Экспарт дэмакратыі? Зараза дыктатуры!

ЕС адмяніў санкцыі ў дачыненні да вышэйшага кіраўніцтва Беларусі. Зараз беларускія чыноўнікі змогуць ездзіць па Еўропах не толькі ў афіцыйным статусе. Цікава, як гэта адаб'ецца на еўрапейцах? Па-мойму, ім трэба тэрмінова рабіць прышчэпкі ад дыктатуры.

Цікава, на што спадзяваліся еўрапейцы, прымаючы рашэнне пра адмену санкцый? Варта зазначыць, што ніводныя ўмовы для зняцця санкцый не былі выкананыя афіцыйным Мінскам. Тым не менш, санкцыі знятыя.

Магчыма, еўрапейскія палітыкі спадзяюцца на дэмакратызацыю Беларусі шляхам уцягвання яе ў еўрапейскі дыялог. Прынамсі, кіраўнік дыпламатыі Еўрасаюза Федэрыка Магерыні на прэс-канферэнцыі па выніках пасяджэння Савета ЕС, заявіла, што ў Беларусі назіраецца пазітыўны трэнд, які Еўрасаюз хоча падтрымаць. Яна патлумачыла, што гаворка ідзе аб аднаўленні дыялогу па правах чалавека Беларусі з ЕС, перамовах аб спрашчэнні візавага рэжыму, канструктыўнай ролі Беларусі ў рэгіёне, у прыватнасці, у тым, што тычыцца канфлікту ва Украіне, і вызваленні палітвязняў у жніўні мінулага года.

То бок, па яе меркаванні, «перамовы» і «дыялогі» могуць стаць каталізатарам «натхняльных крокаў» у дэмакратызацыі краіны.

Па-мойму ж, Еўрасаюзу трэба рыхтавацца да адваротнага працэсу. І найперш падумаць, чым зняцце санкцый ў дачыненні да Беларусі, а асабліва ідэя «дэмакратызацыі Беларусі праз еўрапейскі дыялог» пагражае самой Еўропе.

Бо ідэі дэмакратызацыі сінявокай праз пабудову з ёю адносінаў за апошнія дзесяцігоддзі прыводзілі да, скажам так, нейкага зачараванага «зваротнага» працэсу. У дыялогу ўдзельнічаюць два бакі. І калі Еўропа імкнецца ўплываць на беларускую дыктатуру, то непазбежна беларуская дыктатура будзе ўплываць на Еўропу. І, як ні дзіўна, мы ведаем, як яна будзе ўплываць.

Прыкладна так.

Расія. Яшчэ напачатку 2000-х гадоў некаторыя летуценнікі меркавалі, што не трэба адрываць Беларусь ад Расіі. Наадварот, больш дэмакратычная Расія можа і павінна дэмакратызаваць Беларусь. Логіка была простая: за цеснымі эканамічнымі сувязямі непазбежна павінен пайсці экспарт «больш прасунутай у дэмакратыі» расійскай палітычнай сістэмы. Тым больш, што там «саюзная дзяржава» і гэтак далей.

На адной з канферэнцый у Беластоку ў 2000-м годзе кіраўнік Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЕ ў Мінску Ханс-Георг Вік (памятаеце, была такая КНГ АБСЕ?) нават дагаварыўся да таго, што «АБСЕ на працягу апошніх шасці гадоў вяла палітыку далучэння Беларусі да Расіі, якая ўступіла на шлях дэмакратызацыі, каб падобным чынам дэмакратызаваць Беларусь».

Што атрымалася? Атрымалася, што не Расія «дэмакратызавала» Беларусь, а Беларусь заразіла балячкай дыктатуры кіраўніцтва Расіі. Там пабачылі, як проста кіраваць краінай у «дыктатарскім» рэжыме. У іх знайшоўся свой дыктатар Уладзімір Пуцін, знайшлася свая Ярмошына — спадар Чураў, па прыкладзе сінявокай сталі забіваць журналістаў і палітыкаў… Карацей, «прышчэпка дэмакратыі» аказалася бяссільнай перад «вірусам дыктатуры».

Канешне, з папраўкай на «мясцовыя асаблівасці», але Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін пабудаваў мадэль, шмат у чым падобную на беларускую: з той жа «вертыкаллю ўлады», «кішэннымі алігархамі», скасаваннем мясцовага самакіравання і задушэннем недзяржаўных СМІ і арганізацый.

Украіна. Пасля Майдану 2004 года на яе глядзелі як на «дэмакратызатара Беларусі». Ствараліся адмысловыя «цэнтры», нават «Рускі дом ва Украіне» ператваралі ў «Беларускі дом». Тым больш, што дэмакратычныя беларусы разам з украінцамі мерзлі на Майдане — дагэтуль на калонах кіеўскага Галоўпаштамту з «першай рэвалюцыі» ёсць надпісы «Жыве Беларусь!».

