За чый кошт гэты банкет?

Падобна на тое, што яўка на выбарчыя ўчасткі сапраўды вельмі непакоіць уладу. Яна не ўпэўненая, што людзі пойдуць галасаваць нават пад прымусам. Таму выдумляе нейкія пернікі. І такія пернікі, што хочацца запытацца: «А за чый кошт гэты банкет?»

У мяне на пад’ездзе побач з плакатам, які нагадвае пра тое, што 11 кастрычніка адбудуцца выбары прэзідэнта, з’явілася ўлётка з абяцанкамі таго, што мы можам атрымаць на выбарчым участку. Пра тое, што мы атрымаем бюлетэнь для галасавання ў ёй — ані слова. Ці прагаласуеце вы, і як вы прагаласуеце — вашая справа.

Нам абяцаюць на выбарчым участку «цёплую, святочную атмасферу». «Падрыхтаваная цікавая праграма з удзелам творчых калектываў і салістаў беларускай эстрады. Пройдуць культурна-забаўляльныя мерапрыемствы, конкурсы і віктарыны. Для аматараў актыўнага ладу жыцця арганізатары падрыхтавалі вясёлыя спартовыя спаборніцтвы. Будуць працаваць выстаўкі дэкаратыўна-прыкладной творчасці і майстар-класы», — абяцаюць аўтары ўлёткі.

Улічваючы, што бліжэйшы да мяне ўчастак для галасавання знаходзіцца ў школе, я сур’езна непакоюся, што пасля выбараў маяму дзіцю будзе дзе вучыцца. Будынак установы адукацыі, калі ўсё гэта ў яго змясціць, проста разваліцца па кавалачках.

Цікава будзе паглядзець, ці будуць гэтыя мерапрыемствы тэматычнымі. Напрыклад, для аматараў спорта — «Скокі з вынасной урнай». Для аматараў матэматыкі: «Падлічы сапраўдную яўку», альбо «Правільна размяркуй галасы». Можна абвесціць віктарыну «Назаві імя наступнага прэзідэнта», але, баюся, гэта вельмі просты і прадказальны конкурс.

Але ўсё гэта — толькі спроба бавіць час без усялякай карысці. Карысць абяцаецца ў другім раздзеле гэтай улёткі.

Найперш, «кожны соты выбаршчык атрымае квіток на адно з культурных мерапрыемстваў, якія пройдуць на тэрыторыі Цэнтральнага раёна». Я нават уяўляю, што гэта будуць за квіткі. Альбо на хакейны матч каманды кіраўніка дзяржавы, альбо на прагляд фільму «Мы, браты…», які гледачамі проста праігнараваны.

Абяцаюць, што будзе арганізаваная «праца выяздных буфетаў, дзе вас чакае шмат сюрпрызаў, а менавіта:

  • Кожнаму, хто галасуе ўпершыню — падарунак;
  • Першым пакупнікам — бонусы і падарункі;
  • Сюрпрызы дзецям;
  • Правядзенне дэгустацый прадукцыі айчынных вытворцаў і блюдаў беларускай нацыянальнай кухні».

Не, канешне ж, трэба разгрузіць склады айчынных вытворцаў. Таму я цалкам «за» дэгустацыю і нацыянальную кухню. Але ж кіраўнік дзяржавы загадаў усё прадаваць, а не раздаваць «за так». Праўда, казаў ён гэта ў дачыненні да замежнікаў. Але, тым не менш, хто пакрые «дэгустацыйныя страты» айчынных вытворцаў?

І чаму тым, хто галасуе ўпершыню, падарункі будуць ввыдавацца ў выязных буфетах? Можа, там ім будуць сто грамаў наліваць у якасці антышокавага сродка ад першага наведавання беларускіх выбараў?

Праўда, «сотка» у праграме дэгустацыяў не прадугледжана. Усё распісана па хвілінах. З 8.00 да 10.00 — кандытарскія вырабы, з 10 да 12 — мяса і сыры, з 12 да 14 — сокі, нектары і прахалоджвальныя напоі (асабліва «прахалоджвальныя», калі ў Мінску ў нядзелю снег абяцаюць), наступныя дзьве гадзіны — кулінарыя, потым — ізноўку кандытарскія вырабы і яшчэ дзьве гадзіны — ізноўку кулінарыя.

