Вясёлы віцэ-прэм’ер

Такога крэатыўнага чалавека, як беларускі віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік, яшчэ пашукаць. Яго б адпаведным крэатыўным дырэктарам рэкламнага агенцтва — яму б цаны не было. Ягоныя ідэі разыходзяцца ў показках і анекдотах. Вось і днямі ён выступіў з чарговай ініцыятывай па аздараўленні насельніцтва. Ён прапанаваў, каб людзі, якія п’юць і паляць, плацілі кампенсацыю за лячэнне. Як гэта зрабіць, Тозік, канешне ж, не сказаў, але сама ідэя!

А што ж яшчэ прапануе гэты «геній крэатыву» для таго, каб народ жыў лепш?

З дапамогаю Гуглу, высветлілася, што гэтая ініцыятыва ў сферы аховы здароўя ў Тозіка не першая. Раней менавіта ён выказаўся за тое, каб увесці плату за наведванне паліклінікі. На адной з калегій Міністэрства аховы здароўя Тозік пасля сваёй заявы сарваў сапраўдныя авацыі: «Давайце ўвядзем плату ў памеры 5 тысяч рублёў за наведванне паліклінікі. Нават калі памножыць 5 тысяч рублёў на сярэдні паказчык па колькасці наведванняў, то за год выйдзе невялікая сума. Затое кагосьці нават такая сімвалічная плата, магчыма, прымусіць задумацца: а ці сапраўды трэба звяртацца ў паліклініку?»— прапанаваў Тозік.

Дзякуй Богу, гэтая заява выклікала бурную рэакцыю грамадзянаў, і на ўваходзе ў паліклінікі не ўзнікла чэргаў у акенца для аплаты. І будачкі для аплаты наведвання паліклінікі, як у грамадскіх прыбіральнях, на ўваходах у паліклінікі не з’явілася.

Але Тозік дбаў не толькі пра ахову здароўя. Ён яшчэ вельмі дасведчаны чалавек у адукацыі. Меркаванне Тозіка па гэтай праблеме таксама выклікала шмат эмоцыяў. У свой час ён прапанаваў размяркоўваць студэнтаў на працу ўжо на 4-м курсе вну. На яго думку, гэта будзе мэтазгодна, «бо чым раней мы нацэлім студэнта на прафесійную дзейнасць, тым хутчэй ён у яе увальецца і зможа зарабляць».

Увогуле, спадар Тозік — яскравы прыхільнік дарвінізму і натуральнага адбору, асабліва ў галіне адукацыі. У 2012 годзе ён выступіў адразу з некалькімі ініцыятывамі рэформы паступлення ў вну. «Адзіным крытэрам паступлення павінны быць мазгі», - сказаў ён. «Тым, каму трэба дапамагчы, калі гэта таленавіты чалавек, але яму цяжка ў сілу шэрагу прычын, дапамога будзе аказана пасля загаду аб залічэнні», - дадаў віцэ-прэм'ер.

Акрамя таго, паводле яго слоў, мяркуецца ўсталяваць мінімальны парог набраных абітурыентам балаў, «ніжэй якога няма чаго рабіць у навучальнай установе».

Тозік дадаў, што «мы будзем думаць і аб натуральным скарачэнні паступаюць у вну». «Калі я вучыўся ў БНТУ, ва ўніверсітэце было 19 тыс. студэнтаў, зараз іх тут 30 тыс., і кіраўніцтва навучальнай установы запэўнівае мяне, што гэтага мала. А 25% выпускнікоў ВНУ не працуе па спецыяльнасці», — узгадаў ён.

Тут ёсць адзін цікавы факт. Біяграфія спадара Тозіка не налічвае такога пункту, як навучанне ў БНТУ. Згодна даведніку «Хто ёсць хто ў Беларусі» і афіцыйнаму сайту ўрада з ягонай біяграфіяй, Анатоль Афанасьевіч Тозік скончыў школу з залатым медалём, у 1971 годзе — з адзнакай гістарычны факультэт БДУ, там жа аспірантуру. Выкладаў ва ўніверсітэце, а з 1979 года працаваў у органах дзяржбяспекі.

