Каму стала горш ад прызыву?

З прымусовым прызывам у войска актывістаў беларускай апазіцыі ў Міністэрства абароны адны непрыемнасці. І справа тут не ў тым, што іхнія паплечнікі рэгулярна робяць акцыі пратэста пад будынкамі міністэрства. Нават не ў міжнароднай рэакцыі на іх прызыў. На акцыі і заявы ўсялякіх еўрапейскіх ведамстваў хай адказвае міліцыя і Мінісэрства замежных спраў. Небяспечным з'яўляецца сама грамадская ўвага да трох маладзёнаў.

 

З прымусовым прызывам у войска актывістаў беларускай апазіцыі ў Міністэрства абароны адны непрыемнасці. І справа тут не ў тым, што іхнія паплечнікі рэгулярна робяць акцыі пратэста пад будынкамі міністэрства. Нават не ў міжнароднай рэакцыі на іх прызыў. На акцыі і заявы ўсялякіх еўрапейскіх ведамстваў хай адказвае міліцыя і Мінісэрства замежных спраў. Небяспечным з'яўляецца сама грамадская ўвага да трох маладзёнаў.

7 лютага Зміцер Федарук, Іван Шыла і Франак Вячорка прынялі прысягу. Дакладна вядомыя месцы, дзе яны будуць служыць. Прычым, тыя звесткі, якія яны перадалі сябрам і журналістам, у савецкі час з'яўляліся надзвычай сакрэтнымі.

Так і бачу развіццё падзей у выпадку ўзброенага канфлікту "цывілізаванага свету з апошняй дыктатурай Еуропы".

Сядзіць нейкі генерал МакЛаўд за кампутарам. "Першая мэта сучаснай вайны, — падаўленне супрацьпаветранай абароны праціўніка. Што мы маем? Пра расійскія вайсковыя аб'екты ў Ганцавічах і Вілейцы мы ведаем. Гэтыя радары знішчым у першую чаргу. Так, наступная мэта — часткі супрацьпаветранай абароны. Дарэчы, што там з нашымі апазіцыянерчыкамі? Ага. Актывіст міжнароднай маладзёжнай арганізацыі "Малады фронт" (Чэхія) Іван Шыла прыняў прысягу і будзе служыць у 29-й зенітнай ракетнай брыгадзе, якая дыслакуецца ў вёсцы Межыцы Лепельскага раёна Віцебскай вобласці. З ім жа там жа служыць Алесь Каліта. Добра".

Генерал МакЛаўд лезе ў "Гугал Мэп", знаходзіць геаграфічныя каардынаты часткі... Бабах! Стартанула ракета, і няма больш 29-й зенітнай ракетнай брыгады, разам з вёскай Межыцы.

"Што далей? Дзе там Франак Вячорка? А ё-маё! Ажно дзьве адрэсы! Так, 8-я радыётэхнічная брыгада ў Баранавічах. Накіраваны ў Мазыр для праходжання тэрміновай службы ў ваеннай часці № 48694 супрацьпаветранай абароны. Ягоная частка займаецца чым? Ага. Радыётэхнічная частка супрацьпаветранай абароны хуткага рэагавання. Але ж. Баранавічы і Мазыр — буйныя населеныя пункты. Што ж рабіць?", — думае генерал МакЛаўд і здымае слухаўку тэлефона.

"Алё, генерал МакАртур? Будзе па мабілке Франак Вячорка сваім родзічам тэлефанаваць, засякіце месцазнаходжанне сыходзячага вызаву! Памятаеце, як генерала Дудаева забілі, калі ён размаўляў па спадарожнікавым тэлефоне? Ага, слушна мяне зразумелі. Мабіла, канешне, не спадарожнік, але засекчы сігнал... Зробіце? Добра! І пашустрыце яшчэ, там у Баранавічах таксама нешта ёсць", — генерал МакЛаўд задаволена кладзе слухаўку.

Фігась! Стартавалі яшчэ дзве ракеты. І няма больш ані часткі ў Мазыры, ані часткі ў Баранавічах.

"Хто ў нас там яшчэ. Зміцер Хведарук — язык зломіш, што за імя, што за прозвішча ў гэтай дыктатуры! Назвалі б пацана нармальным славянскім імём: Джон там, альбо Біллі... Ваенная частка № 18662 транспартных войскаў у Жодзіне. Смалявіцкі раён Мінскай вобласці. Чым ён там займаецца? "Паводле некаторых звестак, названая часць будзе будаваць дарогу да месца размяшчэння будучай беларускай АЭС. Але непасрэдна ў будаўнічы батальён я не траплю, так што працаваць на гэтым будаўніцтве не буду", — зазначыў Д.Федарук журналістам". Добра. Калі атамную станцыю яны пабудавалі таксама, як дарогу, з прызывам усялякіх маладзёнаў 18-ці год, то туды нават ракетаў кідаць не прыйдзецца — разваліцца само. Вось і эканомія бюджэтных сродкаў, — адна крылатая ракета каштуе мільён даляраў, як-ніяк. Добрыя грошы у перыяд крызісу", — пацірае рукі МакЛаўд.

"О, яшчэ нехта. Жалезнічэнка? Ху із містэр Жалезнічэнка? Вайсковая частка транспартных войскаў у Жлобіне. Яшчэ раз МакАртуру патэлефанаваць? Ладна, абыйдуцца. Так, яшчэ ў нас вайсковую службу праходзяць экс-старшыня "Моладзі БНФ" Алесь Каліта, — з гэтым разабраліся разам з Шылай. Лідэр Смаргонскай арганізацыі Зміцер Бяляеў. Адзін з актывістаў мінскай "Моладзі БНФ" Юры Дзяшук. Член Партыі БНФ Віталь Каратыш. Не, усё ж трэба тэлефанаваць МакАртуру, — хай праб'е іх мабілкі і можа, чаго цікавага зловім", — генерал МакЛаўд задаволена піліць свой фрэнч, прабіваючы дзірачку для яшчэ адной баявой узганароды. "А справаў-та, усяго нічога, проста залез на навіновыя сайты Беларусі", — усміхаецца генерал МакЛаўд.

У МакЛаўда на кампутары ўзнікае ўсплываючае акенца. "Што? Гурт сярэднявечнай музыкі "Стары Ольса" зыграў канцэрт у танкавай частцы, дзе служыць іх бубнач? Ну-ка, ну-ка... Тут адной зэканомленай ракетай не абыйдзешся: танкі, як-ніяк, — устрывожана думае МакЛаўд і некалькі разоў націскае кнопку "Пуск", — А зараз можна і музыку паслухаць, заўсёды любіў этна-фольк. Як там гэты гурт завецца?"

Каментаваць