Манаполія на Беларусь

Галоўнай падзеяй года, безумоўна, можна назваць атрыманне Нобелеўскай прэміі па літаратуры нашай суайчынніцай і сучасніцай Святланай Алексіевіч. З гэтай нагоды было шмат спрэчак. Спрэчак і непрыемных заўвагаў у яе бок. Некаторыя з іх мяне здзівілі, а некаторыя — цалкам зразумелыя.

Спачатку пра заўвагі з боку «прагрэсіўнай грамадскасці». На вялікі жаль, замест таго, каб парадавацца за Алексіевіч, некаторыя катэгарычныя апазіцыянеры пачалі адмаўляць ёй у прыналежнасці да Беларусі і беларускай літаратуры. Маўляў, якая ж Алексіевіч беларуская пісьменніца? Піша па-руску, неаднаразова выказвалася пра родную рускую культуру, піша не пра сінявокую, а пра «савок», і ўвогуле ігнаруе «адраджэньне». Дык колькі ў яе беларускага? Ніколькі.

Пра гэта ўжо цікава напісаў Аляксандр Класкоўскі ў сваім артыкуле на Naviny.by. Цалкам з ім згодны, я ўсё ж дадам ад сябе колькі радкоў. Пра тое, як лёгка мы адмаўляемся ад свайго. І гэтае наша потым прысабечваюць іншыя.

Процьма таму прыкладаў. Вось проста больш яскравыя.

Колькі мы зараз спрачаемся наконт таго, чый жа Адам Міцкевіч? Забыліся на яго ў свой час, і адразу ж палякі залічылі яго ў свае нацыянальныя паэты. Пісаў жа па-польску! І даводзіцца доўга даказваць, што Міцкевіч — беларус.

Марк Шагал? «Расійскі, беларускі і французскі мастак», кажа Вікіпедыя. Асабліва цікава, што ён «расійскі» — чатыры гады з перапынкам пражыў у Пецярбурзе і два ў Маскве, нічога эпахальнага там не стварыўшы. Але ж усё роўна «расійскі»! Бачыце, як «падбрываюць» нашую спадчыну?

Гэтак жа адбываецца не толькі ў культуры. Некаторыя літоўцы наўпрост кажуць пра Вільню: «Так, гэта было ваша. Але было ваша — стала наша. Выбачайце, гэта ўжо наш горад». І што мы маем ім адказаць? А нішто. Сапраўды, не баранілі сваё — зараз літоўская Вільня, польскі Беласток, расійскі Смаленск.

Я ні ў якім разе не высоўваю тэрытарыяльных прэтэнзій нашым суседзям. Я проста хачу нагадаць прынцыповым «вялікабеларусам», што тую каштоўнасць, ад якой яны адмаўляюцца зараз, абавязкова і вокамгненна нехта прысабечыць. А потым тыя ж «вялікабеларусы» будуць ізноўку кусаць локаць і да пены на вуснах даказваць, што гэта — нашае.

Вось зараз гэтыя «свядомыя камісары» пачалі спрачацца, ці нашая Алексіевіч? І адразу ж, імгненна яе паспрабавалі ў нас «падбрыць». Не верыце? Уважліва пачытайце віншаванне Святлане ад Пятра Парашэнкі. «Нобелеўскую прэмію па літаратуры атрымала Святлана Алексіевіч, родам з Івана-Франкоўска. Дзе б мы ні былі, на якой бы мове ні гаварылі б і ні пісалі — мы заўсёды застаемся ўкраінцамі!», — піша ўкраінскі прэзідэнт.

Дык што, аддамо Алексіевіч украінцам? А потым, як з Міцкевічам, будзем доўга даказваць яе беларускасць?

З іншага боку, на Алексіевіч накінуліся ўлады. Варта было ёй атрымаць Нобеля, як Лукашэнка выказаў незадавальненне, — не Нобелем, самою Алексіевіч. Маўляў, не паспела тую прэмію атрымаць, а ўжо знайшла час «цэбар бруду выліць на сваю краіну». Пры гэтым было зазначана, што «Радзіму, сваю зямлю, як і сваіх бацькоў, сваю маці, не выбіраюць. Яна такая, якая ёсць. І калі ты дрэнна кажаш пра Радзіму, саромеешся яе, значыць, ты перш за ўсё дрэнны сын» (альбо дачка).

