Як у Беларусі «русского мира» няма

Інфармацыя пра затрыманне ў сінявокай трох адэптаў «русского мира» і аўтараў прапагандысцкага партала Regnum узбудзіла зусім не тую частку насельніцтва, якую трэба.


На сёння вядома, што сілавікі Беларусі затрымалі выкладчыка Беларускага дзяржуніверсітэту інфарматыкі і радыёэлектронікі Юрыя Паўлаўца, (псеўда на Regnumе — Павел Юрынцаў і Мікалай Радаў) выпускніка Акадэміі кіравання берасцейца Дзмітрыя Алімкіна (Ала Бронь) і Сяргея Шыпценку (Артур Грыгор’еў). Усе яны затрыманыя у межах расследавання крымінальнай справы па частцы 1 артыкула 130 КК РБ і падазраюцца «ў здзяйсненні наўмысных дзеянняў, накіраваных на ўзбуджэнне ў розных груп насельніцтва Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасці, а таксама варожасці па прыкметах нацыянальнай, моўнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці, якія выявіліся ў падрыхтоўцы і размяшчэнні ў інтэрнэце артыкулаў», — паведамляе сайт Следчага камітэту.

Гэта тыя самыя людзі, якія называлі Рэспубліку Беларусь «звар’яцелай недадзяржавай», ганілі мову, азначаючы яе як «недадыялект», казалі пра беларускі акцэнт як «прыкмету нізкага паходжання» і гэтак далей.

Але што самае дзіўнае: на абарону гэтых «аўтараў» чамусьці паўсталі тыя людзі, якія раней гатовыя былі іх парваць голымі рукамі. Тыя, хто раней казаў пра пагрозу «русского мира» і пра небяспечнасць расійскай прапаганды, раптам узгадалі прыпісваемае Вальтэру: «Я не згодны з вашым меркаваннем, але гатовы аддаць жыццё за ваша права яго выказваць». Некаторыя адкапалі шматпавярховую показку: «Калі прышлі за камуністамі, я маўчаў, бо не камуніст, калі прышлі за габрэямі, маўчаў, бо не габрэй» і гэтак далей, сканчаючы «калі прышлі за мной, няма каму было казаць»…

І вось ужо аўтары «Еўрарадыё» і «Нашай нівы» учытваюцца ў артыкулы Regnumа, шукаючы, і пакуль не знаходзячы там склад злачынства і наўпростыя заклікі да вайны. Учытваюцца ў тую ж творчасць праваабаронцы. А некаторыя асабліва бландзіністыя грамадзянкі, якія называюць сябе палітыкамі, нават не чытаючы тэкстаў Алы Бронь, абвясцілі затрыманых палітвязнямі.

Мне ўвогуле падаецца, што нашы следчыя проста параіліся з рэдактарам Regnumа Юрыем Баранчыкам на прадмет, як узняць на яго сайце колькасць наведвальнікаў. Спосаб знайшлі, колькасць «унікаў» на рэсурсе, пэўна, вырасла ўдвая.

Кіньце дурное, і перачытайце лепш любімы Крымінальны кодэкс. У інкрымінуемым «русскому миру» артыкуле згадваецца не толькі нацыянальная варожасць, але і «прыніжэнне нацыянальнага гонару і годнасці». Вы не згодныя з тым, што «звар’яцелая недадзяржава» на адрас Беларусі ёсць прыніжэннем нацыянальнага гонару і годнасці?

Другое: аматарам розных міжнародных пактаў. Зразумела, сусветныя дакументы гарантуюць свабоду слова, але адказную свабоду слова. Той жа Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах кажа, што «ўсялякі выступ на карысць нацыянальнай, расавай або рэлігійнай нянавісці, які прадстаўляе сабой падбухторванне да дыскрымінацыі, варожасці або гвалту, павінен быць забаронены законам» (артыкул 20 МПГПП).

І трэцяе. Чаму арышты аўтараў Regnumа турбуюць дэмакратычную грамадскасць увогуле? Па сутнасці, ім — дэмакратам, гэта павінна быць па барабане. Затрымалі русафілаў і беларусафобаў — і добра. Канешне, гэта не той выпадак, калі «вораг майго ворага — мой сябра», і ніхто не прымушае цалавацца зараз з Лукашэнкам, але абараняць адэптаў «русского мира» — нашто? Чаму «на вентылятар» з гэтай нагоды ў Фэйсбуках ды Вкантактах падкідаюць, па вызначэнні гэтых аўтараў, «фашысты-русафобы» ды «недаграмадзяне»?

Гэта проста капец. Калісьці мяне ў сацыяльныя сеткі загнала кіраўніцтва — для адсочвання акцый розных нефармальных груповак кшталту «левых франтоў», «маладых франтоў», анархістаў, «антымайданаўцаў» і гэтак далей. Журналісту інфармацыйнага агенцтва гэта было трэба. З тых часоў я не адфрэнджваў нікога. І рэакцыя маёй фрэндстужкі адна — «рускаміраўцаў» абараняюць, спрачаюцца і сварацца выключна «шчырыя беларусы».

Дзе «Антымайдан»? Дзе тая, ну, хай тысяча прыхільнікаў «русского мира», якія былі на «канцэрце» Салаўёва? Чаму нейкая «Альтэрнатыва» пікетуе БДУІР з плакатам «Паўлавец — здраднік», а той, хто дасылаў Салаўёву цыдулку «забярыце нас, як Крым», не стаіць пікетам ля будынку Следчага камітэту з шыльдай «Свабоду палітвязням»?

Чаму пасля арышту Пальчыса напрацягу тыдня сабраўся цэлы камітэт салідарнасці з ім, а пасля арышту трох «рускаміраўцаў» мы не бачым ніякіх спробаў іх абароны, найперш, з боку іх аднадумцаў? Чаму за іх «падпісаўся» толькі рэдактар Regnumа Юрый Баранчык — і той з Масквы?

Таму што няма ў Беларусі «русского мира». Беларуская грамадзянская супольнасць ёсць, а «русского мира» няма. Хораша ім было пантавацца цыдулкамі пра Крым ананімна, а калі запахла палёным — спрацавала спрадвечнае беларускае «хавайся ў бульбу». І вось ужо Аляксей Дзермант, які ўваходзіў у адзін IMHOclub з Паўлаўцом, сарамліва хаваючы вочы, «здае» свайго сябра, кажучы па беларускай тэлевізіі, што «там сапраўды можна ўбачыць прыкметы распальвання нацыянальнай варожасці і дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь».

Дзякуй за падказку, Аляксей, «дыскрэдытацыю» затрыманым яшчэ не прыляпілі.


Каментаваць