Усіх паслаў: рэпетыцыя без аркестра

Чаго у Аляксандра Рыгоравіча не адымеш, — умення расставіць прыярытэты. Выступаючы з штогадовым пасланнем народу і парламенту ён ад пачатку зазначыў, што ягоная прамова — усяго толькі рэпетыцыя. Маўляў, сёння стратэгічныя пытанні абмяркоўвацца не будуць, іх абмяркуюць на Пятым Усебеларускім сходзе. Чым выразна даў зразумець, дзе ён бачыць і народ, і парламент.

 



Зразумела, пасля таго, што мы пабачылі пад час выбараў (а дакладней, чаго не пабачылі — моцнай прапагандысцкай кампаніі і таго самага Пятага Усебеларускага сходу) не варта было чакаць, што і зараз кіраўнік краіны скажа нешта новае. Як казалі паўгода таму ягоныя апаненты, «правадыру няма чаго сказаць народу». Гэтае «няма чаго» відавочна адчувалася і зараз.

 

Кіраўнік краіны «спеў па-старому». Прычым, гэтая песня цягнецца год дзесяць. Кажуць, што паўтараць адвечныя ісціны ніколі не перашкаджае, але, калі гэта не ісціны, а патрабаванні, якія не выконваюцца дзесяцігоддзямі — гэта ўжо занадта.

 

Ізноўку прагучалі вельмі старыя тэзы. І пра скарачэнне сабекошту прадукцыі, пра энергазберажэнне, пра тое, што трэба на 25% скараціць выдаткі на вытворчасць прадукцыі, больш надаваць увагі інавацыйным праектам і прадпрыемствам… Як звычайна, Лукашэнка прайшоўся па «пасярэдніках», якія дагэтуль не скаранёныя ў дзяржаўным сектары. Неахайныя чыноўнікі не хочуць засвойваць шэсць мільярдаў долараў кітайскага крэдыту і яшчэ мільярд — ад Сусветнага банка. А стратныя сельгаспрадпрыемствы трэба не прыватызаваць, а «падцягваць да ўзроўню сярэдніх, а сярэднія — да ўзроўню перадавых». А ў паліклініках не павінна быць чэргаў.

 

Самыя балючыя пытанні — ЖКГ, павышэнне пенсійнага ўзросту, падзенне заробкаў насельніцтва, — Аляксандр Рыгоравіч амаль не закрануў. Канешне, ён сказаў, што павышэнне пенсійнага ўзросту «даўно наспела», аднак зазначыў, што «траціна, калі не палова пенсіянераў працуюць». Тое, што працуюць яны, мякка кажучы, не ад добрага жыцця, кіраўнік краіны ўвагай абміну. Пры гэтым ніякіх радыкальных зрухаў у гэтай сітуацыі (ізноўку пра старое) не будзе. Таму што пенсійную рэформу, назапашвальную пенсію, пенсійнае страхаванне і гэтак далей мы будзем развіваць не спяшаючыся, паступова. Таксама, як і паступова, але далейшае павышэнне пенсійнага ўзросту будзе працягнутае.

 

Як сказаў на гэты конт Аляксандр Рыгоравіч, пенсійны ўзрост будзе павышацца шэсць год. А праз шэсць год мы ізноў вернемся да гэтага пытання.

 

Прамовы кіраўніка Беларусі цікавыя, калі ён адыходзіць ад напісанага тэксту. Але, на вялікі жаль, робіць гэта ён усё менш і менш. У гэтым сваім адыходзе ён нечакана скрытыкаваў дзяржаўных журналістаў. Маўляў, у сённяшняй інфармацыйнай прасторы прэса і інтэрнэт граюць важную ролю, і нездарма ў СССР казалі пра тое, што «да штыху прыраўнялі пяро». «Але ці то штых затупіўся, ці то пяро згубілі», — сказаў Рыгоравіч. Па ягоных словах, наша прэса страціла здольнасць весці дыскусію на сучасным узроўні.



 

Адкуль жа возьмецца здольнасць весці дыскусію, калі такой дыскусіі няма ў грамадстве? Калі ўсе рашэнні прымаюцца так, як пра пенсійны ўзрост: «Мы падумалі і я вырашыў». Калі меркаванне апазіцыянера мы бачым на тэлебачанні раз на пяць гадоў, пад час абавязковага «прэзідэнцкага» эфіру на адным Першым нацыянальным. А Аляксандра Рыгоравіча — тры разы на дзень, прычым, па ўсіх беларускіх каналах.

 

Якое выйсце бачыць кіраўнік дзяржавы? Можа быць, развіваць дыскусію, дыялог? Навучыць дзяржаўных журналістаў спрачацца? Не. «Калі патрэбны штых, у нас гэтага дабра хапае», — сказаў Лукашэнка і адразу ж звярнуўся да міністра абароны.

 

І яшчэ адзін раз ён закрануў СМІ: «Інтэрнэт — добра, сродкі масавай інфармацыі — добра, але яны ператварыліся ў рупары хлусні», якія трэба чытаць паміж радкоў. Бачна, Лукашэнка незадаволены тым, як дзяржаўныя медыі вядуць «інфармацыйную вайну».

 

Праўда, чаму гэтым павінны займацца медыі? Навошта нам тады цэлая армія дзяржаўных ідэолагаў?

 

Карацей, пасланне было сумным. Яго «расцягнуць на цытаты», як гэта звычайна адбывалася са спічамі нашага правадыра, не атрымаецца.

 

Варта зазначыць і тое, што сёлета ў Авальнай залі Аляксандр Рыгоравіч паставіў рэкорд (ці антырэкорд). Ягоная прамова доўжылася ўсяго паўтары гадзіны. У 2012 і 2015 гадах пасланне заняло каля двух гадзін, у 2013 і 2014 гадах — 2 гадзіны 40 хвілін.

 

Цікавая фраза-недамоўленасць у пасланні беларускаму народу і парламенту, па вялікім рахунку, была толькі адна.

 

Кажучы пра здароўе насельніцтва, Аляксандр Рыгоравіч заклікаў не піць і не курыць. Курыць, па ягоным азначэнні, гэта «ўвогуле вар’яцтва» А вось наконт піць… Ён сказаў: «Піць перастанем — бяда другая будзе».

 

Вось і цікава: якая ж гэта будзе бяда, калі беларусы працверазеюць?


Каментаваць