Важныя няважныя выбары

Выбары ў мясцовыя саветы фактычна скончыліся. Увесь час, пакуль яны ішлі, нам шмат разоў казалі, што мы «удзельнічаем у фарсе», «легітымізуем уладу», «выбараў няма», і ўвогуле, гэта насельніцтву не цікава, і гэта не тая падзея, каб пра яе пісаць. Канешне, значна цікавей тое, што адбываецца ва Украіне. Там і падзеяў больш, і яны больш яскравыя, больш глабальныя, ды й пытанне «Ці адпачнем мы сёлета ў Крыме?» нас так ці інакш кранае.



Канешне, Украіна нам цікавейшая. Усе раптам сталіся дамарошчанымі геапалітыкамі, разважаючы, як крымскія падзеі адаб’юцца на сусветнай мапе. А мясцовыя выбары — ды ну іх. Дэпутаты нічога не вырашаюць, таму хай улада сама гуляеца ў свае гулькі. І гэта, канешне, пазіцыя большасці і насельніцтва, і актыўнай чаткі грамадства.

І ўсё ж, тым, каму больш цікавая Украіна і зусім не цікавыя выбары, варта было б ведаць: навіны бываюць не толькі цікавыя, але яшчэ і важныя. Калі ты не цікавішся палітыкай, яна зацікавіцца табою, а калі ты лічыш гэтыя мясцовыя выбары «нецікавымі», то тады не жалься, што у цябе прэзідэнт — Лукашэнка.

Як ні было б прыкра, але гэтыя мясцовыя выбары, на якія няшмат хто зважаў, вызначылі «расклад руху» на прэзідэнцкія выбары 2015 года і, можа, нават надалей. Больш цвярозыя аналітыкі, кшталту Юрыя Чавусава, папярэджвалі пра тое, пра што ўсе павінны былі ведаць і без яго: мясцовыя выбары вызначаюць правілы гульні выбараў прэзідэнцкіх.

У палітыцы няма драбязы. Нават тое, што некаторых кандыдатаў у дэпутаты «вырубалі» на стадыі рэгістрацыі за тое, што яны прынеслі дыплом аб вышэйшай адукацыі, а не прынеслі атэстат аб сярэдняй, можа адбіцца на кандыдаце ў прэзідэнты. Калі ён, з яскравымі вачыма гледзячы зараз на Украіну, прапусціць такую дробязь, як мясцовыя правілы гульні.

Улада адпрацавала на мясцовых выбарах і тое, што ў заканадаўстве не прапісана, але што ёй вельмі хацелася б бачыць. Напрыклад, агітацыйныя пікеты — толькі па тэматыцы выбараў і агітацыі. Крок улева-управа — гэта ўжо не папярэджанне, а «суткі» па адміністрацыйным артыкуле. Як агітаваць за праграму кандыдата, калі, прыкладам, ягоная праграма — правесці «Народны рэферэндум»? Ніяк, бо ў залежнасці ад меркавання міліцыі, гэты пікет можа быць расцэнены, як афіцыйны агітацыйны, так і недазволены «за рэферэндум». Тое ж самае можа стацца з любой праграмай любога кандыдата ў прэзідэнты.

Назіральнікаў зараз пазбаўлялі акрэдытацыі за фота- і відэаздымку на ўчастку. Такая здымка, ізноў жа, заканадаўствам не забароненая. А без яе ўяўных доказаў фальсіфікацый, «каруселяў», калі адзін і той жа чалавек галасуе некалькі разоў, не будзе.

І ўвогуле, самае галоўнае: зараз «правілы гульні» вызначаюць не выбарчыя камісіі, а міліцыянты. Мы думалі, што за неадпаведнасцьперадвыбарчага пікету заяўленай тэматыцы выбарчыя камісіі будуць выносіць папярэджанні кандыдатам. А насамрэч, міліцыянты самі вызначалі гэтую «адпаведнасць», і прымалі захады не ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам, а ў адпаведнасці закону аб масавых мерапрыемствах. Калі хтосці думае, што на прэзідэнцкіх выбарах дэмакратычных кандыдатаў чакае «лафа», як у 2010 годзе, дык пра гэта трэба забыцца. Выбары 2015 года будуць не проста горшымі за 2010-ы, а горшымі нават за 2006 год.