Канешне, абяцаюць продаж тавараў і прадукцыі па зніжаных коштах, пашыраную рэалізацыю садавіны і гародніны, хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў, выставу-продаж літаратурных навінак, кніг і друкаваных выданняў.

Не, баюся, школа гэтага не перажыве. Дзеля ўсяго гэтага трэба адкрываць супермаркет.

У дадатак нам абяцаюць акцыі «тавар дня», зніжкі (у які ўжо раз), шанец атрымаць бонусныя карты Гандлёвага дома «На Нямізе» і сеткі крамаў «Суседзі».

Але можна прыйсці на ўчасткак зусім без грошай. Бо абяцаюць «бясплатную гарбату ўсім выбаршчыкам», а прыйшоўшым галасаваць усёй сям’ёй — фота на памяць. Думаю, ад такой «памяці» іх доўга ванітаваць будзе.

Заканчваецца ўлётка словамі: «Прыйдзі і зрабі свой выбар!».

З тэксту гэтай завабілкі вынікае, што выбар мы павінны зрабіць паміж спартовымі гульнямі і салістамі беларускай эстрады. Альбо паміж кілбасой і кандытарскімі вырабамі.

Гэтая ўлётка ніяк не падпісаная. Але, улічваючы, што «сотыя квіткі» будуць выдавацца на забаўляльныя мерапрыемствы Цэнтральнага раёна сталіцы, то арганізатарам шоў нябачнай дагэтуль шчодрасці будзе адміністрацыя Цэнтральнага раёна. Як паведаміў карэспандэнту БелТА 28 верасня гэтага года сакратар Мінскай гарадской камісіі па выбарах прэзідэнта Беларусі Арцём Цуран, у Цэнтральным раёне зарэгістравана 80 тысяч 290 выбаршчыкаў.

Калі ўлічыць кубак «бясплатнай гарбаты» мінімум у пяць тысячаў рублёў, памножыць іх на 80 тысяч выбаршчыкаў, то толькі гэтая гарбатка цягне ажно на чатырыста міліёнаў! 400.000.000 рублёў на бясплатную гарбату!!!

А ёсць жа яшчэ «падарункі першым», «сюрпрызы дзецям», «бясплатнае фота»…

Хто ўсё гэта будзе аплочваць? Можна, канешне, як у фільме «Іван Васіллевіч мяняе прафесію», адказаць выразам Міласлаўскага: «Ва ўсялякім разе, не мы». Аднак на гэты раз такое не пракоціць. Бо бюджэт горада, і, адпаведна, яго раёнаў фармуем якраз мы — сваімі падаткамі. А значыць, мы заплоцім за ўсё: і за салістаў эстрады, і за «бясплатную гарбату» і за фотаздымкі на выбарчым участку.

Цікава, колькі рамонтаў у дварах і пад’ездах можна былоб правесці на гэтыя «выбарчыя» грошы? Толькі за адну «бясплатную гарбату» можна плаціць заробак ў 4 млн. аж 100 дворнікам! Між тым, дворнікі працуюць за тры мільёны… Ці не лепш было б раёну патраціць гэтыя грошы на што-небудзь патрэбнае? Альбо хаця б выдаць прэмію тым жа дворнікам. Тым больш, бясплатную гарбату наўрад ці піць будуць усе, а грошы на яе ўжо выдаткаваныя…

Але для арганізатараў галоўнае не гэта. Галоўнае для іх, каб потым не прыйшоў чалавек, як гэта адбылося ў фільме, і не сказаў: «Войска ўзбунтавалася! Кажуць што цар — ненастаяшчы!». Будзе тады: «Дарагі самадзержац, мы прапалі!».

Вось і пакупаюць нас «бясплатнай гарбатай», якая, калі разабрацца, у суме апынаецца ледзьве не залатой.

Каментаваць