Як «апусцілі» Феміду

Барацьба з карупцыяй сённяшняй улады — гэта фэйк. Усе гучныя працэсы так званых «карупцыянераў», як высвятляецца зараз, высмактаныя з пальца, а за кратамі, атрымліваецца, сядзелі цалкам невінаватыя людзі. Менавіта гэта вынікае з гучных памілаванняў нібыта «карупцыянераў» і прызначэння іх на кіруючыя пасады розных гатункаў.

Як вядома з інтэрнэтаў, як мінімум пяцёра асуджаных па «карупцыйных справах» чыноўнікаў і кіраўнікоў рознага ўзроўню былі памілаваныя і прызначаныя кіраваць рознымі гаспадаркамі. У чарговы раз пералічым шчасліўцаў.

Былы намеснік генпракурора Аляксандр Архіпаў, асуджаны ў 2014-м годзе на шэсць гадоў пазбаўлення волі за атрыманне хабару і перавышэнне службовых паўнамоцтваў, вызвалены і 26 студзеня прызначаны дырэктарам РСУП «Пятровічы».

Экс-гендырэктар ААТ «Холдынг «Магілёўвадбуд» Яўген Зюзін, асуджаны ў 2014 годзе на сем гадоў зняволення за крадзеж і атрыманне буйнога хабару паўторна, з канца студзеня 2016 года ўзначаліў СВК «Калгас імя Дзяржынскага» Бабруйскага раёна.

Былы намеснік старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Ігар Стасевіч, асуджаны ў 2014-м на тры гады пазбаўлення волі за перавышэнне службовых паўнамоцтваў, прызначаны дырэктарам Баранавіцкага камбіната надомнай працы.

Былы гендырэктар ААТ «Магілёўдрэў» Андрэй Усаў, асуджаны ў 2014 годзе на восем (!) гадоў пазбаўлення волі за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, крадзеж маёмасці шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, службовы падлог, вызвалены і прызначаны выканаўчым дырэктарам па вытворчасці ААТ «Магілёўскі завод Строммаш».

Былы намеснік старшыні канцэрна «Белнафтахім» Уладзімір Волкаў, асуджаны ў 2014 годзе за атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры таксама на восем гадоў пазбаўлення волі, у лютым быў вызвалены датэрмінова і прызначаны кіраўніком дырэкцыі будуючыхся аб’ектаў наваполацкага НПЗ.

Да чаго такі падрабязны разбор, хто за што быў асуджаны, і хто куды прызначаны? Справа ў тым, што гэтыя людзі былі не проста асуджаныя і потым памілаваныя. Іх прысуды прадугледжваюць і яшчэ адно пакаранне. Усе яны, кажучы па-руску, «лишенцы». Па беларуску як? «Пазбаўленцы»?

Аляксандр Архіпаў, згодна прысуду, быў пазбаўлены права займаць арганізацыйна-распарадчыя пасады цягам пяці гадоў. Тая ж прыпіска ў прысудзе, — «з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў тэрмінам на 5 гадоў», — тычыцца Уладзіміра Волкава, Андрэя Усава і Яўгена Зюзіна.

Ігар Стасевіч быў пазбаўлены права займаць такія ж пасады на тры гады. Але і асуджаны ён быў 26-га лютага 2015-га года. То бок год прайшоў, — а ён ужо не толькі на волі, але і дырэктар.

Фактычна гэта азначае, што людзі, вызваленыя і прызначаныя на адказныя пасады, былі не толькі памілаваныя. Яны былі яшчэ і ўзноўленыя ў правах, калі, насуперак прысудам, занялі адказныя пасады. То бок, былі рэабілітаваныя.

Нагадаем, што ўзнаўленне ў правах — гэта тое, што адрознівае рэабілітацыю ад амністыі і памілавання. Як піша Вікіпедыя, «рэабілітацыя (юрыдычная), ад лац. rehabilitate — аднаўленне ў правах, аднаўленне страчанага добрага імя, адмена неабгрунтаванага абвінавачвання невінаватага асобы альбо групы асоб з-за «адсутнасці складу злачынства». Рэабілітацыя адрозніваецца ад амністыі, памілавання поўным аднаўленнем правоў і рэпутацыі з прычыны фальшывага (няслушнага) абвінавачвання».

Прызначаючы «карупцыянераў» на адказныя пасады, улада фактычна прызнала, што яны ўзноўленыя ў правах. Значыць — рэабілітаваныя. А калі былыя «карупцыянеры» былі рэабілітаваныя, гэта аўтаматычна азначае, што справы ў дачыненні іх былі сфальшаваныя, абвінавачванні — неабгрунтаваныя, а самі яны — невінаватыя, і правялі за кратамі хоць і не поўныя тэрміны, але ні за што.

То бок, уся палымяная барацьба з карупцыяй і «гучныя карупцыйныя справы» — суцэльны фэйк, судовая памылка. І зараз тыя, у адносінах каго «памыліліся», цалкам маюць права патрабаваць справядлівасці, як незаконна асуджаныя.

Па логіцы, зараз павінны паляцець галовы ў Следчым камітэце, які сфабрыкаваў і сфальшаваў гэтыя карупцыйныя справы. У пракуратуры, якая падтрымлівала няслушнае абвінавачванне. У судах, якія не разабраліся ў справах па сутнасці, і асудзілі невінаватых. Карацей, прызначэннем на адказныя пасады «былых карупцыянераў» Аляксандр Рыгоравіч «апусціў» усю праваахоўную сістэму.

А калі яны не рэабілітаваныя? Усё роўна судовая сістэма застаецца ў статусе «апушчанай». Бо нават нягледзячы на памілаванне не выконваецца рашэнне суда ў частцы пазбаўлення правоў асуджаных асобаў. Як зараз у вочы навакольным, знаёмым, сябрам, калегам-юрыстам глядзець тым суддзям, якія выносілі прысуды па «карупцыйных справах»? Маўляў, мы злачынцу далі прысуд, а выканаць яго — не ў стане, не нашая задача, і таму злачынца не толькі на волі па памілаванні, але і поўнасцю «ачышчаны»?

Дык што ж у нашай краіне фэйк? У нас цацачная барацьба з карупцыяй, альбо цацачная ўся судовая сістэма? Альбо і тое, і другое? А калі ў нас судовая сістэма цацачная, дык, можа быць, нам скасаваць адміністрацыйны артыкул за непавагу да суда? Якая можа быць да яго павага, калі так проста і нахабна «апусцілі» Феміду?

Каментаваць