Вечарына Салаўёва. Дзе атабарыліся здраднікі?

Прапагандысты ў нармальным журналісцкім асяродку — асобы, як кажуць «нерукапаціскальныя». Яны боўтаюцца, як самі ведаеце што ў палонцы, агучваюць тое і ў тым рэчышчы, у якім вецер падзьме, уласнага пункту погляду не маюць, і да таго ж — нічога новага сказаць не могуць.


Таму я вельмі здзіўлены, а ў нечым і ўсцешаны рэакцыяй грамадства на візіт у Беларусь расійскага «прапагандона» Салаўёва.

Цікава, перад кім ён апраўдваўся за правал сваёй «місіі»? Нібыта і КДБ яго «пасвіла» (няма чаго ім больш рабіць), і ўлады краіны сарвалі ягоны выступ, «арганізацыя Палаца зрабіла ўсё магчымае, каб білеты немагчыма было купіць», і пратэстоўцы, бачце, збаяліся на яго кінуцца… А вінаватыя ва ўсім «мярзотныя нацысцкія прадажныя пачвары і грантаеды ў журналістыцы — ганьба габрэйскага народа».

Вельмі цікава і радасна тое, што сам Салаўёў сябе да журналістаў не далучае. Дзякуй Богу.

Сапраўды радуе тое, што заля была паўпустая. І зусім не вінаватая тут «адміністрацыя Палацу». Як яна можа «зрабіць усё, каб квіткі немагчыма было купіць», калі яны прадаваліся ў тым ліку праз Ticketpro і Квіткі.by? Проста адбылося тое, што адбылося — «прапагандон» большасці беларусаў нецікавы.

Пра гэта пісаў калісьці Стась Карпаў у «Нашай Ніве», адказваючы Regnumу на тое, чаму Sputnik-Беларусь так слаба праціскае ў краіне ідэі «русского мира». Уся прычына, па Карпаву, у тым, што «высветлілася, што ім свой кантэнт тут няма каму прадаваць. Колькасць дэбілаў недастатковая для існавання рэдакцыі. Дэбілаў хапае для казацкага спаса там, для рускага патрыятычнага клуба, але не хапае для аудыторыі медыйнага рэсурсу».

Для таго, каб запоўніць залю Салаўёву, проста не хапіла дэбілаў. І гэта не можа не ўзрадаваць.

Пра тое, што азначае «забярыце нас, як Крым», выдатна напісаў Віктар Марціновіч. У дадатак можна толькі сказаць пра небяспеку. Так, асобаў на «канцэрце» Салаўёва было няшмат, але гэта (што і прадэманстравала згаданая цыдулка) — агрэсіўная колькасць. І гэта — разам з аргументамі Віктара — яшчэ больш павінна насцярожваць улады. Гэтыя людзі ў выпадку анэксіі, можа, за зброю і не возьмуцца, але будуць прывячаць акупантаў хлебам-соллю, будуць страчыць даносы на «свядомых» і з задавальненнем запішуцца ў паліцыю.

Але значна больш цікавае пытанне задаў Мікалай Уласевіч. «Чаму такія адыёзныя расійскія прапагандысты сталі безкантрольна ездзіць у Беларусь і атрымоўваць такія шыкоўныя і ўтульныя залы ў нашай сталіцы для сваіх імперскіх шабашоў, куды трапіць звычайны беларус не можа? Хто дазволіў і хто аплаціў такое шыкоўнае памяшканне, куды, акрамя Лукашэнкі і яго памагатых, дарога звычайнаму беларусу заказана? Мы павінны неадкладна атрымаць адказы на гэтыя пытанні і прыцягнуць да адказнасці тых, хто дазволіў антыбеларускі шабаш», — заклікае астравецкі актывіст.

Давайце паглядзім на афішу.

Адзін з арганізатараў — «Імперыя музыкі». З ёю ўсё зразумела, фірма знаходзіцца ў Маскве па вуліцы Цвярской-Ямской, 6. Яе дырэктар Табрыз Шахідзі, — опанькі! — з’яўляецца адначасова канцэртным дырэктарам Уладзіміра Салаўёва. Гэта наконт прэтэнзіяў Салаўёва арганізатарам выступу за непрададзеныя квіткі.

Пад ім на афішы лейбл радыёстанцыі «Пилот.fm». Гэта ўжо цікавей, бо гэта нашыя вычварэнцы. На сайце «Пілоту» напісана, што яе заснавальнікам з’яўляецца — ізноў опанькі! — ГА «БРСМ»!

Інфармацыйную падтрымку прыезду Салаўёва ў Мінск аказвалі «AFISHA.TUT.BY», Relax.by, «Антенна»: з гэтымі ўсё зразумела, змяшчаць афішы — іх бізнэс. Яшчэ адным партнёрам выступіла «Комсомольская правда в Белоруссии» — расійскі бізнес, усё ясна і з «камсой». А вось як маглі прапагандаваць і прасоўваць выступ апалагета «русского мира» і відавочна ксенафобскага замежнага прапагандыста дзяржаўныя агенцтвы «Минск-Новости» и БелТА (іх лейблы таксама стаяць на афішы) — загадка.

На месцы беларускага кіраўніцтва я б тройчы падумаў. Яшчэ Напалеон казаў, што чатыры варожа настроеныя газеты больш небяспечныя, чым сто тысяч штыкоў. А тут у нас — два дзяржаўныя (!) інфармацыйныя агенцтвы, якія, аказваецца, не супраць распаўсюду ідэй «русского мира», месца ў якім незалежнай Беларусі не прадугледжана, і адна радыёстанцыя з рэспубліканскім ахопам — той жа скіраванасці.

На «Пилот.fm» трэба тэрмінова правесці «чыстку», бо менавіта яны, як арганізатары, адказныя за заклік «забраць Беларусь, як Крым». Трэба адразу адабраць у іх хвалю і аддаць яе тым, каму яна спрадвечна належала. Бо «пілоты» вяшчаюць на частаце 101,2 fm — там, дзе раней было цалкам беларускамоўнае і патрыятычнае (хоць і крытычна настроенае) знакамітае «Радыё 101,2».

Сур’ёзныя высновы трэба зрабіць у дачыненні БРСМ як заснавальніка «пілотаў». Бо менавіта яны павінны выхоўваць з маладых беларусаў сапраўдных патрыётаў, і на гэта атрымліваюць немалыя бюджэтныя грошы. А на справе іх структура ўдзельнічае ў распальванні рэлігійнай і сацыяльнай варожасці, прапагандзе вайны і «русского мира». Пры Янчэўскім такога не было!

Па шапцы павінны атрымаць БелТА і «Минск-Новости».

Карацей, прыхільнікі здачы беларускай дзяржаўнасці, патэнцыйныя здраднікі, адэпты і апалагеты «русского мира» атабарыліся не ў апазіцыі: яны ўжо прасачыліся ці не ў вышэйшыя ідэалагічныя колы Беларусі.

У 2003-м годзе Леанід Кучма напісаў кнігу «Украіна — не Расія». Праз 10 год расійскім прапагандыстам кшталту Салаўёва спатрэбілася паўгода, каб абвергнуць Кучму і даказаць Данбасу, што ён — Расія. Калі ў Салаўёва ёсць прыхільнікі і памагатыя ў найбуйнейшых беларускіх дзяржаўных СМІ і найбуйнейшай моладзевай арганізацыі, то для рэалізацыі «данбаскага сцэнару» у Сінявокай часу спатрэбіцца яшчэ менш.



Каментаваць