Але варта было Віктару Юшчанку пасябраваць з Лукашэнкам… Праз пяць год Аляксандр Рыгоравіч рассыпаўся яму ў кампліментах. «Юшчанка зрабіў шмат для Беларусі ў заходнім кірунку… Юшчанка — гэта вялікі сябар Беларусі, і гэта ўжо назаўсёды», — казаў Лукашэнка. І нават заявіў на прэс-канферэнцыі беларускім СМІ 30 снежня 2009 года: «У нас з Юшчанкам няма вялікай розніцы ў ідэалогіі, падыходах».

Чым скончылася гэтае сяброўства для Украіны? Яшчэ праз пяць год Украіне спатрэбіўся другі Майдан, больш жорсткі і крывавы, каб «адчапіцца» ад алігархічнай дыктатуры Януковіча. Бо той, якраз у традыцыях беларускай дыктатуры, абяцаў сваёй краіне еўрапейскі выбар, а выконваць абяцанкі не тое што не збіраўся, а наўпрост іх парушыў.

Польшча. У ёй усё было добра да тых часоў, калі польскае кіраўніцтва займала ў дачыненні да Беларусі прынцыповую пазіцыю. Аднак у 2014-м годзе тагачасны прэм’ер Дональд Туск пачаў «змякчэнне» адносінаў з афіцыйным Мінскам на тле расійска-ўкраінскай вайны. Потым Туск стаў старшынёй Еўрапейскага Савета, і падчас інтэрв’ю вузкаму колу журналістаў чатырох краін Усходняга партнёрства (Беларусі, Грузіі, Азербайджана і Украіны), адзначыў: «Для пачатку, асабіста мой погляд змяніўся. Мае кантакты з прэзідэнтам Лукашэнкам, і адносіны паміж нашымі краінамі былі вельмі складанымі па многіх прычынах Асабіста для мяне прыемным сюрпрызам стала наша першая гутарка з прэзідэнтам Лукашэнкам адразу пасля анексіі Крыма. Я ўбачыў, што Беларусь па-сапраўднаму незалежная і нейтральная ў гэтым вельмі важным пытанні як для ЕС, так і для самой Беларусі», — казаў Туск.

«Па словах кіраўніка Еўрапейскага Савета, сёння можна казаць «аб новым тыпе адносін паміж ЕС і Беларуссю ў тым, што тычыцца сусветнага парадку і геапалітыкі ў нашай частцы кантынента», — цытаваў Туска tut.by.

З 2014-га года адносіны Беларусі і Польшчы нармалізаваліся. Канешне, гэта добра, але…

Пасля польскіх прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў «манаполію на ўладу» ў Польшчы атрымала партыя «Prawo i Sprawiedliwość» (PiS). Яна пачала «рэформы» у Польшчы, якія нагадваюць беларускі 1996-ы год. Прынамсі, у экстранным парадку прызначаюцца новыя члены Канстытуцыйнага суда (памятаеце «асобае меркаванне Рыгора Васілевіча»?) і звальняе кіраўнікоў грамадскіх медыя. Журналістам гэтых СМІ прыйдзецца прайсці пераатэстацыю: лаяльныя да палітыкі PiS захаваюць працу, астатнія — бывайце!

Еўрапейская камісія 13 студзеня нават ініцыявала беспрэцэдэнтнае расследаванне аб адпаведнасці рэформаў, якія праводзяцца урадам Польшчы, дэмакратычным прынцыпам.

Хто заразіўся вірусам дыктатуры?

Можа, некаму гэтыя прыклады пададуцца нацягнутымі, але… Адваротныя выпадкі іх пацвярджаюць. Тыя, хто захоўваў прынцыповую пазіцыю ў адносінах да беларускай дыктатуры, гэтага віруса пазбавіліся.

Напрыклад, Даля Грыбаўскайтэ, кіраўніца Літвы, таксама казала пра тое, што «Літва гатовая супрацоўнічаць і абараняць інтарэсы Беларусі ў Еўрасаюзе настолькі, наколькі Беларусь будзе гэтага хацець», але ў той жа час, пасля выбараў 2010-га года падтрымала санкцыі ЕС. Нягледзячы на тое, што пасля візіту ў сінявокую напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010-га, Далю назвалі «сяброўкай Лукашэнкі», афіцыйны Вільнюс быў адным з актыўных прыхільнікаў увядзення санкцый у дачыненні да ўладаў Беларусі.

І ў Літве ўсё добра.

Вяртаемся да таго, з чаго пачалі: ЕС даў неабгрунтаваны і нерацыянальны аванс беларускім уладам у выглядзе зняцця санкцый. Шмат якія палітыкі з нашага боку палічылі гэта памылкай. Але гэтая памылка можа задорага каштаваць самой Еўропе. Паглядзім, наколькі моцная там «прышчэпка ад дыктатуры».

Каментаваць