Хопіць ездзіць на Майдан!

Закалебалі ўжо. Рэгулярна звальваюць з рэдакцыі, хто надоўга, а хто на пару дзён. Усе на Майдан. Уся стужка навінаў сайтаў забітая ўкраінскімі падзеямі. А што, у Беларусі ўжо нічога не адбываецца? У нас тут накшталт таго, што выбары намячаліся, і быццам бы яны ўжо ідуць... А беларускія апазіцыянеры з беларускімі жа журналістамі тусуюцца ў Кіеве, замест таго, каб працаваць.

Тут, у Беларусі, я пытаюся, хто працаваць будзе?

Вядома, усё гэта добра — падтрымка, салідарнасць, і ўсё такое. Ну, раз выказалі падтрымку Майдану, два выказалі салідарнасць, тры выказалі абурэнне дзеяннямі Януковіча і Ко... Можа, хопіць ужо? Можа, час на Беларусь ўвагу звярнуць?

«Мы павінны быць з украінскім народам у гэтыя цяжкія гадзіны», «Трэба падтрымаць украінцаў», — гучыць з усіх кустоў. Хлопцы і дзяўчаты! Украінцаў падтрымліваць не трэба — яны самі ў стане хадзіць! Ім вашая падтрымка не прыносіць нічога, акрамя «пачуцця глыбокага маральнага задавальнення»! А ў астатнім яны ў сілах разабрацца са сваімі праблемамі самі, паверце.

Не, вядома, я не супраць салідарнасці. Але хто ў Беларусі працаваць будзе?

«Будучыня Беларусі шмат у чым вырашаецца зараз ва Украіне», — разважаюць высакалобыя эксперты. А таму, акажам пасільную дапамогу Украіне — і мы будзем у шакаладзе. Вы так лічыце?

Такіх экспертаў, якія думаюць, што Украіна хоць якімсьці чынам можа і будзе ўплываць на будучыню Беларусі, я б тапіў у вядры, як сляпых кацянят. Тых, у каго памяць настолькі кароткая, што не ўтрымлівае нейкае кволае дзесяцігоддзе, наогул трэба не ў эксперты прызначаць, а ў бальніцы пацыентамі. Пірацэтам — добры медыкаментозны сродак для паляпшэння мазгавой дзейнасці.

Бо праходзілі ўжо гэта ўсё. У 2004 годзе, падчас «памаранчавай рэвалюцыі» ўсё крычалі тое ж самае. І пра салідарнасць, і пра «Будучыня Беларусі вырашаецца зараз у Украіне», і гэтак далей. А ў выніку што?

Перамог Юшчанка ў выніку «памаранчавай рэвалюцыі» — Беларусі ад гэтага лягчэй стала? Нічога падобнага. Паглядзелі Лукашэнка і Юшчанка адзін на аднаго, пакрывіліся для бачнасці, але ўсё роўна паручкаліся. А потым і агульныя тэмы для размовы знайшліся. Яшчэ ў снежні 2004-га «Украінская праўда» паведамляла пра тое, што «Юшчанка абяцае Лукашэнку «памаранчавую рэвалюцыю», а потым кіраўнікі Беларусі і Украіны не тое што мірна гутараць ў Чарнігаве і Гомелі, а нават рассыпаюцца ў кампліментах адзін аднаму. «Тое, што Віктар Юшчанка зрабіў для Беларусі, будучы прэзідэнтам Украіны, не зрабіў ні адзін чыноўнік. Нават расійскія палітыкі. Ён проста «рваў кашулю» у Еўропе і Амерыцы, абараняючы Беларусь», — шкадаваў Аляксандр Рыгоравіч аб сыходзе «памаранчавага прэзідэнта».

А якія былі надзеі! І што Украіна, куды ўезд бязвізавы, стане апорай беларускай апазіцыі, і на падтрымку («Мы ж за вас на Майдане ваявалі!») разлічвалі, і гэтак далей. А колькі было размоў пра тое, што «Рускі дом» у Кіеве ператвораць у «Беларускі цэнтр»! Прычым, «цэнтр», не як грамадскую арганізацыю, а аддадуць пад гэты цэнтр канкрэтныя памяшканні ў Кіеве па вуліцы Горкага.

І нельга сказаць, каб украінцы не стрымалі свайго абяцанні. Проста рэвалюцыю робяць рамантыкі, а яе вынікамі карыстаюцца прайдзісветы. І нашы родныя беларускія прайдзісветы пачалі здаваць бясплатныя для іх памяшканні «Беларускага цэнтра», атрыманыя пад некамерцыйнае выкарыстанне, у арэнду камерцыйным структурам. Прычым, як заўсёды, зрабілі гэта так бяздарна, што першая ж праверка «Беларускі цэнтр» і прыкрыла.

