санкцыі ў дачыненні да ўладаў Беларусі пры ўмове, што яны не будуць перашкаджаць ўваходжанню ў склад ніжняй палаты парламента краіны па выніках выбараў 28 верасня па меншай меры 20 прадстаўнікоў апазіцыі», — цытавалі РІА «Новости» неназваную дыпламатычную крыніцу ў Бруселі.

І што? А нічога апроч таго, што 13 кастрычніка таго года кіраўнікі МЗС краін ЕС прынялі рашэнне аб прыпыненні дзеяння візавых санкцый у дачыненні да 35 беларускіх чыноўнікаў. Без усялякіх парламентароў-апазіцыянераў, заўважце.

Аналагічныя чуткі распаўсюджваліся падчас парламенцкай кампаніі 2012 года. Кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ў тым годзе казаў, што «ў парламент на выбарах восенню 2012 года хутчэй за ўсё прапусцяць 5–6 апазіцыянераў». На выхадзе — шыш.

Дый навошта Аляксандру Лукашэнку апазіцыя ў парламенце? Там не павінна быць не толькі апазіцыянераў — нават неправераных людзей. Пракалоліся ўжо са «свабоднымі выбарамі» нават у «стэрыльны парламент».

Вось скажыце, хто чакаў у «нелегітымнай Палаце прадстаўнікоў» падлянкі ад вайскоўца, спартоўца і дырэктара кандытарскай фабрыкі? Аднак генерал Валер Фралоў, трохразовы Алімпійскі чэмпіён Уладзімір Парфяновіч і генеральны дырэктар ЗАТ «БелБабаеўскае» Сяргей Скрабец спачатку стварылі ў палаце парламенцкую групу «Рэспубліка», а потым, у чэрвені 2004 года, увогуле абвясцілі галадоўку ў падтрымку пасаджанага тады Міхаіла Марыніча і супраць планаў Аляксандра Рыгоравіча абірацца на прэзідэнта бясконцую колькасць разоў. Заадно яны патрабавалі змяніць Выбарчы кодэкс. Дарэчы, выступалі яны за тое ж, чаго апазіцыя патрабуе дасюль: змяніць практыку фармавання выбарчых камісій на больш адкрытую, гарантаваць удзел у іх розных палітычных партыяў і рухаў, пашырыць паўнамоцтвы назіральнікаў і адмяніць працэдуру датэрміновага галасавання.

На расцяжцы было напісана: "Не — трэцяму тэрміну! За справядлівыя выбары! Свабоду Марынічу!"

На расцяжцы было напісана: "Не — трэцяму тэрміну! За справядлівыя выбары! Свабоду Марынічу!"



Таму нельга дапусціць уплыву варожай прапаганды на неакрэплыя розумы астатніх дэпутатаў. Прасунь у парламент Анісім, Трусава альбо Караткевіч. Яны ж імгненна зтакнуцца на глебе мовы і культуры з якой-небудзь Дарафеевай, альбо перавярбуюць былога амбасадара Варанецкага, які на свае вочы пабачыў, «як там, у гейропе». І чакай новую «Рэспубліку».

А Трусава ўвогуле ў парламент пускаць небяспечна. Ён ужо быў там, у Вярхоўным Савеце. І чым усё скончылася? Прыняццем Дэкларацыі аб незалежнасці і ўносам у залю пасяджэнняў бел-чырвона-белага сцяга, пра які народ і праз дваццаць год забыцца не можа.

Апроч таго, Аляксандр Рыгоравіч выдатна ведае, якім трамплінам з’яўляецца парламент для «маладых перспектыўных палітыкаў». Сам такі. Ён не можа не ўзгадваць, як выпадкова стаў старшынёй камісіі па карупцыі, якія магчымасці яму гэта дало, і як ён скарыстаўся сітуацыяй, не менш выпадкова патрапіўшы ў кіраўнікі дзяржавы. Пра гэта нябожчык-Шарамет і Святлана Калінкіна (сто гадоў жыцця ёй і яшчэ больш) нават кнігу напісалі, якая так і называецца — «Выпадковы прэзідэнт». Ці трэба яму паўтору тых шчаслівых выпадкаў? Тым больш, што гэтым разам ён — на іншым баку.

Апазіцыянер у парламенце — гэта не толькі каштоўнае футра. Гэта яшчэ і магчымасці рэгулярных стасункаў з выбаршчыкамі, у чым яму павінны спрыяць мясцовыя ўлады. І не толькі з выбаршчыкамі. Як кажа артыкул 29 Закона аб статусе дэпутата, яны, дэпутаты, «маюць пераважнае права выступаць па пытаннях сваёй дзейнасці ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі». Пры гэтым рэдагаванне прадстаўленых дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, членам Савета Рэспублікі матэрыялаў без іх згоды не дапускаецца.

І ўсё гэта — за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

А зараз уявіце сабе карціну: прыходзіць дэпутат ППНС Алег Трусаў на БТ… Што, ужо жахліва? Вам, можа, і не жахліва, а вось супрацоўнікі БТ разумеюць: і не прадаставіць эфір дэпутату Трусаву нельга, і пасля яго эфіру той, хто пусціў яго ў тэлевізар, пасады пазбавіцца.

А можа быць нават так. Памятаеце?

А можа быць нават так. Памятаеце?



Апроч таго, большасць апазіцыянераў, як правіла, сябруюць з прадстаўнікамі недзяржаўных СМІ. А як інакш, калі болей у іх ніякай трыбуны няма? Між тым, усе дзяржаўныя органы і арганізацыі, згодна з артыкулам 31 таго ж закона, павінны даць дэпутату для ажыццяўлення яго паўнамоцтваў «неабходныя для працы бібліятэчныя фонды і архівы».

