Беларусь у СССР? Хутчэй, царская Расія

Гісторыя, кажуць, развіваецца па спіралі. Нашая спіраль – недзе сто год таму.

Напрыклад, беларускія анархісты даўно падымаюць «антыцарскі» лозунг — «Далоў самадзяржаў’е!». Пры гэтым ніхто не спрачаецца, што ён актуальны для сённяшняй Беларусі. Яшчэ ў 1996-м Аляксандр Рыгоравіч казаў пра «царскія паўнамоцтвы», якіх ён сабе яшчэ і дадаў у выніку рэферэндуму 2004-га. Увогуле, анархісты мастакі пераробліваць старыя лозунгі на новыя. І ўсе гэтыя лозунгі застаюцца актуальнымі!


Улада не змяняецца больш за 20 гадоў. У эканоміцы, палітыцы, міжнародных адносінах — усё залежыць ад аднаго чалавека. І мы ведаем гэтага чалавека.

Праўда, апошнім часам грамадства зразумела: калі ўсё залежыць ад аднаго чалавека, дык гэты чалавек і за ўсё адказны. З гэтага разумення і выспелі пратэсты сённяшняй вясны.

Тыя, хто заспеў часы СССР, у юнацтве з захапленнем чыталі кнігі пра прыгоды Уладзіміра Ільліча Леніна, ён жа «Стары», ён жа Ульянаў. Правадыр рэвалюцыі ў іх хаваўся ад царскай «ахранкі» ў шалашы ў Разліве і дурыў жандараў, якія палявалі на яго самога і яго паплечнікаў.

Зараз палітычна апантаная публіка назірае амаль за тым жа — як сённяшнія «жандары» палююць на актывістаў апазіцыі, прэвентыўна затрымліваючы іх перад Першамаем, не даюць збірацца, праводзіць мітынгі і сходы. А сучасныя «рэвалюцыянеры» ўсё так жа імкнуцца схавацца на канспіратыўных кватэрах, каб не быць захопленым і ўзначаліць дэманстрацыі.

Дый далёка хадзіць не трэба: мінскую скульптурную кампазіцыю, так званы «помнік гарадавому» (чытай, жандару) адкрываў персанальна міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч. А «рэвалюцыянер» Касінераў накінуў на шыю скульптуры сімвалічную пятлю, за што і быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці.

Некалі ізноў напішуць прыгодніцкія кнігі: пра герояў-рэвалюцыянераў, якія падманвалі новую царскую «ахранку» і пра тое, як жандары не здолелі засудзіць «Касінера».

Першамай – гэта Міжнародны дзень салідарнасці працоўных. Раней «пралетарыят» працаваў на заводах, зараз ён збольшага перамясціўся ў офісы. Але салідарнасць, што паказалі апазіцыйныя мітынгі ў святочны дзень, стаіць не на апошнім месцы ў сённяшняй Беларусі. Прынамсі, амаль кожны выступоўца ў Мінску згадваў «справу патрыётаў» — арыштаваных удзельнікаў даўно спыніўшага існаванне «Белага Легіёну» і прыпісаных да іх следчымі КДБ іншых асобаў.

Салідарнасць выказвалі не толькі з арыштаванымі. Аляксандр Рыгоравіч з парламенцкай трыбуны пад час паслання згадваў пра 350 тысячаў беспрацоўных, якіх ён абвясціў «дармаедамі». Гэтыя людзі, збольшага занятыя ўласным выжываннем, на вуліцы пакуль не выходзяць. Пакуль яны аддаюць перавагу пасадцы бульбы на прысядзібных участках – каб было што есці ўвосень. І таму іншыя, якія на вуліцы выходзяць, выказваюць салідарнасць і з імі таксама.

На ўвесь свет разышоўся фотаздымак таго, як на нядаўнім суботніку Аляксандр Рыгоравіч цягнуў бервяно. Магчыма, яму даспадобы параўнанне сябе і вышэйзгаданага Ульянава-Леніна. Магчыма, ён хацеў паказаць пераемнасць сённяшняй Рэспублікі Беларусь і «сацыялістычнага мінулага» СССР.

Але атрымалася няўдала. Таму што і сама практыка «суботнікаў» і цяганне бервяна Леніным былі выкліканыя не добрым жыццём, а разрухай пасля Грамадзянскай вайны. Так што сваім учынкам кіраўнік дзяржавы прадэманстраваў, што сённяшняя Беларусі знаходзіцца прыкладна ў такой жа разрусе, як Савецкая Расія ў часы «бервяна Леніна». І чым тут можна ганарыцца?

Палітызаваная частка інтэрнэту абмяркоўвае, хто будзе наступным кіраўніком краіны. Расійскія прапагандысцкія рэсурсы раз-пораз закідаюць кіраўніка МЗС Уладзіміра Макея з перасцярогай, што ён «здасць краіну Захаду». Пасля падзей 25 сакавіка прэзідэнцкую пасаду нават аддавалі Шуневічу, які, нібыта, «кантралюе сілавы блок» і здольны зрынуць Лукашэнку хоць зараз. У гэтым таксама ёсць «трывожны званочак» для улады. Лютаўскую рэвалюцыю, а менавіта адрачэнне Мікалая ІІ ад трону, арганізавалі не бальшавікі, а атачэнне самадзержца.

Калі атачэнне нашага самадзержца пойдзе на такі крок, то сітуацыя нічым не будзе адрознівацца ад 2017-га. Бо хто б не прыйшоў да ўлады – Шуневіч, Макей, Мясніковіч, Румас, Кабякоў ці ўвогуле нікому невядомы Іваноў – яму прыйдзецца сутыкнуцца з тымі ж эканамічнымі праблемамі. Яны нікуды не знікнуць. Увогуле, першы ўрад пасля Лукашэнкі будзе «ўрадам самазабойцаў» – ім прыйдзецца прыняць столькі знакавых, неабходных, але непапулярных рашэнняў, што на другі тэрмін ён наўрад ці ўтрымаецца.

У выніку атрымаецца класічная сітуацыя, калі нізы патрабуюць, а вярхі не могуць выканаць патрабаванні. «Часовы ўрад» сканае непазбежна, і на змену яму прыйдзе невядома хто. Як у кастрычніку 1917-га знянацку «на хвалі» апынуліся бальшавікі. Якія яшчэ за паўгады да таго і не марылі, што прыйдуць да ўлады.



Каментаваць