"Недаатрыманы" звышпрыбытак?

Суды над былымі кандыдатамі ў прэзідэнты і іх паплечнікамі ідуць поўнаю хадою. Цікавая рэч у тым, што большасці кандыдатаў у прэзідэнты прад'яўляецца не толькі абвінавачванне ў закліку да "масавых беспарадкаў" — то бок, закліку выйсці на Кастрычніцкую плошчу 19 снежня 2010 года, але і "недаатрыманы прыбытак" некаторых прадпрыемстваў. Быццам бы, пад час мітынгу і шэсця гэтым прадпрыемствам была нанесеная значная шкода.

Суды над былымі кандыдатамі ў прэзідэнты і іх паплечнікамі ідуць поўнаю хадою. Цікавая рэч у тым, што большасці кандыдатаў у прэзідэнты прад'яўляецца не толькі абвінавачванне ў закліку да "масавых беспарадкаў" — то бок, закліку выйсці на Кастрычніцкую плошчу 19 снежня 2010 года, але і "недаатрыманы прыбытак" некаторых прадпрыемстваў. Быццам бы, пад час мітынгу і шэсця гэтым прадпрыемствам была нанесеная значная шкода.

Да прыкладу, возьмем працэс над былымі кандыдатамі на пасаду прэзідэнта Мікалаем Статкевічам і Дзімтрыем Усам з паплечнікамі. На судзе дзяржаўны абвінаваўца Чамахавец абнародаваў абвінавачанне Статкевічу, Усу і іншым фігурантам справы. Ён, у прыватнасці, паведаміў, што экс-кандыдаты ў прэзідэнты планавалі і абмяркоўвалі масавыя беспарадкі ў дзень выбараў. Пракурор паставіў у віну Статкевічу, што той заклікаў людзей учыніць дзеянні, скіраваныя на захоп урадавых будынкаў, і асабіста ўзначаліў натоўп, які бясчынстваваў. Статкевічу і Усу пастаўлена ў віну нанясенне ўрону рэстарану "Макдональдс", што каля Кастрычніцкай плошчы, і Палацу культуры прафсаюзаў, аператару сотавай сувязі, Мінскаму метрапалітэну і прадпрыемству "Мінсктранс".

На ранейшых працэсах шмат хто казаў, што падлічыць недаатрыманы прыбытак не ўяўляецца магчымым. Але з аднаго працэсу на іншы "качуюць" гэтыя абвінавачанні. Дык трэба разабрацца, ці была маёмасная шкода? А для гэтага трэба разабрацца толькі ў адным пытанні.

І пытанне гэта простае. Які прыбытак прадпрыемстывы атрымліваюць у звычайны дзень, і які прыбытак яны атрымалі 19 снежня?

Возьмем, да прыкладу, "Мінсктранс". Я вельмі сумняюся, што звычайна ў нядзелю вечарам вельмі шмат людзей перасоўваецца па горадзе, асабліва зімою, асабліва ў 19 — 20 гадзін. На вуліцы халадэча, і большасць народу пераважна сядзіць дома, рыхтуецца да новага працоўнага тыдня, глядзіць цікавыя фільмы, якія якраз увечары ў нядзелю транслююцца акурат каля 20 гадзінаў. Нездарма гэты час называюць "прайм-тайм". Але 19 снежня ўсё было крышачку інакш.

Усе кажуць, што ў мітынгу на Кастрычніцкай плошчы і плошчы Незалежнасці прынялі ўдзел у сярэднім каля 30 тысяч чалавек. Гэтым 30 тысячам на плошчу трэба было прыехаць. А потым з яе з'ехаць. То бок — талончык туды, талончык назад. Кошт талончыка — 700 рублеў. 1.400 памнажаем на 30.000. 42 міліёны рублёў за адзін толькі вечар!

Ну, хай сабе не ўсе ехалі аўтобусамі, але ж некаторыя ехалі з перасадкамі! Думаю, што мільёнаў 30 "Мінсктранс" зарабіў. Што, у параўнанні з гэтым, змена маршрутаў трох аўтобусаў! За такія грошы можна было б і дзесяць машын па іншым маршруце адправіць.

Дарэчы, не толькі "Мінсктранс" "наварыўся". Шмат людзей на мітынг прыехала з рэгіёнаў. Таму дадатковы прыбытак атрымалі і міжгародныя маршруты, і чыгунка.

Рэстаран "Макдональдс". Першапачаткова следству была прадстаўлена лічба "недаатрыманага прыбытку" у памеры 8,4 млн. рублёў. Ізноў-такі вельмі сумнеўна, што ў звычайны зімні вечар нядзелі гэтая бутэрбродная збірае шмат наведвальнікаў. Хаця, нічога не скажаш — папулярнасцю яна карыстаецца. Але вечарам 19 снежня было халодна.