Вы ўяўляеце, які «зліў» з гэтых архіваў можа пайсці ў СМІ, калі дэпутатам стане апазіцыянер?

Добра, што нашыя «прыкормленыя» дэпутаты закон аб сваім жа статусе не чыталі і ведаюць з яго толькі тое, што дэпутацкі заробак павінен быць роўны міністэрскаму (а іншыя не ведаюць і гэтага). Інакш як патлумачыць, што народных абраннікаў за чатыры гады мы «у яшчыку» бачылі толькі падчас групавых здымкаў адкрыцця-закрыцця парламенцкіх сесій? А апазіцыянеры, яны ж такія, яны ж скарыстаюцца…

Як мінімум раз на год дэпутаты бачаць перад сабою Аляксандра Лукашэнку — калі ён пасылае народ і парламент. І гэта ўжо асабіста-псіхалагічны момант. Наўрад ці дэпутат-апазіцыянер, нават такі бяскрыўдны, як Машэрава ці Навасяд, пачне сваё пытанне з падзякі «дарагому Аляксандру Рыгораічу за нашае шчаслівае юнацтва». Гэта ўжо чапляе пачуццё асабістай значнасці самі ведаеце каго. А людзі, нават калі гэта не кіраўнік краіны, вельмі не любяць выходзіць з уласнай «зоны камфорту». Тым больш, выстаўляць гэта перад аўдыторыяй у сто чалавек. А ў выпадку пытання нелаяльнага народнага абранніка гэта зрабіць прыйдзецца.

Пусці апазіцыю ў парламент — і спакою ўжо не будзе

Пусці апазіцыю ў парламент — і спакою ўжо не будзе



Нават сённяшні парламент — месца вялікіх магчымасцяў для тых, хто ведае, як гэтым можна скарыстацца. І хто клапоціцца не толькі пра міністэрскі заробак, але і пра будучыню. Нават не пра будучыню краіны, а пра будучыню ўласную, будучыню як палітыка. Усе апазіцыянеры, якія ідуць на выбары, бачаць сябе палітыкамі. І таму ім не месца ў парламенце. Палітык, як даўно сказаў той жа Лукашэнка, у краіне павінен быць адзін.

Вы па-ранейшаму верыце, што ў дэпутаты прапусцяць апазіцыянераў?


Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2016-08-30 20:36:46
Я не буду жаваць соплі наконт таго, што "існуе нейкая дамоўленасць... што некаторыя апазіцыйныя кандыдаты могуць патрапіць у парламент". Проста гатовы ісці ў заклад з аўтарам гэтага артыкула аб тым, што Анісім, або Трусаў, або Дзмітрыеў, або Караткевіч пасля 11.09.2016 будуць у ПП НС. На любую разумную суму.
Калі С. П. цікавіць прапанова, ён ведае, як мяне знайсці.
  • С.П.
  • 2016-08-31 11:46:37
"На любую разумную суму" -- не пакоціць. Прыйдзецца з яе падаткі плаціць. А давайце на бутэльку каньяку? Не зусім "крутога" і не зусім паганага. Напрыклад, украінскага? :)
  • ВР
  • 2016-08-31 14:35:29
Паважаны С. П., пад разумнай сумай мелася на ўвазе акурат такая, да якой не прычэпіцца падатковая :) Але як хочаце на каньяк - няхай... Прапаную кахецінскі (8 гадоў вытрымкі, 0,5 л - прыблізна 30 р.) або "Букет Бесарабіі" (6 гадоў, цана прыбл. 19 р.). Хоць я не ўжываю моцных спіртных напояў, дый банальна гэта - пары на каньяк. Давайце лепей на муз. інструмент: той, хто прайграе, купіць у Траецкім або ў шапіку ля Купалаўскага тэатра акарыну на выбар пераможцы. Падтрымаем айчыннага таваравытворцу ;-)
Каб замацаваць пары, гатовы сустрэцца з Вамі (ці з Вашай даверанай асобай :)) ля ўваходу ў Нацыянальную бібліятэку. Напрыклад, заўтра - у зручны для Вас час.
  • ВР
  • 2016-09-04 09:44:38
Таварыш П. лоўка "саскочыў" - не напісаў на мой мэйл, не пажадаў сустрэцца. Не патрэбны яму, відаць, ні каньяк, ні акарына :) Што ж, надалей будзем ведаць...
  • ВР
  • 2016-09-05 11:11:25
Ага, здаецца, прасёк я, чаму Сяргей Пятровіч сышоў у падпол... Хіба таму, што пасля маёй прапановы выказалася і Вольга Абрамава: "Хутчэй за ўсё са ўсіх, хто пазіцыянуе сябе як апазіцыя, у Палату прадстаўнікоў пройдзе 2-3 чалавекі... Гэта можа быць Анісім, гэта можа быць Трусаў, гэта можа быць Караткевіч" (www.racyja.com/palityka/volga-abramava-u-parlametse-ne-daduts/ ). І гэтая наіўнасць ад нам. рэдактара "НЧ": "Вы ўяўляеце, які «зліў» з гэтых архіваў можа пайсці ў СМІ, калі дэпутатам стане апазіцыянер?" Відаць, аўтару за гэты час патлумачылі, што ў архівы спецслужбаў проста так і дэпутатаў не пушчаюць, а ў даступных сховішчах нічога асаблівага для "зліву" няма. Ладна, ужо сумна з Вамі, С. П., бывайце.

Каментаваць