Так што ўкраінцы на Майдане вырашаюць свае праблемы. І спадзявацца на тое, што «ва Украіне зараз вырашаецца лёс Беларусі», — проста глупства.

Пасля Майдана — 2004 я размаўляў са сваімі ўкраінскімі сябрамі-калегамі на тэму, у чым феномен гэтага дзейства? Чаму гэта ўкраінцы раптам узялі і выйшлі абараняць вынікі выбараў? Няўжо ў іх раптам прачнулася грамадзянская самасвядомасць? І чаму гэта яна раптам прачнулася?

«Перахрысціся, пацан, якое такое «раптам»?» — рабілі вялікія вочы ўкраінцы. «А як жа акцыі «Украіна без Кучмы»? А як жа пікеты памяці Георгія Гангадзэ? А як жа мітынгі і кампаніі «Кучму гэць»? Усё гэта было падрыхтоўкай да таго, што было зроблена ў 2004 годзе, да Майдану! І хіба да Майдану ніхто не рыхтаваўся? Хіба палаткі і валёнкі для пратэстуючых з неба зваліліся? Не, даражэнькі, падрыхтоўка была праведзеная, і падрыхтоўка была грунтоўная. І рыхтаваўся гэты Майдан не адзін год — тымі ж самымі акцыямі «Кучму гэць» і іншымі», — казалі мне.

Гэта значыць, украінцы вырошчвалі Майдан — 2004 доўга, па крупінах, па цаглінцы будавалі яго падмурак. І калі хтосьці скажа, што Майдан — 2014 таксама быў «спантанным і непадрыхтаваным», што людзі выйшлі пратэставаць толькі таму, што Януковіч адмовіўся падпісваць пагадненне аб асацыяцыі з ЕС — я гэтаму проста не паверу.

Інакш навошта «Удар» і Клічко доўга вялі агітацыю і аспрэчвалі вынікі парламенцкіх выбараў? Навошта на Хрэшчаціку ледзь не год (а можа, і больш за год) стаяў пікет з патрабаваннем свабоды для Юліі Цімашэнка? Чаму з патрабаваннем вызвалення Цімашэнка і з рознымі іншымі патрабаваннямі рэгулярна праводзіліся розныя акцыі?

А ў Беларусі? Хто-небудзь вырошчвае наш Майдан? Ці, як заўсёды, у дзень прэзідэнцкіх выбараў народ зноў прыпрэ на плошчу, яго, як звычайна, разгоняць, а потым эксперты-палітыкі-аналітыкі будуць плакацца: «Ах, вось калі б нас было не 30 тысяч, а хаця б 300 тысяч...». А што вы робіце цяпер для таго, каб у Мінску на вуліцах з’явілася паўмільёна народа? У Кіеве на Хрэшчаціку гарбату ганяеце?

Хто-небудзь бачыў у апошні час, хай і не кругласутачны, пікет з патрабаваннем вызваліць Статкевіча? У нас тут мясцовыя выбары — да каго прыходзілі збіраць подпісы за апазіцыйнага кандыдата? Да мяне прыходзілі. Толькі кандыдат быў не апазіцыйны, а праўладны.

З 12 студзеня пачалася рэгістрацыя ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты. Група рэгіструецца на працягу 5-ці дзён, і пасля рэгістрацыі адразу ж можа збіраць подпісы і праводзіць пікеты ў падтрымку сваіх кандыдатаў. Я пішу гэтыя радкі 24 студзеня. Хто-небудзь да 24 студзеня бачыў хоць адзін перадвыбарчы пікет?

А не перадвыбарчы і не пікет? Хто-небудзь у апошні час даставаў з паштовай скрыні апазіцыйную ўлётку?

20 снежня мінулага года лідары кампаніі «Народны рэферэндум» заявілі на прэс-канферэнцыі, што пачынаюць актыўны збор подпісаў пад патрабаваннем правесці той самы рэферэндум. 8 ініцыятараў ідэі першымі паставілі свае подпісы пад зваротам — патрабаваннем. Гучна, пад успышкі фотакамераў. 13 студзеня на чарговай прэс-канферэнцыі я пацікавіўся — колькі подпісаў пад «Народным рэферэндумам» сабрана за фактычна тры «навагодніх» тыдня? Здагадаецеся? Правільна, роўненька восем — тыя самыя, якія былі пастаўлены падчас першай «прэсухі».

Толькі два дзівака — Лябедзька і Карняенка, ходзяць па Мінску і збіраюць подпісы супраць новага аўтападатку. А дзе астатнія?

А астатнія — у Кіеве. Змагаюцца «за нашу і вашу свабоду». Толькі вось да свабоды Беларусі гэтая барацьба ні на ёту не мае дачынення.

Пакуль вы адцягваецеся на Майдане — вы прафукаеце Беларусь. Так што вяртайцеся, вяртайцеся, і пачынайце працаваць.

Каментаваць