А потым нацыянальнае тэлебачанне не знайшло магчымасці паказаць цырымонію ўручэння Нобеля Алексіевіч — а раптам яна ў сваёй прамове таксама «вылье цэбар бруду»?, Родны Мінкульт павіншаваў Святлану Аляксандраўну тэлеграмай, але не пажадаў адзначыць такое дасягненне ані званнем народнай пісьменніцы, ані пачэсным дзеячом культуры, ані Героем Беларусі, пра што прасілі грамадзяне.

У прынцыпе, уладам час ужо прызвычаіцца, што, як пісалі браты Стругацкія, «вялікія пісьменнікі заўсёды бурчаць. Гэта іх нармальны стан, таму што яны — гэта хворае сумленне грамадства, пра якую хваробу само грамадства, можа быць, нават і не здагадваецца… Хворае сумленне проста баліць, і ўсё».

Гэткая дэманстратыўная непавага да Алексіевіч, да яе Нобелеўскай прэміі… Чаму яна ўзнікла? Часткова на гэта адказала сама пісьменніца, якая сваім чуццём сапраўды вызначыла, што адбываецца. На думку нобелеўскага лаўрэата, Лукашэнку «не патрэбны нобелеўскі лаўрэат у краіне, ён абсалютны манарх, ніхто не павінен зацяняць яго».

Па-мойму, справа тут не ў краіне — маштаб значна большы. Аляксандру Рыгоравічу нобелеўскі лаўрэат ад Беларусі не патрэбны ўвогуле ў свеце. Рэўнасць да Нобеля Алексіевіч выкліканая тым, што, атрымаўшы ўзнагароду, яна разбурыла, разбурае і працягвае разбураць манаполію Аляксандра Лукашэнкі на Беларусь.

Што раней іншаземцы ведалі пра нашую краіну? Белавежскую пушчу? Сэрца Еўропы? «Песняры»? Лінія Сталіна? Нічога падобнага. Калі простыя замежнікі чулі «Беларусь», у іх адразу ўзнікала ў галаве: «Чарнобыль» і «Лукашэнка». Гэткія асацыяцыі сустракаць давялося неаднаразова.

Чарнобыль пакрысе сыходзіць у мінулае, і таму апошнія часы гэта асацыяцыя змяніла месцы: «Лукашэнка» і «Чарнобыль».

Зараз Алексіевіч атрымала Нобеля. І вось ужо нарвежцы і шведы кажуць Радыё Свабода: «Алексіевіч — гэта ўсё, што я ведаю пра Беларусь». І абяцаюць чытаць яе творы.

То бок, Беларусь — гэта ўжо не «Лукашэнка». Беларусь у асацыяцыях замежніка — гэта ўжо Алексіевіч, творы якой абавязкова трэба прачытаць.

Пачынаецца ўсё з гэтага. А потым будуць казаць: «Лукашэнка? Гэта кіраўнік той краіны, адкуль Алексіевіч?» Альбо складаць анекдоты, як раней пра Брэжнева і Пугачову: «Лукашэнка? Гэта такі дробны палітык эпохі Святланы Алексіевіч?».

Сапраўды, у вачох замежнікаў Аляксандр Рыгоравіч значна здрабнеў, і вінаваціць у гэтым, сапраўды, Святлану Алексіевіч. «Беларусь» асацыюецца ўжо не толькі і не столькі з Лукашэнкам. Ёсць больш прывабная для такой асацыяцыі асоба. І як аўтарытарнаму кіраўніку, Аляксандру Рыгоравічу гэта вельмі балюча.

Святлана Алексіевіч разбурыла ягоную манаполію на Беларусь у вачах замежнікаў. І гэтая манаполія будзе разбурацца надалей. Шмат хто чытае кнігі нобелеўскіх лаўрэатаў ужо пасля атрымання імі прэміі. І нездарма выдавецтва «Время», якому належаць правы на выданне кніг Алексіевіч, дадрукоўвае і дадрукоўвае наклады яе кніг. І працэс «дэманапалізацыі» краіны працягнецца, што з прыкрасцю і боллю ў сэрцы ўсведамляе адзіны ў краіне палітык.

І не загадаеш жа Нобелеўскаму камітэту адабраць у Алексіевіч прэмію!

Каментаваць