Як пазбавіцца прапаганды

Неадназначны, мякка кажучы, сімвал перамогі — георгіеўская стужка, — у Беларусі яўна страціў свае пазіцыі.




На сёлетнія святы перамогі надзіва мала было такога дэкору, як георгіеўскія стужкі. Пасля мінулагодніх спрэчак наконт гэтага сімвалу яе адсутнасць кідалася ў вочы. 9 мая я спецыяльна прайшоўся па стаянцы машын каля крамы «Суседзі» на вуліцы Заслаўскай у Мінску. Блізу 40 машынаў — і толькі адно чорна-жоўтае ўпрыгожванне. Прычым не на антэне, а ў салоне машыны.

На стаянцы ля майго дома раней ці не кожная другая машына пад Дзень Перамогі аздаблялася гэтым упрыгожваннем. Там таксама змяшчаецца пад паўсотні аўто. Сёлета статыстыка, як каля крамы, — адна машына.

У парку Перамогі ў той жа дзень, дзе бавілі час людзі, задаволеныя працяглымі выходнымі, — ветэраны, госці Мінску з Расіі, наведвальнікі музею Вялікай Айчыннай вайны і проста тыя, хто вырашыў адпачыць і паесці шашлыкоў — адзінкі з георгіеўскай стужкай на грудзях. Сярод соцень чалавек! Нават экскурсанты з музею ВАВ выходзілі без «сімвалу перамогі».

Два гады беларусы спрачаліся, што ж такое георгіеўская стужка насамрэч: сапраўды знак перамогі над фашызмам і «спасибо деду за победу», як лічыла прарасійская грамадскасць, альбо ўсё ж гэта прыкмета вайны і інтэрвенцыі ва Украіну? Улады Беларусі, тым не менш, пабачылі небяспеку ў такім упрыгожванні. Год таму нават Аляксандр Рыгоравіч ухваліў замену чорна-жоўтай сімволікі на стужку колеру дзяржаўнага сцягу з яблыневай кветкай.

Штопраўда, і афіцыйным сімвалам народ не надта ўпрыгожваўся. Больш ён быў бачны на тых, каму гэта зрабілі абавязкам, — на прадавачках крамаў і шапікаў. Не надта багата было мінакоў — тыя ж адзінкі, — якія чаплялі на сябе бутаньерку, ужо не кажучы пра аздабленне такім аксесуарам машыны.

Але і тое, што георгіеўская стужка страціла сваю папулярнасць — відавочна.

У Расіі акцыя па раздачы чорна-жоўтых стужак пад назвай «Стужка перамогі» і ў гэты год не спынялася, але была не вельмі разрэкламаваная. У Беларусі акцыю падтрымала моладзевае сацыяльна-культурнае грамадскае аб’яднанне «Русь Маладая». Паводле інфармацыі з іх сайту, яны наладзілі раздачу стужак у Мінску, Гомелі, Гродне і Магілёве, але… Вынікі не вельмі радасныя. Як паведамляе іх жа сайт, пры раздачы стужак ля Парку Горкага ў Мінску і на Камароўскім рынку (людныя месцы!) дзве тысячы стужак разышліся «за пару гадзінаў». Хм… У лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, які ля Камароўкі рэгулярна пікеты ладзіў, параўнальная колькасць улётак разыходзілася разы ў два хутчэй. І гэта ж не стужкі, а «палітыка»!

І той жа сайт паведамляе, як мінакі непрыязна ставіліся да гэтай акцыі. У Мінску былі рэзкія эксцэсы з лаянкай і «правакацыяй». У Гомелі «румолаўцам» пашанцавала больш: людзі проста адмаўляліся браць стужкі. Канешне, сайт піша, што гэта было «некалькі чалавек», але сімптаматычна, што «ўсё яны былі не старэйшыя за 25 гадоў». «Магчыма, гэта звязана з тым, што ў апошні час вельмі модным стала прымешваць да гэтага сімвала іншыя значэнні, шукаць у яго гісторыі нейкія сумнеўныя факты», — смуткуе «Румол».

Георгіеўская стужка — яскравы прыклад таго, як працуе ў нашай краіне суседняя прапаганда, і як ад гэтай прапаганды лёгка пазбавіцца. Трэба толькі спыніць яе падтрымку на дзяржаўным узроўні.

Сёлета чорна-жоўты аксесуар не выдавалі «ў нагрузку» пакупнікам буйных крамаў, як гэта было год таму ў гіпермаркетах Юрыя Чыжа ProStore. Таму гэтых стужак на вуліцах відавочна паменела. А з іншага боку, ёсць і законы рынку: калі тавар не карыстаецца попытам, яго і не вырабляюць. І нават з сайту «Румола» мы бачым, што георгіеўскія стужкі не выклікаюць ажыятажнага попыту, нават калі гэта «халява».

Як трапна заўважыў кіраўнік Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў Алег Манаеў, думка большасці народа на падставе той інфармацыі, якую яны атрымліваюць. І варта проста «павярнуць рубільнік» у іншы бок — і праз некалькі месяцаў, праз год, грамадская думка змяняецца істотна, калі не на цалкам супрацьлеглую.

Усяго год таму ў краіне выдумалі з нуля новы сімвал перамогі — і сёння георгіеўская стужка ўжо страціла свае пазіцыі.

А трэба ўсяго толькі адключыцца ад прапаганды. Нездарма першае, што зрабіла Украіна пасля расійскай агрэсіі, — гэта паадключала расійскае тэлебачанне. У нашай краіне ўсе сацыялагічныя даследаванні паказваюць вялікую залежнасць беларускага народа ад расійскага тэлебачання, якое транслюецца ў нас на дзяржаўных «кнопках». Варта перастаць глядзець тэлевізар, ці адключыць расійскія каналы — не скажу, што мы адразу ж прачнемся ў іншай краіне. Аднак праз паўгады-год «асэнсаваных» прыхільнікаў беларускай незалежнасці, не затлумленых дэмагогіяй «братэрскіх народаў», значна паболее.

У рэчышчы сённяшняга «незалежніцкага» і «нейтральнага» курсу афіцыйнай палітыкі гэта было б цалкам слушна. Але тут ёсць адно «але». Уласнай дзяржаўнай ідэалогіі улада, нягледзячы на ўсе яе высілкі, так і не выпрацавала. А ў такім разе народ азірнецца і запытаецца: куды падзелі бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня»?


Абмеркаванне:

  • Ну што тут скажаш
  • 2016-05-12 14:49:41
Ну што тут скажаш - "Москва и Минск подпишут документ по союзному информпространству" http://epramova.org/content/moskva-i-minsk-podpishut-dokument-po-soyuznomu-informprostranstvu.

Каментаваць