А каб дзеці былі мацнейшымі пры «натуральным адборы», Тозік прапанаваў у чарговы раз рэфармаваць і сярэднюю школу. «Беларускіх дзяцей трэба рэальна загрузіць», заявіў Тозік на сумесным пасяджэнні Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці і Камісіі па справах непаўналетніх пры Савеце міністраў, якое прайшло 14 снежня 2011 года.

На думку Тозіка, размовы аб перагрузцы дзяцей у школах не адпавядаюць рэчаіснасці. У якасці прыкладу ён прывёў досвед Кітая, з якім азнаёміўся ў рангу пасла Беларусі ў КНР: «Заняткі пачынаюцца а 8-й раніцы і доўжацца да 16 гадзін у малодшых школьнікаў, да 22 гадзін — у старшакласнікаў. У выхадныя дні школьнікаў не ўбачыш бадзяючыхся па вуліцах — яны наведваюць дадатковыя заняткі», — казаў Тозік.

Школы ў казармы, таксама, дзякуй богу, не пераўтварылі. Аднак і на гэтым імпэт Тозіка не знізіўся, бо яго прызначылі кіраўніком Беларускай федэрацыі плавання. І тут Тозік даў заданне: усе навучэнцы агульнаадукацыйных школ Беларусі да чацвёртага класа павінны навучыцца плаваць. Рашэнне задачы па «ўсеагульнаму навучанню плаванню» павінна ўвайсці ў праграму развіцця гэтага спорту да 2016 года. Праўда, хто і дзе будзе вучыць дзяцей плаванню, невядома.

Чым яшчэ адзначыўся Тозік? Гэбэшнае мінулае нагадвае аб сабе: Тозік лічыць, што ўсе без выключэння грамадзяне Беларусі павінны кожны год даваць справаздачу аб заробках і аб тратах. На ягоную думку, ў краіне занадта вялікі ценявы сектар эканомікі, работнікі якога не плацяць падаткі, і, тым самым, павялічваюць нагрузку на добрасумленных грамадзян.

Тозік таксама выказаўся за павышэнне пенсійнага ўзросту: "Лічу, што нам трэба думаць аб павышэнні пенсійнага ўзросту, але так, каб чалавек сам бы быў зацікаўлены ў гэтым, і пенсія была б вышэй», — лічыць ён.

І самая фішка Тозіка: стварыць у Беларусі культ сям’і. "Дом, сям'я, дзеці — гэта стваральная сіла ў жыцці кожнага чалавека. Дзеля гэтага мы жывем, працуем, творым. Калі ёсць сям’я — ты патрэбен, а гэта адчуванне незаменна кожнаму. Мы перакананыя ў неабходнасці павышэння прэстыжнасці і ўмацавання сямейнага ладу жыцця, прасцей кажучы, неабходнасці стварэння культу сям'і ў Беларусі. У нашай краіне надаецца вялікая ўвага падтрымцы сям'і. І мы ўжо бачым вынікі ", — сказаў Анатоль Тозік.

Не ведаю, якія вынікі бачыць Тозік. Але нават Белстат кажа, што у 2012 годзе колькасць заключаных шлюбаў зменшылася на 12,1% у параўнанні з 2011 годам. У той час як колькасць разводаў павялічылася на 1,2%. У 2012 годзе ў Беларусі было заключана 76.245 шлюбаў, а зарэгістравана разводаў — 39.034.

Канешне, добра, калі віцэ-прэм’ер — чалавек вясёлы. Але калі гэтая весялосць даходзіць да такога гэта ўжо не так цікава. Асабліва, калі такі чалавек займае адказную дзяржаўную пасаду. Заўсёды застаецца пытанне: а раптам гэтая крэатыўнасць будзе ўспрынятая як сігнал для дзеяння? А то, глядзіш, і Беларусь ператворыцца ў краіну шарыяту ці дамастрою. Не, віцэ-прэм’ерам, трэба ўсё ж менш жартаваць.

Каментаваць