Ідзем туды, дзе нас яшчэ не ведаюць

Аляксандр Лукашэнка прываблівае інвестараў па ўсім свеце. Наведаўшы Інданезію і Сінгапур, ён скіраваўся ў Арабскія Эміраты. І, як звычайна бывае, мы даведаліся пра яшчэ аднаго нашага галоўнага сябра. Па словах Лукашэнкі, менавіта Аб’яднаныя Арабскія Эміраты — галоўны гандлёвы партнёр нашай рэспублікі сярод арабскіх дзяржаў Персідскай затокі.



Па словах Лукашэнкі, у дзвюх краін узаемадапаўняльныя, не канкуруючыя адзін з адным эканомікі. «Мы бачым вялікае поле дзейнасці для нашых кампаній у Эміратах і велізарныя сферы прыкладання для вас у Беларусі. Таму, калі мы тут сустракаемся, калі гэта выгадна і цікава, мы не павінны губляць час, мы павінны супрацоўнічаць», — адзначыў ён.

«Нас задавальняе, што Эміраты ніколі нам не высоўвалі ніякіх папярэдніх умоў для супрацоўніцтва. Тым больш мы не маем намер абумоўліваць наша супрацоўніцтва нейкімі палітычнымі ўмовамі», — заявіў прэзідэнт Беларусі.

Ён падкрэсліў, што імкненне Беларусі развіваць адносіны з ААЭ — свядомы выбар і жаданне будаваць паўнавартаснае ўзаемадзеянне з дружалюбнай дзяржавай. «Мы адчуваем аналагічны падыход і з эмірацкага боку», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Пра што-што, а пра эканамічнае супрацоўніцтва лепш бы прэзідэнт Беларусі памаўчаў. Гэта ўжо не першы візіт Лукашэнкі ў Эміраты: ён там быў у 2000 і 2007 гадах. Але, як кажа міжнародны аглядальнік Андрэй Фёдараў, з ААЭ мы спрабуем наладзіць узаемавыгаднае супрацоўніцтва гадоў пятнаццаць, але нашы жаданні не супадаюць з нашымі магчымасцямі. Бо ў нас амаль няма таго, чым могуць зацікавіцца Эміраты. Ім не патрэбныя нашы МАЗы і наша сельскагаспадарчая тэхніка, бо яна проста не «заточаная» пад умовы сельскай гаспадаркі рэгіёна.

У мінулым годзе аб’ём тавараабароту Беларусі і ААЭ склаў каля 40 мільёнаў долараў. Экспарт перавысіў імпарт амаль на 4 мільёны долараў. У Беларусі працуе 14 прадпрыемстваў з арабскім капіталам. Наш экспарт уключае прадукцыю машынабудавання, нафтапрадукты, падшыпнікі, шыны, шкловалакно. У Мінску лічаць, што існуе магчымасць далейшага прасоўвання аўтамабільнай тэхнікі, абсталявання для нафтахімічнай галіны, а таксама мэблі, шклотканін для экспарту ў іншыя краіны Азіі і Афрыкі праз свабодныя зоны ААЭ.

Шмат мы атрымліваем з Эміратаў ці не? У 2007 годзе агульны тавараабарот складаў крыху больш за 26 мільёнаў долараў. 15 мільёнаў долараў падвышэння за пяць гадоў — гэта вельмі нязначны паказчык. І паказвае ён тое, што Арабскія Эміраты не вельмі зацікаўленыя ў беларускай прадукцыі.

На тэрыторыі ААЭ дзейнічае толькі адно прадпрыемства з удзелам беларускага суб’екта гаспадарання ЗАТ «Белтэхэкспарт» — «Белтэх Экспарт ФЗЕ». Яно зарэгістравана ў 2003 годзе ў свабоднай эканамічнай зоне эмірата Рас-эль-Хайма. У іншай СЭЗ аэрапорта Шарджа ў 2008 годзе зарэгістраваны філіял дзяржаўнага прадпрыемства «Авіякампанія «Трансавіяэкспарт». Вось і ўсё, што ў нас ёсць у Эміратах.

