Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Пра школьную форму ў маштабах краіны

Навацыі ў айчыннай сістэме адукацыі не сыходзяць з першых тэмаў абмеркавання ў грамадстве. Пра перанос заняткаў «пад Колю» не выказаўся толькі лянотны альбо вельмі заняты. Бацькі школьнікаў звярнулі ўвагу і на яшчэ адну «рэформу» ў адукацыі — школьную форму.

Канешне, збольшага бацькам не падабаецца, што гэтую форму трэба шыць з «сінтэтыкі». Але нават «сінтэтычная» форма тут не праблема.

Напаткала гэтая навала і мяне. Сказаць кепскага нічога не магу: у «нашай» гімназіі, перад тым, як школьную форму ўводзіць, праводзілі апытанку бацькоў. І маці маёй дачкі запаўняла анкету, уводзіны гэтай формы ўхваліўшы. Я быў рэзка супраць, бо ведаў, чым яно павернецца. Яшчэ з савецкіх часоў ведаў. Але анкету запоўніла яна, а такога, каб выдавалі два экземпляры абодвум бацькам, якія, можа, і не сыходзяцца ў меркаваннях — такога «гендэрнага балансу» Сінявокая яшчэ не дасягнула.

І вось, нарэшце. Прыйшлі з атэлье. Прапанавалі форму, прапанавалі мадэлі. І нават, напачатку мая, знялі памеры ў некаторых дзяцей, каб гэтую форму пашыць. Просты камплекцік цягне на 35 рублёў.

Адразу ўзнікла пытанне: на халеры? На халеры зараз абмяраць дзяцей і шыць ім форму? Зараз — гэта ў маі, калі навучальны год ужо на парозе свайго заканчэння. Відавочна, што за лета дзеці зменяцца: ўсе падрастуць, нехта патлусцее, нехта схуднее, нехта выцягнецца. У любым разе, праз тры месяцы, у верасні, памеры ў дзяцей будуць зусім іншыя. Дык навошта эксперыментаваць з дзецьмі і бацькамі, выцягваючы з апошніх грошы на форму, якую іх дарагое дзіцятка праносіць, у лепшым выпадку, два тыдні — да заканчэння навучальнага года?

Зразумела, для таго, каб у верасні зноў памераць дзяцей і зноў зрабіць ім школьную форму. Зноў за 35 рублёў.

Такім чынам, Беллегпрам атрымлівае ад бацькоў падвойную выгаду. Не вельмі сумленным чынам.

Што тычыцца «сінтэтыкі». Сапраўды, нам прапанавалі колер і якасць тканіны, з якой будзе вырабляцца форма. Я, як мужчына, у гэтым нічога не разумею, і, можа быць, павёўся б (магчыма, на тое і быў разлік). Але сябрына мая па адукацыі інжынер-тэхнолаг па вырабе таго самага адзення. Яна кажа, што метра гэтай тканіны на тое, каб зрабіць спадніцу ды жакецік для дзяўчынкі, альбо прапанаваную ў якасці формы сукенку — цалкам дастаткова.

І вось тут таксама пачынаюцца гульні з 35 рублямі. Метр той тканіны (зразумела ж, вытворчасці шматпакутнай «Камволі») каштуе 17.15.

Гэта ў раздроб. Калі шыць оптам, ды яшчэ па коштах «для сваіх», то можна скінуць і нацэнку крамы (працэнтаў трыццаць) і яшчэ нейкую зніжку даць.

Зразумела ж, людзям трэба плаціць  за працу, за пашыў. Але вельмі вялікая верагоднасць, што кошт той працы будзе якраз супадаць з коштам зніжкі за опт тканіны ды нацэнку крамы. Бо выконвае атэлье ўсё ж тыповы, стандартны заказ. На шмат школьнікаў.

Такім чынам, атрымліваем, што легпрамаўскае атэлье на школьнай форме заробіць каля 100% прыбытку.

І зробіць гэта двойчы — увесну, шыючы мала каму патрэбную форму зараз, для недасведчаных бацькоў, і ўвосень, калі формай заклапоцяцца ўсе.

Экстрапалюйце 100% прыбытку на маштабы краіны. На мільён школьнікаў. На тое, што метра «рэкамендаванай» тканіны можа хапіць для вучняў 1-3 класаў, старэйшым тканіны спатрэбіцца больш.

Чаму тая ж «Камволь» у другім квартале 2016 года атрымала «мінус 49125 млн рублёў чыстага прыбытку»? Чаму наш Беллегпрам у традыцыйна гаротным стане?

Канешне, мадэлькі школьнай формы, якія рэкамендуюцца бацькам — не айс. Але справа не ў мадэлях. Справа ў палітыцы «купляйце беларускае», «падтрымайце айчыннага вытворцу», пратэкцыянізме і іміджы.


Імідж такі, што Беллегпрам — гаротны. Ён не бедны. Ён проста прыбядняецца.

Чысты прыбытак прадпрыемстваў Беллегпрама ў 2016 годзе павялічыўся ў 4,2 разы ў параўнанні з 2015 годам, паведаміў старшыня канцэрна Мікалай Яфімчык на савеце «Аб выніках работы арганізацый галіны за 2016 год і задачах па выкананні ключавых паказчыкаў развіцця, запланаваных на 2017 год». Выручка ад рэалізацыі прадукцыі ў цэлым па канцэрне атрымана ў суме Br2,2 млрд, або 127% да ўзроўню 2015 года. Сума чыстага прыбытку склала Br126,1 млн і перавысіла ўзровень, атрыманы ў пазамінулым годзе, у 4,2 разы — цытавала Яфімчыка БелТА. Паводле яго слоў, рэнтабельнасць продажаў за 2016 год павялічылася ў параўнанні з 2015 годам і склала ў цэлым па канцэрне 13,8%, па прамысловых арганізацыях — 15,3%. У 2016 годзе са стратамі спрацавалі 33 арганізацыі. Іх колькасць у параўнанні з пачаткам мінулага года скарацілася на 43 арганізацыі, зніжэнне склала 56,6%.

Навошта канцэрну з такімі паказчыкамі прыбядняцца? Зразумела, навошта. За першае паўгоддзе 2016 года прадпрыемствы канцэрну атрымалі дзяржаўнай дапамогі на 5 з лішкам мільёнаў долараў па сённяшнім курсе — 96,9 млрд недэнамінаваных рублёў. Думаю, што ў другім паўгоддзі ім было дадзена грошай не менш.

Трэба, проста трэба прыбядняцца, каб не страціць такі смачны кавалак дзяржпадтрымкі. Інакш гэтых грошай не дадуць.

І ў той жа час, з імджам «бедненькага і гаротненькага» можна выкалупваць з бацькоў школьнікаў сто працэнтаў прыбытку.

Паглядзеўшы на мадэлі школьнай формы, на кошт тканіны і на кошт канчатковага прадукту, мая сябрына вырашыла пашыць школьную форму для дзіцяці самастойна.

Шкада толькі, што не ўсе жанчыны ў нашай краіне — інжынеры-тэхнолагі па пашыву вопраткі.



Каментаваць