Яшчэ раз пра “беларускага Абаму”

Пасля абрання, а тым больш інаўгурацыі Барака Абамы, -- маладога, харызматычнага і першага чорнаскурага прэзідэнта ЗША, шмат у Беларусі загаварылі пра тое, што нам патрэбны “беларускі Абама. На думку незалежных аналітыкаў, такі сцэнар (пошук беларускага аналага Абамы) сярод апазіцыі цалкам верагодны.
Пасля абрання, а тым больш інаўгурацыі Барака Абамы, -- маладога, харызматычнага і першага чорнаскурага прэзідэнта ЗША, шмат у Беларусі загаварылі пра тое, што нам патрэбны “беларускі Абама. На думку незалежных аналітыкаў, такі сцэнар (пошук беларускага аналага Абамы) сярод апазіцыі цалкам верагодны.
 
“Жарты жартамі, але размовы пра беларускага Абаму нельга назваць цалкам наіўнымі ды беспадстаўнымі… Чаму прыход Барака Абамы зрабіўся сенсацыяй? Найперш таму, што гэты палітык здолеў заваяваць давер большасці жыхароў сваёй краіны, нягледзячы на тое, што належыць да колісь дыскрымінаванай группы афраамерыканцаў. У сучаснай Беларусі прыход да ўлады беларускамоўнага чалавека і шчырая ўсенародная любоў да яго чым не магчымыя?, -- на поўным сур’езе піша газета “Наша Ніва і дадае, што пытанне расы ў ЗША не менш слізкае, чым пытанне мовы ды культурнай прыналежнасці ў Беларусі.
 
Узнікае толькі пытанне: дзе ўзяць таго “беларускага Абаму, дзе ён дагэтуль хаваецца?
 
Уважаючы на тое, што адначасова з пошукам спадара А. ідзе дыскусія пра тое, колькі будзе дэмакратычных кандыдатаў на будучых прэзідэнцкіх выбарах, можна знайсці шэраг сцэнароў, па якім будзе шукацца наш Абама.
 
Аб’яднаная грамадзянская партыя можа пафарбаваць яе лідэра Анатоля Лябедзьку ў чорны колер і абвясціць яго афрабеларусам. А што? Быў жа Лябедзька на гэты Новы год Дзедам Марозам? З вялікай барадой віншаваў замежных дыпламатаў? Так што акторскага таленту яму не займаць. Раптам пракоціць?
 
Што тычыцца сацыял-дэмакратаў розных кірункаў, то яны самі кажуць пра свайго ідэальнага кандыдата. Гэта павінна быць чорнаскурая аднаногая ўцекачка-лесбіянка, хворая на СНІД, адзінокая, але з дзіцём. Каб ніякая меншасць не засталася пакрыўджанай. Шукайма ў лагерах уцекачоў, калі такія ў Беларусі ёсць.
 
Камуністычны беларускі Абама зараз павінен знаходзіцца альбо ў замежжы, альбо ў ссылцы ў Сібіру, таму яго не бачна і не чутна.
 
Наконт абодвух БНФаў, а таксама рознага кшталту Маладых Франтоў, то адказ, канешне ж, адзін – толькі Зянон!
 
Апошнім часам актывізаваліся хрысціяне з аргкамітэту па стварэнні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Яны нават заявілі, што будуць вылучаць свайго кандыдата ў прэзідэнты. Баюся, што з нагоды пошукаў свайго спадара А., Паўлу Севярынцу давядзецца тэрмінова пагаліць вусы.
 
Калі  сур’ёзна, то мяне вельмі здзіўляе сітуацыя, калі беларускія палітыкі будуць шукаць нейкага таго, хто пераможа “крывавы рэжым па аналогіі перамогі ў  ЗША. Для тых, хто ўсё ж такі зоймецца пошукам “беларускага Абамы я нагадаю некалькі сумных рэчаў.
 
Пасля “памаранчавай рэвалюцыі 2004 года ва Украіне шмат хто спадзяваўся на сцэнар “беларускага Майдану. Пасля перамогі ў Грузіі “рэвалюцыі ружаў нейкія беларускія “гарачыя галовы казалі нават пра “васільковую рэвалюцыю у Беларусі. Ды што там! Пасля звяржэння рэжыму Мілошавіча ў Югаславіі беларускі маладзёжны рух “Зубр ствараўся па прыкладзе тамашняга “Отпора.
 
Здаецца, залішне казаць пра тое, што ўсе гэтыя праекты “па аналогіі на беларускай зямлі пацярпелі паразу. Чаму? Менавіта таму, што яны былі створаныя “па аналогіі. Такі ж лёс чакае і “аналагічнага “беларускага Абаму. Мы не Штаты, Абама тут не ходзіць.
 
Так што лепш не займацца экстрапаляваннем чужых перамог на маленькую Беларусь. Треба рабіць беларускі цуд і беларускую перамогу. Інакш кажучы, трэба не браць прыклад з кагосці, а падаваць яго самім.

Каментаваць