Я вымушаны сказаць "дзякуй" КДБ

Я вымушаны сказаць "дзякуй" КДБ. Як гэта не дзіўна, але гэта так. Звычайна такой структуры "дзякуй" не кажуць, але я гэта раблю.

Калісьці мой сябар Сяргей Марцалеў з'ехаў вучыцца ў Польшчу на досыць працяглы тэрмін. Ён і пасяліў мяне ў сваёй кватэры — каб я плаціў квартплату, рэгулярна прыбіраў памяшканне, глядзеў за спраўнасцю сантэхнікі, кветкі паліваў... Усё гэта было афіцыйна аформлена (гэта калі раптам падатковая зацікавіцца). І, зразумела, са мной туды пераехала значная частка маіх асабістых рэчаў.

Я вымушаны сказаць "дзякуй" КДБ. Як гэта не дзіўна, але гэта так. Звычайна такой структуры "дзякуй" не кажуць, але я гэта раблю.

Калісьці мой сябар Сяргей Марцалеў з'ехаў вучыцца ў Польшчу на досыць працяглы тэрмін. Ён і пасяліў мяне ў сваёй кватэры — каб я плаціў квартплату, рэгулярна прыбіраў памяшканне, глядзеў за спраўнасцю сантэхнікі, кветкі паліваў... Усё гэта было афіцыйна аформлена (гэта калі раптам падатковая зацікавіцца). І, зразумела, са мной туды пераехала значная частка маіх асабістых рэчаў.

Потым Сяргей вярнуўся, але некаторыя мае шмоткі там і засталіся. Я на іх, шчыра кажучы, забыўся.

Потым, у 2010 годзе, Сяргей стаў даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча і кіраўніком ягонага выбарчага штаба. У ноч з 22 на 23 снежня 2010 Марцалеў быў затрыманы, у ягонай кватэры прайшоў ператрус.

І чаго там толькі ні знайшлі!

Па-першае, дзякуй за тое, што знайшлі маё пасведчанне аб нараджэнні. Я лічыў яго безнадзейна згубленым. Нават ужо зрабіў копію пасведчання ў сувязі з ягонай стратай. Але ж не! КДБ гэта пасведчанне знайшло і, напэўна, уважліва вывучыла.

Па-другое, супрацоўнікі КДБ знайшлі дастаткова шмат, здавалася б, страчаных назаўжды рукапісаў. Пачынаючы ад інтэрв'ю з кампраматам на некаторых цяпер уплывовых асоб, заканчваючы пачаткам так і не дапісанай мной адной фантастычнай аповесці. Тады ў мяне быў час і натхненне гэтым займацца. Потым я заграз у штодзённай руціне, і неяк пра гэта забыўся. Цяпер, перачытаўшы гэтыя рукапісныя лісцікі, я думаю: можа, мне вярнуцца да гэтай ідэі? Быццам бы атрымлівалася ж нядрэнна...

Па-трэцяе, КДБ знайшоў мой штодзённік. І гэтая знаходка мне больш важная за астатнія.

Ці то ад нуды на лекцыях ва ўніверсітэце, ці то ў парывах усё таго ж натхнення і перапаўненасцю ідэямі, у гэтым штодзённіку я пісаў казкі. Такія сабе сучасныя казкі. Часам — апавяданні. Асабліва нікому іх не паказваючы і гэтую справу не афішуючы. Не тое, каб я іх хаваў. Проста я ўсё гэта пісаў так, для сябе. Узнікала думка — вось і пісаў.

Як ні дзіўна, супрацоўнікі КДБ, якія вывучалі гэты штодзённік, з'явіліся першымі сур'ёзнымі, і мяркуючы па ўсім, удзячнымі чытачамі гэтых казак. Іх не зацікавілі фінансавыя разлікі (калісьці, у бытнасць маю прэс-сакратаром "Маладой Грамады" мы меркавалі, колькі будзе каштаваць рэгулярнае выданне бюлетэня гэтай моладзевай арганізацыі), што знаходзіліся ў гэтым жа штодзённіку. Іх не зацікавілі матэрыялы семінара, на якім мы вывучалі выбарчыя тэхналогіі. У тым ліку і такія не вельмі карэктныя, як распусканне чутак, дыскрэдытацыя канкурэнтаў, непрыкметная агітацыя, контрпіяр і гэтак далей. На гэтых матэрыялах ніякіх закладак не было зроблена.

А вось казкі і апавяданні іх зацікавілі, і, мяркуючы па колькасці закладак, зацікавілі досыць сур'ёзна. Зрэшты, можа быць, ім было сумна, рабіць было няма чаго, і яны вырашылі пачытаць што-небудзь забаўляльнае? Тады ўсё роўна рэспект ім. Значыць, супрацоўнікі КДБ чытаюць не толькі пратаколы і лісты змешчаных у СІЗА КДБ. Цягне, цягне іх і да мастацкіх твораў!

Ну і, канешне, сярод вернутых рэчаў былі мае студэнцкія сшыткі. Цікава было пасля дзесяці год па сканчэнні ўніверсітэту пачытаць, чаму ж нас там карыснаму вучылі. Таксама было прыемна ўзгадаць сваіх аднакурснікаў і аднакурсніц, перапіска з якімі вялася не цыдулкамі, як у школе, а адразу ж пасярэдзіне запісаных лекцый ў гэтых сшытках. Некаторых сваіх аднагрупніц я нават імёны ўжо пазабываў. А тут — такое вяртанне ў маладосць! Проста вельмі прыемны быў сюрпрыз.

Што я магу прапанаваць супрацоўнікам КДБ, акрамя "дзякуй"? Я магу прапанаваць ім правесці яшчэ пару ператрусаў. Зрэшты, сам не ведаю дзе. Можа, дзе-небудзь яны знойдуць шэрую дыскету з надпісам на ёй: "Школьная дыскета, курсавыя, рэфераты, дыплом". Там сабраныя ўсе мае падобныя творы, пачынаючы з канца 2-га курса універсітэта. Прычым, не толькі мае, але і тыя, якія я пісаў аднафакультэтнікам пад замову. Чытанне абяцаю карыснае і пазнавальнае, паколькі свой першы дыплом пад замову я напісаў на трэцім курсе. І ён быў паспяхова абаронены (вось як!).

Я б прасіў знайсці і яшчэ адну дыскету. Нават колер не памятаю, па-мойму, зялёная. На ёй — працяг казак з цыкла пра Шэрага Ваўка. Папярэднія, здаецца, спадабаліся, а на дыскеце іх утрая больш, чым у штодзённіку. На пару дзён займальнае чытанне я гарантую!

Калі КДБ знойдзе гэтыя дзве дыскеты, падзяка мая не будзе мець межаў (у рамках разумнага, зразумела).
 

Каментаваць