Па дадзеных таго ж Чаўсава, зараз у парламенце, выбары ў які ў 2012-м годзе таксама былі «няважнымі» і «неістотнымі», знаходзяцца новыя папраўкі ў Выбарчы кодэкс. Зразумела, уся зараз незаконная «правапрымяняльная практыка» будзе ўзаконьвацца. Але пры гэтым, вядома, ніводзін з так званых «дэпутатаў» не будзе выказвацца супраць прапановаў, спушчаных з ЦВК ды Адміністрацыі прэзідэнта. І гуляць у прэзідэнцкія выбары мы будзем менавіта па тых правілах, якія ўсталёўваюць гэтыя выбары ў мясцовыя саветы.

Важнасць гэтых выбараў адносіцца не толькі да прэзідэнцкай кампаніі. Супраць Аляксандра Лукашэнкі зараз гуляе «генерал Эканоміка». Каля 70% насельніцтва Беларусі зараз незадаволеныя курсам «правадыра», і лічаць, што 20 год ягонага кіраўніцтва — зашмат. Засядзеўся Аляксандр Рыгоравіч на адным месцы. З такім раскладам, канешне, можна і паспрабаваць пайграць. Але…

Справа ў тым, што сістэма, створаная Аляксандрам Рыгоравічам, зараз аўтаномная — так бы мовіць, «сістэма самападтрымкі». Нават сам Лукашэнка зламаць яе няздольны, што яскрава паказвае прыклад беларускай мадэрнізацыі, вырашэння праблемаў у будаўніцтве і асобна ўзятага прадпрыемства «Барысаўдрэў». Грошы, ўкладзеныя ў мадэрнізацыю, былі шчасліва праедзеныя альбо скрадзеныя, праблемы будаўнічай галіны засталіся нявырашанымі, нягледзячы на паўтары гады лукашэнкаўскіх «разносаў». Нават усе «кадравыя прызначэнні» па «Барысаўдрэву», якія кіраўнік дзяржавы нібыта зрабіў яшчэ ў лістападзе мінулага года, апынуліся невыкананымі. Новы дырэктар прадпрыемства так на працу і не з’явіўся, а супраць старога дырэктара крымінальная справа ўзбуджаная толькі сярэдзіне сакавіка — праз паўгады пасля даручэння Лукашэнкі «знайсці і пасадзіць».

Сістэма Лукашэнкі працуе і без яго. А раптам, калі ў 2015-м годзе здарыцца неверагоднае, і мы атрымаем іншага, дэмакратычнага кіраўніка дзяржавы? Што ён будзе рабіць з гэтай сістэмай? З «кішэнным» парламентам? З нягеглымі мясцовымі саветамі? На тое, каб правесці тэрытарыяльна-адміністратыўную рэформу, трэба час. З кім застанецца наступны «правадыр»?

Як слушна заўважаў Павел Севярынец, дзе знайсці тыя сто тысячаў чалавек, якія разам заменяць усю карумпаваную вертыкаль, і ўсіх мясцовых чыноўнікаў? Дзе знайсці прафесіяналаў, якія б ведалі сістэму ўлады знутры і шляхі вырашэння тых праблемаў, якія з прыходам новай улады нікуды не падзенуцца? Амаль адзіны шлях — хоць тушкай, хоць пудзілам, але паспрабаваць улезці ў мясцовы савет, каб хоць нечаму там навучыцца. Альбо, як мяркуе Севярынец, ствараць свае, «альтэрнатыўныя саветы», каб хаця б уяўляць, з чым прыйдзецца сутыкнуцца ў далейшым.

Можна, канешне, зараз глядзець з цікавасцю на Украіну: дык чым жа там усё скончыцца? Але не варта дзеля гэтага забывацца на сваё.

Каментаваць