Але крышачку больш мы разлічваем атрымаць, хутчэй, у палітычным плане. Як казаў у Эміратах прэзідэнт: «Мы нацэленыя на паступальны выхад нашых адносін на якасна новы ўзровень узаемадзеяння, які ахоплівае ўсе ключавыя напрамкі ў галіне палітыкі і эканомікі».

Што тычыцца палітыкі, дык ці варта спадзявацца на тое, што ААЭ будуць падтрымліваць Беларусь недзе ў ААН? Наўрад ці, тым больш, што мы самі не выконваем шмат якія рашэнні, напрыклад, Камітэта па правах чалавека ААН, і даўно пляваць хацелі на рашэнні гэтай арганізацыі. Ці можа паўплываць ААЭ на еўрапейскую палітыку альбо палітыку ЗША ў дачыненні да Беларусі? Вельмі сумнеўна. Дык пра якую ж палітычную падтрымку кажа Аляксандр Лукашэнка?

Палітычная падтрымка можа быць толькі адна: аўтарытэт ААЭ у краінах, блізкіх да Персідскай затокі. Той, хто шчыльна сябруе з ААЭ, атрымлівае там нейкі «крэдыт даверу», то бок, з ім, прынамсі, будуць размаўляць. І не ААЭ, а вось гэтым краінам, праз пасярэдніцтва ААЭ, мы можам нешта «ўцюхаць», бо нас яны яшчэ слаба ведаюць альбо не ведаюць увогуле. ААЭ — гэта выхад на Кувейт, Аман, Йемен, і ў перспектыве — на ўсю Паўночную Афрыку.

А тое, што тычыцца фінансавых перспектыў, то афіцыйнаму Мінску ёсць што прадаць. Праўда, гэта не тычыцца продажу там, гэта тычыцца продажу тут.

Напрыклад, у 2010 годзе была заключана дамова з Султанатам Аман на будаўніцтва ў цэнтры Мінска шматфункцыянальнага гатэльнага комплексу. У складзе комплексу ў самым цэнтры Мінска павінны былі паўстаць пяцізоркавы гатэль, элітныя жылыя дамы і гандлёвыя комплексы з харчовымі і нехарчовымі крамамі. Чакалася, што рэалізацыя праекта пачнецца ўжо ў 2011 годзе, а завершыцца да 2016 года. Агульны аб’ём інвестыцый ацэньваўся ў 150 мільёнаў долараў.

Згодна з указам беларускага прэзідэнта №93 ад 1 сакавіка 2010 года, Дзяржаўны генеральны рэзервовы фонд Амана ў асобе створанага ім у Беларусі ЗТАА «Арол Пропетыз чатыры» атрымаў за 10 мільёнаў долараў у прыватную ўласнасць участак у Мінску. Адначасова з зямлёй ва ўласнасць «Арол Пропетыз чатыры» бязвыплатна перайшлі «Нацыянальны выставачны цэнтр» БелЭкспа», які месціцца на вуліцы Янкі Купалы, 2-я гарадская клінічная бальніца па вуліцы Багдановіча і некаторыя іншыя будынкі.

Аднак Дзяржаўны рэзервовы фонд Султаната Аман у сярэдзіне 2012 года адмовіўся ад рэалізацыі гэтага інвестпраекта. Вінаватым у гэтым стаў валютны і фінансавы крызіс 2011 года, пасля чаго аманскі інвестар палічыў праект «нерэнтабельным». Месца Амана ў цэнтры Мінска аказалася вакантным, а 10 мільёнаў долараў, выплачаных за зямлю, інвестарам так і не вярнулі.

Менавіта «маральна-палітычная» падтрымка ААЭ можа даць старт гэтаму і іншым інвестпраектам. А там, можа, і іншы крызіс, які будзе, які дазволіць не вяртаць грошы, ужо ўкладзеныя ў першую частку праекта.

Каментаваць