Адзін мой знаёмы паспрабаваў выпіць там гарбаты перад мітынгам. Звычайна чэргі ў "Макдаке" не дасягаюць і сярэдзіны залі. Вечарам 19 снежня чэргі сягалі да ўваходных дзвярэй. Прычым, людзі бралі не толькі каву ды гарбату.

Можна ўзгадаць нават мінулыя прэзідэнцкія выбары, калі наплыў наведвальнікаў у "Макдональдс" быў такі, што гарбата і кава там проста скончыліся. Тое самае, упэўнены, было б і зараз, каб рэстарацыю не зачынілі. Упэўнены, што прыбытак на вечар 19 снежня значна пераўзышоў узровень звычайнай зімовай нядзелі.

Урэшце, "Макдональдс" адумаўся. На працэсе яшчэ аднаго кандыдата ў прэзідэнты, Андрэя Саннікава была агучана адмова прадпрыемства на запыт адвакатаў. "У дзень выбараў , 19 снежня 2010 года ў непасрэднай блізасці ад нашага рэстарана на праспекце Незалежнасці назіралася вялікае скапленне людзей. Ахова і кіраўніцтва рэстарана былі занепакоеныя бяспекай як кліентаў, так і персанала, таму было прынята рашэнне закрыць установу раней часу. У сувязі з гэтым мы не маем ніякіх прэтэнзій аб шкодзе да кагосці", — гаворыцца ў дакуменце.

На жаль, не сказана, які аператар сотавай сувязі пацярпеў ад дзеянняў Статкевіча. Але і тут пра нейкую шкоду казаць не выпадае. Проста таму, што колькасць тэлефанаванняў з плошчы была такая, што не вытрымлівалі сеткі мабільных аператараў, і сувязь перыядычна "падала". Прынамсі, на "Вэлкаме" было менавіта так. Не сумняюся, што МТС і "Лайф" таксама неслаба зрубілі грошай за кошт масавых тэлефанаванняў з плошчы (пакуль не адрубілі).

Аператарам мабільнай сувязі ўвогуле не скардзіцца трэба, а выпісаць удзячнасць і прэмію, напрыклад, таму ж Саннікаву. Бо менавіта ён заклікаў: "Патэлефануйце сваім сябрам! Кожны — хаця б аднаму! Хай прыходзяць на плошчу! Хай ідуць сюды, бяруць тэрмасы з кавай, гарбатай, ежу і прыходзяць!"

Канешне, тарыфы ў розных аператараў розныя: 0 рублёў у сетцы Life:), 60 рублёў за хвіліну на МТС, 99 рублёў за хвіліну ў "Velcom". Калі браць ў сярэднім — 75 рублёў за хвіліну, то… Як мінімум, за вечар удзельнікі мірнай акцыі падаравалі мабільным аператарам 2 млн.250 тыс. рублёў.

Насамрэч гэтая лічба значна большая, бо, я ўпэўнены, званкоў было зроблена больш чым адзін. Улічыце толькі некалькі соцен журналістаў, большасць з якіх адзвоньвалася ў свае рэдакцыі з паведамленнямі пра тое, як развіваюцца падзеі. Так што прыбытак мабільных аператараў можна смела павялічваць у 4 — 5 разоў.

Метрапалітэн, "Абсалютбанк", "Еурасетка" ды прыватны прадпрымальнік, у ягога дзве кропкі па гандлі кветкамі, аказаліся больш сумленнымі. На працэсе Саннікава прадстаўнік метрапалітэну заявіў, што закрыццё станцый з будзь-якіх прычынаў — справа звычайная і не праходзіць і тыдня, каб нейкая станцыя не закрывалася. Таму падлічыць "недаатрыманы прыбытак" не ўяўляецца магчымым. Абменнікі "Абсалютбанка" і крама "Еўрасетка" былі зачынены таму, што зачыніўся ўніверсам "Цэнтральны", таму прэтэнзій да дэманстрантаў ніхто не мае. А прыватны прадпрымальнік, гандляр кветкамі, увогуле сказаў, што нават не плануе падлічваць нейкі "недаатрыманы прыбытак". Увечары ў нядзелю і так кветкі амаль ніхто не набывае, таму ён дазволіў закрыцца раней. І дадаў пры гэтым: "Я звык да таго, што акцыі апазіцыі заўсёды праходзяць мірна".

Высновы? Выснова простая. Усе тыя, хто скардзяцца на "недаатрыманы прыбытак" і нанесеную ім шкоду, наадварот, павінны быць зацікаўленыя ў тым, каб масавыя шэсці і дэманстрацыі ў раёне іх знаходжання праходзілі як мага часцей, бо яны дазваляюць атрымаць звышпрыбытак нават у самыя "мертвыя" дні.
 

Каментаваць