Пральня? Не! ЗАТ "Белтэхэкспарт"!

                                                                                                   

                                                                                                                 "Мы ім акажам гуманітарную дапамогу (паўза) зброяй".
                                                                                                                             (Выказванне, якое прыпісваецца Аляксандру Лукашэнку)


Па розных амерыканскіх баявіках мы ведаем, што казіно і азартныя гульні з'яўляюцца амаль што адзіным, найбольш верагодным і найбольш надзейным спосабам адмывання крымінальных грошай. Вядома, верыць Галівуду — гэта ўсё роўна што паверыць у зомбі і іншапланецян. Аднак, напэўна, доля праўды ў гэтым ёсць.

20 чэрвеня на сесіі Савета Еўрасаюза ў Люксембургу было прынята рашэнне аб пашырэнні санкцый у дачыненні да некаторых беларускіх асоб і кампаній, якія цесна супрацоўнічаюць з Аляксандрам Лукашэнкам. Пад каток трапіў Уладзімір Пефціеў, бізнэсмэн. Ён фігуруе ў спісе як "асоба, звязаная з прэзідэнтам Лукашэнкам і яго сям'ёй". "Галоўны эканамічны дарадца прэзідэнта Лукашэнкі і ключавы фінансавы спонсар рэжыму Лукашэнкі. Старшыня савета акцыянераў "Белтэхэкспарту", найбуйнейшай у Беларусі кампаніі па імпарту-экспарту ўзбраенняў", — заўважаюць у ЕС.

Аднак у спісе кампаній, у дачыненні да якіх уведзеныя санкцыі, апынуўся не толькі "Белтэхэкспарт". Туды ж увайшлі ЗАТ "Спорт-пары" і ПУП "БТ Тэлекамунікацыі". Усе тры арганізацыі "падкантрольныя Уладзіміру Пефціеву", адзначаецца ў дакуменце.

Здавалася б, пры чым тут "Спорт-пары" і "БТ Тэлекамунікацыі"? Што яны маюць агульнага, акрамя прыналежнасці да Пефціева? Добра, "БТ Тэлекамунікацыі". ЕС мог вырашыць, што менавіта гэтая кампанія адказная за блакаванне інтэрнэту падчас прэзідэнцкіх выбараў і за "праслухоўку" мабільных тэлефонаў грамадскіх актывістаў і кандыдатаў у прэзідэнты. Але латарэя "Спорт-пары"?

Нават Пефціеў абурыўся і падаў пазоў у суд на Савет ЕС. Маўляў, "мапед не мой, я проста размясціў аб'явіў". Як лічыць Пефціеў, члены Савета ЕС памыліліся, палічыўшы яго асобай, звязанай з Аляксандрам Лукашэнкам і яго сям'ёй, галоўным эканамічным дарадцам Лукашэнкі і ключавым спонсарам рэжыму. Ён таксама назваў памылкай сцвярджэнне, што кампанія "Белтэхэкспарт" з'яўляецца найбуйнейшым экспарцёрам-імпарцёрам абароннай прадукцыі ў Беларусі.

Аднак ці так гэта?

ЗАТ "Белтэхэкспарт" стаіць у верхнім звяне ланцужка. Гэтая кампанія здабыла скандальную славу, неаднаразова падазравалася ў парушэнні эмбарга на пастаўку зброі ў "гарачыя кропкі" і розным сумнеўным арганізацыям. Адпаведна, увесь прыбытак ад гандлю зброяй і мадэрнізацыі ўзбраенняў знаходзіцца ў ценявой "скарбонцы". Але якая радасць ад грошай, калі ты не можаш імі скарыстацца?

І вось тут пачынаецца. "Белтэхэкспарт" з'яўляецца стваральнікам "БТ Тэлекамунікацыі".

ПУП "БТ Тэлекамунікацыі" было створана ў 2006 годзе кампаніяй ЗАТ "Белтэхэкспарт" з мэтай павышэння эфектыўнасці кіравання доляй у статутным фондзе СП ТАА "МЛС" (гандлёвая марка Velcom). ПУП "БТ Тэлекамунікацыі" ўдзельнічае ў рэалізацыі шэрагу буйных інвестыцыйных праектаў, у тым ліку звязаных з рэалізацыяй і фарміраваннем высакаякаснай інфраструктуры для правядзення ў 2014 годзе ў Рэспубліцы Беларусь сусветнага першынства па хакеі.

Больш за тое — "БТ Тэлекамунікацыі" выступае генеральным спонсарам рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання "Прэзідэнцкі спартыўны клуб", старшынёй цэнтральнага савета якога з'яўляецца Дзмітрый Лукашэнка.

Так што Пефціеў пакрывіў душой, сцвярджаючы, што ён ніяк не звязаны з сям'ёй Аляксандра Лукашэнкі. Звязаны, ды яшчэ як — спонсарскімі абавязкамі. Так што наконт "спонсара рэжыму" — таксама праўда.

Далей ланцужок развіваецца. ЗАТ "Спорт-пары" зарэгістравана ў верасні 2007 года. Гэта першая кампанія, якая атрымала ліцэнзію на права арганізацыі і правядзення электронных інтэрактыўных гульняў на тэрыторыі Беларусі. Акцыянерамі кампаніі з'яўляюцца Прэзідэнцкі спартыўны клуб, "БТ Тэлекамунікацыі", сумеснае беларуска-англійскае ТАА "Дзелавая сетка".

Пакуль, быццам бы, з цалкам падкантрольнага ланцужка выпадае сумеснае беларуска-англійскае ТАА "Дзелавая сетка". Але гэта толькі здаецца. "Дзелавая сетка" заснавана ў снежня 1998 года. Склад удзельнікаў ўключае дзяржаўнага манапаліста РУП "Белтэлекам", кампанія "Kenwood Corp. Ltd" і ... Ужо знаёмае нам ПУП "БТ Тэлекамунікацыі".

Што цікава, пры спробе ўзяць каментар аб санкцыях у дачыненні да "БТ Тэлекамунікацый" сакратарка пераадрасоўвае на нумар 209 44 22. Гэты нумар належыць прыёмнай ЗАТ "Спорт-пары".

Можна выбудоўваць здагадкі і рабіць сумнеўныя высновы. Паўтаруся: гэта ўсяго толькі дапушчэнні і гульня розуму.

"Белтэхэкспарт" зарабляе на сумніўных здзелках па продажы зброі. Частка з іх ідзе ў прэзідэнцкі фонд праз "БТ Тэлекамунікацыі" і Прэзідэнцкі спартыўны клуб. Рэшта адмываецца праз" Спорт-пары ".

Лагічны ланцужок?
 

Каментаваць